2 траўня 2024, Чацвер, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новых аквапаркаў да канца лета менчукі не дачакаюцца

3

Гэты год у Менску павінен быў быць багатым на водныя забавы.

11 траўня адкрыўся аквапарк «Лябяжы». У траўні ж абяцалі адкрыць аквазону ў парку забаў «Дрымлэнд», а на вуліцы Сурганава цэнтр фрыстайла з аквапаркам будуюць ужо восем гадоў. І менш за год таму яго таксама абяцалі адкрыць летам 2014-га. Але...

На сайце «Дрымлэнд» з вясны вісіць інфармацыя аб тым, што аквапарк «хутка адкрыецца». Аналагічная рэклама размешчаная і над самім паркам забаў, і ў сталічным метро. Аднак у «Дрымлэндзе» карэспандэнту Naviny.by распавялі, што, хоць аквапарк ужо пабудаваны, але яшчэ не пройдзеныя ўсе патрэбныя ўзгадненні. І калі гэты працэс закончыцца, невядома.

Аднак у кампаніі прызнаюцца, што да канца лета аквапарк наўрад ці адкрыецца, а запускаць яго пазней не будзе сэнсу, бо аквазона ў «Дрымлэндзе» адкрытая.

Фота: «Ежедневник»

Пры гэтым кошты ў «Дрымлэндзе» абяцаюць досыць гуманныя: з 10.00 да 18.00 дарослы зможа плёскацца ў аквапарку за 250 000 рублёў, дзіця - за 125 000. У «Лебяжым» тры гадзіны для дарослага каштуюць у будні дзень 170 000, у выхадны - 200 000. Цэлы дзень з горак можна катацца за 550 000 у будні дзень і 650 000 у выходны. Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што і працуе «Лебяжы» даўжэй - з 9.00 (у буднія дні) або з 8.00 (у выходныя дні) да 23.00.

Тым часам каля Палаца воднага спорту на вуліцы Сурганава вось-вось павінен з'явіцца яшчэ адзін аквапарк. Яшчэ ў 2006-м годзе тут пачалося будаўніцтва вучэбна-трэніровачнага цэнтра для фрыстайла са спартыўна-аздараўленчым комплексам.

Intes.by

Цэнтр абяцалі здаць да канца 2013 года. Але будаўніцтва зацягнулася.

«Незвычайнасць будаўніцтва ў тым, што, па-першае, будаўніцтва канструкцый і праектаванне ідуць паралельна - для скарачэння тэрмінаў. Па-другое, знайсці каго-небудзь, хто мог распавесці аб нюансах такіх будоўляў, немагчыма. Такіх комплексаў проста няма. Звычайна будуюць проста трамплін. Прычым тыя, якія ёсць, напрыклад, у Швайцарыі, часцей за ўсё адкрытыя і ўяўляюць сабой проста драўляны насціл. Таму ўсе пытанні, якія ўзнікаюць даводзіцца развязваць самім», - тлумачыў начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Сідарэнка ў каментары для «СБ Беларусь Сегодня».

У забаўляльную частка комплексу, як адзначаў намеснік дырэктара РУП «Дырэкцыя будаўнічых аб'ектаў Мінспорту» Захар Дзямідавец, увойдуць аквапарк з трыма басейнамі і больш чым 20 рознымі атракцыёнамі, залы для харэаграфіі, аэробікі, сілавой падрыхтоўкі, а таксама трэнажорная зала. Аматараў рэлаксу ўсцешаць расейская лазня, сауны, паравыя лазні, гідрамасажны басейн, купель, джакузі і масажны пакой. У цэнтры будуць працаваць боўлінг на 6 дарожак, більярдная зала, дзіцячы гульнявы пакой.

Intes.by

Мяркуючы з апошніх навін, гатоўнасць цэнтра фрыстайла складае 82%: абсталяваная ўся інжынерная інфраструктура, ён цалкам забяспечаны інжынернымі камунікацыямі, падключанае электразабеспячэнне, змантажаваныя сістэмы вентыляцыі, заканчваецца мантаж сістэм водападрыхтоўкі аквазоны.

8 жніўня прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч усклаў на кіраўнікоў Мінбудархітэктуры і Мінспорту персанальную адказнасць за своечасовае заканчэнне будаўнічых работ на аб'екце. Гэтым разам комплекс абяцаюць здаць у верасні.

Так што надзея на тое, што ў гэтым годзе ў «Лебяжага» з'явіцца канкурэнт, усё ж ёсць.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках