28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Бандарэнка асуджаны да трох гадоў калоніі

4
Андрэй Бандарэнка асуджаны да трох гадоў калоніі

Былы дырэктар «Платформы інавэйшн» прызнаны вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства.

Суд Кастрычніцкага раёна Менску прызначыў Андрэю Бандарэнку пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але за кошт амністыі тэрмін быў скарочаны да трох гадоў, піша БелаПАН.

Бандарэнка прызнаны вінаватым ва ўчыненні хуліганства, злоснага хуліганства і асабліва злоснага хуліганства (часткі 1,2 і 3 артыкула 339 КК). Прысуд абвясціла 12 жніўня суддзя суда Кастрычніцкага раёна Менска Ала Абакунчык.

Выступаючы 7 жніўня ў судовых спрэчках, дзяржаўны абвінаваўца, намеснік пракурора Кастрычніцкага раёна Аляксандр Бароўскі, папрасіў суд прысудзіць абвінавачванага да пяці гадоў пазбаўлення волі: шэсць гадоў за сукупнасць злачынстваў мінус адзін год паводле амністыі. Бароўскі прыняў віну праваабаронцы за цалкам даведзеную.

Са свайго боку абаронца Дар'я Ліпкіна прасіла суд перакваліфікаваць абвінавачванне на частку 1 артыкула 9.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання). На думку адвакаткі, пяць гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, якія запытаў для абвінавачанага пракурор, - празмерна жорсткае пакаранне ў дачыненні да Бандарэнкі.

Андрэю Бандарэнку ставіліся ў віну тры эпізоды ўчынення злачынстваў.

Першы - інцыдэнт, які адбыўся 5 лютага з удзелам Артура Яворскага каля кавярні «Старажытная легенда» на вуліцы Чкалава. Паводле вэрсіі следства, Бандарэнка нанёс пацярпеламу, які папрасіў закурыць, як мінімум адзін удар у твар, прычыніўшы лёгкія цялесныя пашкоджанні (ч.1 арт.339 КК). Абвінавачаны сцвярджае, што Яворскі абразіў яго, калі ён даваў яму цыгарэту, таму ён, спрабуючы сысці, адштурхнуў хлопца, і выпадкова ўдарыў у твар.

У гэтым эпізодзе сведкай праходзіла «Аліса Дурманава» - жанчына пад выдуманым імем, да якой следства ўжыла захады абароны, баючыся за яе жыццё і здароўе. Сведчанні ў судзе невядомая жанчына давала без візуальнага кантакту з удзельнікамі працэсу. Яна сцвярджала, што стала сведкай канфлікту і заявіла пра яго ў міліцыю, апазнаўшы Бандарэнку.

Другі эпізод - сварка, якая адбылася ўначы 27 сакавіка ў пад'ездзе дома на вуліцы Чкалава, дзе жыве Бандарэнка. Гаворка ідзе пра канфлікт з суседкай Таццянай Радзівон. Следства сцвярджае, што Бандарэнка ўдарыў Радзівон звязкам ключоў у якасці прылады злачынства, таму гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч.3 арт.339 КК. Абвінавачаны выкарыстанне ключоў адмаўляе. Пры гэтым Бандарэнка сцвярджае, што спрабаваў адштурхнуць Радзівон, калі тая схапіла яго зубамі за палец і ўтрымлівала ў такім становішчы, і ён мог нанесці цялесныя пашкоджанні Радзівон замком на рукаве курткі, спрабуючы вызваліцца. Экспэртыза не выявіла генетычных слядоў пацярпелай на звязку ключоў ад кватэры праваабаронцы, а прызначыць даследаванне ягонай курткі і замкоў суд адмовіўся.

Трэці эпізод - падзеі ночы 27 сакавіка ў Кастрычніцкім РУУС Менска, дзе Бандарэнка нагой спачатку выбіў тэлефон з рук Радзівон, якая фатаграфавала яго, як ён сядзеў з заплюшчанымі вачыма, а затым таксама нагой выцяў у твар маці Радзівон Наталлю Травульку (ч.2 арт.339 КК). Сам праваабаронца свае дзеянні на судзе апраўдваў тым, што кагосьці набліжанага ён успрыняў як Радзівон, якая спрабуе яго зноў сфатаграфаваць. Цялесныя пашкоджанні пацярпелым таксама кваліфікаваныя як лёгкія, што не пацягнулі кароткачасовага разладу здароўя.

Ва ўсіх выпадках Андрэй Бандарэнка быў падпіты і, як сцвярджае следства, дзейнічаў з хуліганскіх памкненняў і з асаблівым цынізмам.

Абвінавачаны і ягоны абаронца не згодныя з такой кваліфікацыяй дзеянняў праваабаронцы. Сам Бандарэнка на судзе некалькі разоў прасіў прабачэння ў пацярпелых, прызнаваў сваю віну ў другім і трэцім эпізодзе, выказваў ахвоту сплаціць маральную і матэрыяльную шкоду Радзівон і Травульцы. Яны ж ніякіх пазоваў не заяўлялі, але казалі, што не маюць мэты ізаляваць Бандарэнку ад грамадства.

Андрэй Бандарэнка быў затрыманы 1 красавіка і з тых часоў знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 МУС.

Фота: «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках