19 траўня 2024, Нядзеля, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Летні адпачынак: пераладуйце свой мозг

1
Летні адпачынак: пераладуйце свой мозг

У жніўні шмат хто з нас паадрываецца ад працы, каб адправіцца ў адпачынак, зрабіць штосьці дома ці проста пабыць з родзічамі.

Шмат у каго пры гэтым будуць згрызоты сумленне: мы будзем хвалявацца, што працоўная скрынка загачаная лістамі, і часцяком інэрцыйна працягнем прагляд пошты падчас каштоўнага адпачынку, піша Інопресса.

"Асцерагайцеся фальшывага адпачынку, - перасцерагае адпачывальнікаў Дэніэл Лявіцін, дырэктар лабараторыі музычнага ўспрымання, спазнання і экспэртызы канадскага Універсітэта Макгіла, у артыкуле для The New York Times. - Паспрабуйце разняволіцца па-сапраўднаму. Летні адпачынак - гэта не нейкая недарэчная традыцыя. Нароўні з сямейным адпачынкам, палудзенным перапынкам і выходнымі днямі, гэта - важны спосаб выціснуць як мага больш з нашых выдатных розумаў".

Штодзень нас з усіх бакоў абложваюць факты, хлуслівыя звесткі, інфармацыйныя зборкі і проста балбатня. "Калі вы адчуваеце сабе ператомленым, на тое ёсць свая прычына: апрацоўчыя здольнасці мозгу абмежаваныя", - тлумачыць навуковец. Гэта вынік эвалюцыі сістэмы ўвагі. Ёсць два асноўныя тыпы ўвагі. За адзін адказвае нэйронная сетка станоўчай чыннасці (task-positive network, TPN), за другі - нэйронная сетка адмоўнай чыннасці (task-negative network, TNN). TPN задзейнічаная, калі вы паглынутыя задачай і ні на што іншае не адцягваеце ўвагу. TNN уступае ў гульню, калі ваш розум лунае ў аблоках. "Дзве гэтыя сеткі чалавечай увагі працуюць як дошка-арэлі: калі адна з іх чынная, другая бяздзейнічае", - паведамляе Лявіцін.

Трэці складнік сістэмы - фільтр, "які дапамагае накіраваць увагу, які падказвае нам, на што звярнуць увагу, а што можна без усякай рызыкі праігнараваць". "Ён, несумненна, з'явіўся ў выніку эвалюцыі для абвесткі аб драпежніках ды іншых небяспечных сітуацыях. Бесперапынны прыток інфармацыі з Twitter, Facebook, Vine, Instagram, тэкставых паведамленняў і да таго падобнага задзейнічае гэтую сістэму - і мы выяўляем, што не можам надоўга засяродзіцца на чымсьці адным. Гэта праклён інфармацыйнай эпохі", - гаворыцца ў артыкуле.

Супольна з Вайнод Мэнан, прафэсаркай нэйрабіялогіі са Стэнфардскага ўніверсітэта, Лявіцін паказаў, што за перамыканне паміж "летуценнасцю" і канцэнтрацыяй увагі збольшага адказвае астраўковая доля канцавога мозгу - аддзел, размешчаны ў пары сантымэтраў пад асновай чэрапа.

Дзейснасць гэтага "перамыкальніка" варыюецца ад чалавека да чалавека, аднак, калі ім пстрыкаць "занадта часта, мы адчуваем стомленасць і лёгкае замарачэнне, нібы занадта моцна гушкаліся на арэлях".

"Кожнае прачытанае абнаўленне на Facebook, кожны твіт або SMS ад сябрука спаборнічаюць за рэсурсы галаўнога мозгу з важнымі рэчамі: укласціся ў акцыі або ў аблігацыі, дзе вы пакінулі пашпарт ці як памірыцца сябрам, з якім вы кагадзе пасварыліся", - тлумачыць нэйрабіёлаг.

"Калі вы хочаце быць больш прадукцыйным, вынаходлівым і бадзёры, то навука загадвае падзяліць дзень на квадры. Заходзіць у сацыяльныя сеткі варта ў асобны час, а не перапыняцца на гэта на працягу ўсяго дня", - адзначае аўтар артыкула. Тое ж самае з праглядам пошты. Паспрабуйце неадрыўна займацца адной справай ад 30 да 50 хвілін, і стваральнасць падвысіцца сама сабой.

Акрамя таго, адзначае Лявіцін, даследаванні паказалі, што шпацыр на прыродзе ці праслухоўванне музыкі можа справакаваць летуценны стан: "Гэта дзейнічае як кнопка мазгавога пераладавання і дае вельмі патрэбную магчымасць зірнуць на тое, чым вы займаецеся, з боку".

"Радыкальная ідэя аб тым, што развязанне праблемы можа займаць нейкі час і не павінна дасягацца у гэтую хвіліну, можа глыбока паўплываць на працэс прыняцця пастаноў і нават на нашу эканоміку", - піша аўтар і падае прыклад. Паводле некаторых ацэнак, медыцынскія памылкі, якіх можна было ўнікнуць, - трэцяя прычына смяротнасці ў ЗША. "Вы ж хочаце, каб ваш лекар сфармуляваў правільны дыягназ, і не абавязкова, каб гэта было імгненна", - заўважае ён.

Для гэтага з біялагічнага пункту гледжання карысна рабіць перапынкі ў працы. Яшчэ лепш задрамаць: нават 10 хвілін сну паляпшаюць кагнітыўныя здольнасці, зніжаюць дрымотнасць і стому.

"Калі мы прывучымся рэгулярна браць адпачынак - сапраўдны адпачынак, з адрывам ад працы, - і вымяркоўваць час для сну і сузірання, мы здолеем лепш развязваць некаторыя вельмі складаныя сусветныя праблемы і пры гэтым будзем пачувацца больш шчаслівымі і адпачылымі", - падрахоўвае вынік Лявіцін.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках