23 красавiка 2024, aўторак, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блакаванне сайта «Хартыя'97» - выкананне беларускімі ўладамі загаду з Масквы

107
Блакаванне сайта «Хартыя'97» - выкананне беларускімі ўладамі загаду з Масквы

Спачатку сайт быў заблакаваны «Растэлекамам», пасля «адсалютаваў» «Белтэлекам».

Рэжым чарговым разам прадэманстраваў сваю баязлівасць і поўнае падпарадкаванне Крамлю.

Цалкам відавочна, што блакаванне сайта звязана з тым, як charter97.org асвятляе сітуацыю ў Беларусі, Расеі ды Украіне. Крэмль сёння блакуе незалежныя крыніцы інфармацыі, якія аб'ектыўна пішуць пра расейска-ўкраінскую вайну. За апошні час сайт стаў магутным рэгіянальным рэсурсам, які вельмі шмат увагі надае Украіне. Мы стараемся аб'ектыўна паведамляць пра тое, што адбываецца сёння ў гэтай краіне і супрацьстаім масаванай расейскай і беларускай прапагандзе.

Раней сайт charter97.org блакаваўся толькі падчас якіх-небудзь палітычных кампаній - прэзідэнцкіх альбо парламенцкіх выбараў ці маштабных акцый пратэсту апазіцыі. Сёння ў Беларусі палітычнае зацішша. Ва ўмовах чарговай «лібералізацыі» і «дыялогу» з Захадам дзеянні ўладаў выглядаюць недарэчнымі, тым больш, што ў Беларусі няма закона, які дазваляе і рэгламентуе блакаванне сайта для ўсіх карыстальнікаў.

Здзіўляе рэакцыя «Белтэлекама». Адзіны адказ, які мы атрымалі ад дзяржаўнага манапаліста на пытанне аб прычыне блакавання сайта быў «без каментароў» пры тым, што charter97.org з'яўляецца найбуйнейшым навіновым рэсурсам краіны. Штомесячная аўдыторыя сайта складае 3,5 мільёна ўнікальных наведвальнікаў, у тым ліку больш за мільён - з Беларусі. Charter97.org сёння чытаюць значна больш людзей, чым усе дзяржаўныя агенцтвы і газеты разам узятыя. Хутчэй за ўсё, «Белтэлекам» ніяк не каментуе свае незаконныя дзеянні таму, што блакаванне - гэта палітычная пастанова, спушчаная зверху.

Магу цвёрда заявіць, што charter97.org прадоўжыць працу. Улады спрабавалі змагацца з намі цягам 17 гадоў існавання сайта. Нас забівалі і саджалі ў турмы. У нас праводзілі ператрусы і канфіскоўвалі ўсю тэхніку. Нягледзячы на гэта, мы выжылі і далей працуем для Беларусі. Мы застанемся цвёрдым арэшкам для ўладаў і з новым выклікам таксама справімся.

Мы дзякуем калегам-журналістам з Беларусі за падтрымку. Блакаванне сайта charter97.org уладамі - напад на ўсе незалежныя сайты краіны, на кожнага блогера, на кожнага інтэрнэт-карыстальніка. Мы просім нашых чытачоў у гэтай сітуацыі быць салідарнымі, заставацца разам з намі і змагацца за сваё права на атрыманне інфармацыі. Для гэтага трэба рабіць усе магчымыя захады, у тым ліку, быць гатовымі выходзіць на акцыі пратэсту і патрабаваць выканання сваіх законных правоў.

Упэўненая, што блакаванне асноўнага беларускага незалежнага сайта атрымае прынцыповую ацэнку з боку сусветнай супольнасці. Могуць рушыць услед санкцыі як супраць дзяржаўнага манапаліста «Белтэлекама», так і супраць рэжыму агулам.

Інтэрнэт-салідарнасць - велізарная сіла. Ніхто не можа на свой капрыз пазбаўляць людзей права на атрыманне незалежнай інфармацыі.

Будзем разам, і Беларусь стане вольнай!

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org, былая зняволеная турмы КДБ «Амерыканка»

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках