19 траўня 2024, Нядзеля, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік «Газпром-Медыя» публічна раскрытыкаваў «Эхо Москвы»

6
Кіраўнік «Газпром-Медыя» публічна раскрытыкаваў «Эхо Москвы»

Старшыня ўправы «Газпром-Медыя» Міхаіл Лесін публічна раскрытыкаваў рэдакцыйную палітыку радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Але прызнаў, што мае магчымасць ускосна на яе ўплываць.

У інтэрв'ю Forbes кіраўнік медыяхолдынга таксама зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў прапаноўваў выкупіць радыёстанцыю, і заявіў, што «Газпром-Медыя» не збіраецца «прадаваць гэты рэсурс», піша РБК.

«Мы часта маем стасункі са спадаром Венядзіктавым, і ў нас вельмі шмат рознагалоссяў. Я незадаволены рэдакцыйнай палітыкай «Эхо Москвы», і Венядзіктаў ведае пра гэта. Мы тысячу год ведаем адзін аднаго, таму ў нас няма нейкіх такіх танцаў вакол гэтага», - распавёў Лесін.

Адказваючы на пытанне пра тое, якія ў яго ёсць прэтэнзіі да радыёстанцыі, кіраўнік «Газпром-Медыя» сказаў, што «лібэральная група вельмі часта пераходзіць межы дазволенага».

«Калі вы лібералы і вам не падабаецца, як хтосьці паводзіцца, навошта вы самі так робіце? Навошта вы хаміце ў эфіры? Навошта вы даяце азначэнні, пакепліваеце, гігікаеце?» - абурыўся кіраўнік холдынгу.

«Нягледзячы на тое, што Венядзіктаў дэкларуе, што «Эхо Москвы» - гэта пляцоўка і не больш за тое, гэта ўсё роўна нейкі кіраваны працэс. І мяне здзіўляе, чаму ў нейкай перадачы вядоўца прамаўчаў, не даў каментар іншага боку, чаму ён не спыніў гэтую плынь бруду і дзіўную плынь свядомасці», - дадаў ён.

Са слоў Лесіна, юрыдычна ён не можа ўплываць на рэдакцыйную палітыку «Эхо Москвы». «Але мяне чуюць, і шмат чуюць. Несумненна, мне гэта каштуе нейкіх намаганняў, таму што гэта заўсёды працэс пераканання», - растлумачыў кіраўнік «Газпром-Медыя».

Ён таксама зняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што Венядзіктаў прапаноўваў выкупіць радыёстанцыю. «Не было такой прапановы. Адзінае, што адпавядае рэчаіснасці, што Венядзіктаў як чалец рады дырэктараў «Эхо» прапанаваў правесці ацэнку акцый радыёстанцыі», - сказаў Лесін.

«У якіх мэтах ён хоча правесці гэтую ацэнку, ён не агучыў. Публічна потым агучыў і падаў як нейкі подзвіг. Але неяк вяла. Там не прагучала: вось я прапанаваў, а мне адмовілі. Рада дырэктараў пры гэтым ацэнку правесці пагадзілася, яна зробленая, і ўсе чальцы рады яе атрымаюць. Агучваць я яе не буду, гэта камерцыйная таямніца. Магу сказаць толькі, што мы не маем намеру якім-небудзь чынам прадаваць гэты рэсурс», - заявіў ён.

Лесін дадаў, што пакет акцый «Эхо Москвы», які належыць журналістам радыёстанцыі - гэта «таксама нейкая выдумка». «Пакет акцый належыць амерыканскай камерцыйнай кампаніі. Там ёсць частка пакета, якая належыць Уладзіміру Гусінскаму, частка пакета належыць Венядзіктаву, частка нейкім яшчэ прыватным асобам. Вы так лёгка кідаеце - а вось акцыі журналістаў збіраецеся выкупляць? Гэта вельмі сур'ёзная дэфініцыя, за якой ківок на нейкі палітычны працэс. Але для нас гэта бізнэс-працэс», - адзначыў кіраўнік холдынгу.

Да рэдакцыйнай палітыкі НТВ у старшыні ўправы «Газпром-Медыя» прэтэнзій няма. «Ёсць фарматы адназначныя і неадназначныя, а ёсць нейкая палітыка кіраўніка СМІ, ён яе рэалізуе, ёсць бізнэс-задачы - ён іх таксама рэалізуе. У цэлым мяне іх рэдакцыйная палітыка задавальняе - даходы ёсць, маржынальнасць ёсць», - растлумачыў Лесін.

У пачатку 2014 года на «Эхо Москвы» змяніўся генеральны дырэктар. Гэтую пасаду замест Юрыя Федуцінава, які прапрацаваў на радыёстанцыі 20 гадоў, заняла Кацярына Паўлава, прапанаваная «Газпром-Медыя». Пасля гэтага Венядзіктаў напісаў ліст Уладзіміру Пуціну, у якім выказаў асцярогі за лёс свабоды слова, а ў розных СМІ з'явіліся чуткі пра тое, што рада дырэктараў «Эхо Москвы» не падтрымае меркаванне журналістаў і вылучыць свайго кандыдата на пасаду галоўнага рэдактара.

Аднак гэтага не адбылося, і ў пачатку ліпеня Венядзіктаў падпісаў з «Эхом Москвы» новую працоўную дамову. Раней ён быў пераабраны галоўным рэдактарам тэрмінам на пяць гадоў.

Паводле статуту ЗАТ «Эхо Москвы», галоўнага рэдактара абіраюць журналісты, а затым рада дырэктараў, у якую ўваходзяць тры прадстаўнікі «Газпром-Медыя», адзін незалежны дырэктар і сам Венядзіктаў, зацвярджае кандыдатуру.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках