19 траўня 2024, Нядзеля, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць тысяч жыхароў Варшавы назіралі галоўны зарапад года

3

У Варшаве прайшла «Ноч знічак» пры падтрымцы мясцовых улад, якія згасілі гарадскую ілюмінацыю.

Учора ўночы жыхары Беларусі і ўсёй паўночнай паўкулі Зямлі маглі назіраць галоўны зарапад года Пэрсэіды, мэтэорную плынь, звязаную з сузор'ем Пэрсэя, дзе знаходзіцца пункт вылету знічак. Штогод Зямля праходзіць скрозь пылавы шлейф з касмічнага пылу і ледзяных часцінак, пакінуты камэтай Свіфта-Тутля, якая прайшла блізка да планэты ў 1992 годзе. Хоць гэтая камэта і не пагражае Зямлі, цікава, што яе ядро досыць вялікае, амаль 10 км у дыямэтры, і мяркуецца, што аб'ект гэткага памеру ўпаў на нашу планету 66 мільёнаў гадоў таму і знішчыў дыназаўраў.

Колькасць мэтэораў варыюецца ад года да года: ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў на гадзіну. Усім вядома, што варункі назірання ў вялікіх гарадох абцяжараныя праз моцнае прамысловае і транспартнае засвятленне неба з зямлі, але ў сталіцы суседняй краіны знайшлі развязку гэтай праблемы.

Фота: Філіп Клімашэўскі

Як паведамляе карэспандэнт сайта charter97.org, мінулае начы ў польскай сталіцы чаўплося нешта неймавернае: 6000 гараджан прыйшло на супольныя назіранні зорнага дажджу да планэтарыя Цэнтра навукі «Капернік» на беразе Віслы. Гарадскія ўлады пайшлі на саступкі арганізатарам і згасілі ўсе ліхтары вакол, а таксама вымкнулі ілюмінацыю навакольных будынкаў і нават мастоў, таму варункі назірання былі дастаткова добрыя, не лічачы лёгкай імгі ў небе. Паколькі большасць Пэрсэідаў хуткія ды зыркія, натоўп, лежачы на траве, захоплена крычаў хорам кожныя некалькі хвілін, калі пралятаў чарговы мэтэор. Імпрэзу ладзіў аматар астраноміі Караль Вайтыцкі, папулярызатар навукі ў Польшчы. Дзіўна, як адзіну энтузіясту здалеў ператварыць простыя назірання зорак у сапраўднае відовішча: Вайтыцкі трымаў у руках мікрафон і амаль увесь час забаўляў прысутную грамаду апавяданнямі аб нябесных аб'ектах. Так, сабраным пашчасціла ўбачыць Міжнародную касмічную станцыю, што пралятае над Варшавай, і ўгледзець, як яна «заходзіць» у зямны цень, становячыся рубінава-чырвонай.

На працягу ўсёй ночы працавалі шапікі з ежай і гарачымі напоямі, у будынку планэтарыя працавалі прыбіральні, а з прыстані за мостам ўсю ноч шнуравалі бясплатныя цеплаходы, якія адпраўлялі аматараў астраноміі ў «касмічны рэйс», гадзінны шпацыр па абсалютна цёмнай, з вымкнутым асвятленнем мастоў і берагоў, Вісле.

Пэрсэіды, жнівень 2014, фота — Stephen H.
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках