27 красавiка 2024, Субота, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таямніца пяці соцень

39
Таямніца пяці соцень

Як з заробкаў у $200 атрымліваюцца «сярэднестатыстычныя» $500.

«Гэта проста жах нейкі, што яны там робяць так доўга?» – скардзіўся лысы і як усе мы потны дзядзька ці тое сам сабе, ці тое ўсёй чарзе.

«Гэта яшчэ нармальна, - вырашыў адказаць другі, - на спальных раёнах людзі пасля працы мінімум па гадзіне выстайваць на пошце».

«Трэба скардзіцца куды-небудзь», - давялося ўлезьці мне.

«На форумах тутбая скардзяцца», - пацвердзіў суразмоўца.

«А што на форумах? – хмыкнуў я, - на форумах усё жыццё можна скардзіцца. У пракуратуру трэба пісаць».

«А што пракуратура? – парыраваў у адказ і дзядзька ды прадэманстраваў неблагі жыццёвы досвед: - вынік такі ж як і ад форумаў будзе».

Запярэчыць не было ўжо што, і мы працягвалі моўчкі пацець і чакаць сваёй чаргі. А чэргі гэтым летам на пошце – гэта проста нешта неадэкватнае. Нам, сапраўды, яшчэ пашанцавала жыць у невялікім для Менска раёне – у асноўным пяціпавярховікі. А што адбываецца на аддзяленнях сувязі на якой-небудзь Каменнай горцы – і ўявіць страшна.

Я хацеў было выдаць сваё абазленне супрацоўніцам, але мяне апярэдзіў наступны абразок.

«Колькі ў вас зарабляюць пры працаўладкаванні?» – запытала ў аператаркі пошты жанчына, якая наткнулася на адну з многіх абвестак з запрашэннем працаваць у аддзяленнях сувязі.

«Два мільёны першыя тры месяцы, - не паверыўшы сваім вушам пачуў я адказ. – А потым тры-чатыры, у залежнасці ад даплат».

Жанчына, відаць, здзівілася таксама, бо ў адказ здолела сказаць толькі два словы: «ага» і «дзякуй».

Таму афармляючы палітвязням заказныя лісты і дасылаючы ў падатковую сваю дэкларацыю я моўчкі выціраў струмяні поту з ілба і скардзіцца на жыццё аператарам нават не думаў. Як скардзіцца гэтай няшчаснай дзяўчынцы, якая ў самай сацыяльна справядлівай краіне ў свеце абліваючыся потам (кандыцыянеры ставіць для сацыялістычных рабоў – гэта занадта) працуе па 12 гадзін у суткі за цэлых 200 даляраў? Ёй толькі нізка ў ногі можна пакланіцца, што яна за два мільёны зайцоў церпіць нас усіх з нашымі прэтэнзіямі.

Адзінае, што я ніяк не мог загрузіць у свой працэсар, дык гэта ейныя 200 даляраў заробку і сярэднестатыстычныя 500, аб якіх даўным даўно вяшчае прапаганда як аб збыўшымся факце. І адказ з’явіўся нечакана блізка – у падатковай дэкларацыі, якую я засоўваў у капэрту.

Я потым распавядаў свае высновы некаторым людзям і ніхто не мог паверыць, што так можа быць. А высновы вельмі простыя. Я, як і кожны ІПэшнік у Беларусі, падаю дэкларацыю ў падатковую на ўсю суму свайго абароту, запісваючы гэты абарот прыбыткам. Напрыклад, на ўсталяванне шафы я ўзяў у кліента 500 у.а. па курсу Нацбанка, на што і выпісаў квіток. Набыўшы матэрыял і іншыя расходнікі за 400 у.а., я ўсталяваў шафу і зарабіў 100 у.а. Але ў дэкларацыі я абавязаны запісаць прыбытак 500 у.а., якія і браў у кліента. І калі за месяц я стаўлю 4 такія шафы, зарабляючы 400 у.а., у дэкларацыі я абавязаны пазначыць прыбытак у суме 2000 у.а.

Потым жа, як вы здагадаліся, міністэрства статыстыкі і аналізу складае мае быццам бы 2000 у.а. заробку з заробкам 400 у.а. на дзвюх дзяўчынак, якія працуюць у аддзяленні сувязі па адрасе праспект Незалежнасці 93, і міністэрскія бонзы выдаюць сярэдні заробак на нас траіх у памеры 800 у.а. па курсу Нацбанка РБ, - гэта як раз сярэднестатыстычны заробак па сталіцы. А калі да нашага на траіх «заробку» у 2400 у.а. дакінуць яшчэ заробак чатырох работнікаў аграгарадка, яно недзе на 500 даляраў на нос і выйдзе.

Потым Саўбелія разразіцца на першай старонцы: «Дзякуй галоўнаму начальніку саўгаса за наш дабрабыт!», БТ паўвыпуску будзе распавядаць пра грандыёзныя даходы краіны «Дажынак», а дзяўчыначка з аддзялення сувязі будзе глядзець у свой гаманец з 200 у.а. і спрабаваць разгадаць гэтую таямніцу – таямніцу сярэдняй тэмпературы па нашым шпіталі, таямніцу пяці соцень.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках