28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукам бясплатна раздаюць пітную ваду

8
Менчукам бясплатна раздаюць пітную ваду

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа праводзіць акцыю раздачы пітной вады і першай дапамогі пры цеплавым ўдары.

Як паведаміў галоўны спецыяліст падрыхтоўкі рэагавання на надзвычайныя сітуацыі БТЧК Зміцер Русакоў, у Менску работа валанцёраў сканцэнтраваная на плошчы Якуба Коласа і ў ваколіцах. «Тут самы вялікі аб'ём людзей; размешчаны рынак, офісныя будынкі, прыпынкі грамадскага транспарту», - растлумачыў ён, паведамляе БелаПАН.

Ваду для акцыі прадастаўляе ЗП «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь». Як сказаў прадстаўнік БТЧК, на першым этапе кампаніяй было дадзена блізу чатырох тон вады: дзве тоны накіраваныя ў Менск, яшчэ па адной - у Гомель і Лунінец (Берасцейская вобласць) для правядзення аналагічных акцый. Амаль за два дні акцыі ў Менску валанцёры напаілі вадой блізу 2,5 тысяч чалавек. Заўтра Чырвоны Крыж чакае пастаўку ў сталіцу яшчэ трох тон вады, адзначыў Русакоў.

З ягоных слоў, разам з вадой менчукі таксама могуць атрымаць у валанцёраў першую дапамогу ў выпадку цеплавога ўдару і памятку бяспечных паводзінаў у спякоту, распрацаваную БТЧК сумесна з Менскім гарадскім упраўленнем МНС. «З цеплавымі ўдарамі да нас не звярталіся, проста людзям вельмі горача, цяжка ісці. Каб быў цеплавой ўдар і мы выклікалі хуткую дапамогу, такога, на шчасце, яшчэ не было», - сказаў прадстаўнік БТЧК.

На выходных валанцёры надалей будуць працаваць у раёне плошчы Якуба Коласа. Акрамя таго, па горадзе будуць курсіраваць чатыры мабільныя групы валанцёраў, якія будуць раздаваць ваду ў спальных раёнах сталіцы і на гарадскіх пляжах.

Акцыя БТЧК будзе доўжыцца да 10 жніўня.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках