2 траўня 2024, Чацвер, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Філіп Брыдлаў: «Зялёныя чалавечкі» могуць з'явіцца ў іншых краінах Еўропы

13
Філіп Брыдлаў: «Зялёныя чалавечкі» могуць з'явіцца ў іншых краінах Еўропы

Галоўнакамандуючы сіламі NATO ў Еўропе перасцерагае краіны Альянсу ад небяспекі «ўкраінскага сцэнару».

Пра гэта генерал вайскова-паветраных сілаў ЗША Філіп Брыдлаў заявіў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Welt am Sonntag, піша «Укрінфарм».

«Узброеныя баевікі без апазнавальных знакаў, якія ладзяць беспарадкі, захопліваюць адміністрацыйныя будынкі, падбухторваюць насельніцтва, праводзяць падрыхтоўку сепаратыстаў, вядуць вайсковую кансультацыю і такім чынам могуць спрыяць істотнай дэстабілізацыі краіны», - падкрэсліў Брыдлаў.

Генерал NATO адзначыў, што на прыкладзе Украіны Расея дэманструе «новы тып вядзення вайны». Таму самае галоўнае, з ягоных слоў, каб краіны NATO «былі гатовыя да новых «зялёных чалавечкаў».

Брыдлаў перакананы, што праз наяўную пагрозу сілы паліцыі і арміі ўсходнееўрапейскіх краін павінны быць гатовыя да яе пераадолення.

Адказваючы на пытанне, якія наступствы будзе мець патэнцыйнае з'яўленне «зялёных чалавечкаў» у іншых краінах Усходняй Еўропы, генерал нагадаў пра артыкул 5 Паўночнаатлантычнага пагаднення, якім прадугледжанае права на калектыўную абарону ў выпадку даказанай агрэсіі з боку трэцяй дзяржавы. «Таму мы павінны распрацоўваць унутраныя, нацыянальныя сцэнары ідэнтыфікацыі падобных дзеянняў і іх пераадолення», - сказаў ён.

У той жа час амерыканскі генерал падкрэсліў, што, нягледзячы на агрэсію Расеі ў дачыненні да Украіны і актыўную падтрымку Масквой сепаратыстаў на Данбасе, ні адна з краін NATO «цяпер не хоча вайсковага ўмяшання ў канфлікт».

«Сябры Альянсу ўзгаднілі наданне Украіне дапамогі для паляпшэння яе вайсковых магчымасцяў, а таксама падтрымалі Кіеў у правядзенні рэформаў у абароннай сферы», - адзначыў Брыдлаў.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках