4 траўня 2024, Субота, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэсантнік з Мікалаева: У тых, што пабылі ў Данбасе, знікла паняцце «расейскі брат» (Відэа)

25

Нават этнічныя расейцы ва Украіне змянілі стаўленне да ўсходняга суседа.

Пра гэта заявіў намеснік камандзіра першага батальёна ў працы з асабістым складам 79-й аэрамабільнай брыгады, маёр Яраслаў Калашнік, паведамляе выданне РІА «Мелітопаль».

З ягоных слоў, яго падраздзяленне дыслакавалася літаральна ў некалькіх кіламетрах ад расейскай мяжы ў раёне населеных пунктаў Марынаўкі, Змітраўкі, Дзьякава. У задачы батальёна ўваходзіла трымаць вышыні і не даць пракрасціся з боку Расейскай Федэрацыі ва Украіну танкам і іншай ўзброенай тэхніцы. А тэхніка, кажа баявы маёр, з боку Расеі ўжо ідзе не хаваючыся. Вайсковец адзначае, што «нашы браты славяне» не выканалі дамоўленасцей і адкрылі агонь па калідоры, якім выводзілі з акружэння параненых.

- Людзей было вельмі шмат, і ў адным месцы, калі мы пачалі збіраць параненых, з дапамогай навядзення карэктыроўшчыка яны адкрылі агонь. Гэта значыць, там ніхто не глядзіць на тое, брат ты ці не брат. У нас многія хлопцы, якія пабывалі ў баявых сутычках праціўнікам, ужо не ведаюць, што такое ў расейцаў брат, на жаль. Хоць большасць з нашых ваеўнікоў расейцы, як гэта не парадаксальна, - кажа Яраслаў Калашнік. - У хлопцаў пачынае выпрацоўвацца негатыўнае стаўленне да расейцаў, бо ім нельга верыць. Яны абяцаюць не абстрэльваць, а самі закідаюць нас «Градамі». І самае горшае, гэта тое, што мы не маглі адказаць, бо не было загаду ваяваць з Расеяй.

Разам з тым, са слоў Яраслава Калашніка, вайна, якая ідзе сёння на ўсходзе Украіны, вельмі нагадвае падзеі Вялікай Айчыннай.

- Прывяду прыклад аднаго з баёў. З таго боку ідуць 3-4 танкі, затым у аўтобусе «Газель» падвозяць сепаратыстаў, яны ідуць побач з танкамі, а з расейскага боку б'е артылерыя. Адзінае чаго не хапае, так гэта расейскай авіяцыі. А так карціна з дакладнасцю, як паказваюць у фільмах пра Вялікую Айчынную вайну, толькі там немцаў з грузавікоў выгружалі. І ў гэтым няроўным баі мы выстаялі. Падбілі 2 танкі, яшчэ два адышлі, многа было з іх боку параненых і забітых. Пасля гэтага расейцы запытваюць «зялёны калідор». Яны вылічаюць нашыя частоты і спакойна вядуць з намі перамовы, просяць, каб мы далі ім магчымасць забраць сваіх параненых і сысці. Нашы хлопцы ідуць ім на сустрэчу. Крыўдна, што потым, калі ў іх не атрымліваецца захапіць «вышыні», яны па 2-3, а бывала і да тыдня бамбяць нашы пазіцыі аднымі «Градамі». Таму ў некаторых нашых хлопцаў з псіхікай, можа, цяпер не надта добра, - распавядае баявы афіцэр.

Паводле назіранняў Яраслава Калашніка ў вайне на ўсходзе Украіны, самым страшным з'яўляецца ўдар артылерыі.

- Ёсць такая прымаўка - артылерысты - гэта Багі вайны. Я ў пачатку сам не разумеў гэтага, а цяпер разумею, што сучасная артылерыя - «Смерчы», «Грады», «Ураганы» - гэта вельмі магутная зброя. І да таго часу, пакуль Расейская Федэрацыя будзе дапамагаць артылерыяй ДНР і ЛНР, у нас будуць вялікія праблемы, і людзі будуць гінуць, - заявіў Калашнік.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках