28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АМАПаўцы: «Мы - адзіны народ у Еўропе, які не размаўляе на сваёй мове»

19

У сталіцы ўпершыню прайшла велаэкскурсія «Як гандлявалі ў Менску», але пачалася яна з высвятлення асобы.

Экскурсія яшчэ не паспявае пачацца, а да яе арганізатара Рамана Абрамчука ўжо падыходзяць двое АМАПаўцаў. Пытанні звыклыя: ці дазволенае мерапрыемства, ці ўзгодненае з гарадскімі ўладамі, піша «Наша Нiва».

Але Раман спакойна дастае патрэбныя дакументы. Каб праводзіць экскурсіі, ён зарэгістраваўся як ІП. А ў Менгарвыканкаме і Міністэрстве спорту і турызму яму паведамілі: экскурсійны маршрут не патрабуе абавязковага ўзгаднення.

«Колькі чалавек звычайна прыходзіць на экскурсію?» - пытаюцца ў Абрамчука.

«Блізу пятнаццаці», - адказвае той.

«Блізу пятнаццаці тысяч?» - удакладняюць праваахоўнікі.

Але напрыканцы АМАПаўцы нечакана просяць прабачэння за пільнасць. «Вы не падумайце нічога такога. Гэта нашая праца». І дадаюць: «Гісторыя - гэта добра. Мы - адзіны народ у Еўропе, які не ведае сваю гісторыю і не размаўляе на сваёй мове».

Падарожжа ў даўніну пачынае Валянціна Кароткіна. Яна прафесійны экскурсавод, возіць групы як па Беларусі, так і за мяжой. Ідэя экскурсіі «Як гандлявалі ў Менску» нарадзілася некалькі гадоў таму. Спачатку яе праводзілі як пешаходную.

Цяпер аб'яднанне «Менскі велашпацыр» упершыню прапанавала турыстам сесці на ровар.

Хоць «пакуль велаэкскусіі - гэта экзотыка», - прызнаецца Валянціна.

Кароткіна кажа гучна і ўпэўнена, без мікрафона. Яе калега жартуе: «Калі Валянціна вядзе экскурсію ў Нясвіжы, яе чуваць у Міры». Неўзабаве пераконваешся ў праўдзе ягоных слоў.

Калі група заязджае ў адзін з менскіх двароў, з акна нечакана раздаецца злосны голас: «Дзяўчына, кажаце цішэй. Вы мне перакрываеце тэлевізар».

Маршрут велаэкскурсіі доўжыцца амаль тры гадзіны. За гэты час вандроўнікі аб'язджаюць 17 пунктаў на менскай гістарычнай карце.

Ніжні рынак (які размяшчаўся на цяперашняй плошчы 8 Сакавіка), Рыбны рынак (цягнуўся ўздоўж сучаснай вуліцы Няміга, пад якой працякала аднайменная рака), галоўны вінны склад сталіцы, які належаў братам Хаецкіным (вуліца Камсамольская, 7), Траецкі базар (цяпер на яго месцы пабудаваная Опера).

Цікавых фактаў мноства. Напрыклад, першая ўніверсальная крама - зусім не савецкае вынаходніцтва. Яшчэ да рэвалюцыі ў Менску існаваў «Дом Баршча», дзе меліся сем аддзелаў (ад мужчынскага і жаночага адзення да аддзела парасонаў).

Там, дзе цяпер размяшчаецца тралейбуснае дэпо (паміж праспектам Машэрава і Чырвонай), раней знаходзіўся конскі рынак. Дарэчы, як сцвярджае экскурсавод, правільна было б казаць не «Чырвоная», а Красная. Бо (як і ў выпадку з гістарычнымі плошчамі з такой назвай у Маскве, Ветцы і Будславе) гэта азначае «прыгожая, выдатная».

Ініцыятыва «Еўраопта», які прывозіць заказаныя прадукты дадому, таксама не піянерская. Раней такую паслугу прапаноўвала крама, якая знаходзілася ў доме «пад шпілем» (цяпер там размяшчаецца фірмовая крама «Камунаркі»). Праўда, яна была даступная толькі для вайсковай эліты, якая жыла па суседстве.

Там, дзе цяпер балюе рэстарацыя «Журавінка», доўгі час знаходзіўся малочны рынак. А побач з ім - прыстань (прычым, прыкладна з XI стагоддзя). Менавіта там спыняліся караблі, якія прывозілі свае тавары ў Менск.

Чаму знікла прыстань? Валянціна кажа, што прыкладна да пачатку 1920-х беларускія рэкі былі куды больш паўнаводныя, чым цяпер. Потым яны з невядомых прычын абмялелі.

Пры жаданні факты, якія падае экскурсавод, можна знайсці ў акадэмічных выданнях гісторыі. Але тут відаць вельмі пазітыўная тэндэнцыя: працы, напісаныя некалькі дзесяцігоддзяў таму для вузкай аўдыторыі, паступова становяцца здабыткам менчукоў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках