1 траўня 2024, Серада, 23:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Гародні атрымаў тэрмін за кантрабанду 3 грамаў марыхуаны

32
Жыхар Гародні атрымаў тэрмін за кантрабанду 3 грамаў марыхуаны

Тры гады турмы за кантрабанду незаконнага тавару атрымаў 18-гадовы жыхар Гародні.

Ён наважыў прывезці з-за мяжы тры грамы марыхуаны і трапіў у поле зроку супрацоўнікаў мытні. Хлопца затрымалі ў пункце мытнага афармлення на чыгуначным вакзале Гародні. Усё адбывалася яшчэ ў красавіку, але суд над гора-кантрабандыстам адбыўся летам, распавёў старшы памочнік Гарадзенскага транспартнага пракурора Яўген Куніцкі. 18-гадовы хлопец вяртаўся з Італіі на цягніку «Беласток- Гародня». На радзіму ён пастанавіў прывезці набытыя ў Фларэнцыі некалькі так званых «вушакоў» травы, піша «Вячэрняя Гародня».

Мытнае афармленне праходзіў па зялёным калідоры, дэкларацыю, натуральна, не запаўняў. Падобна на тое, малады чалавек моцна не перажываў з нагоды незаконнага грузу. І падчас свайго падарожжа нават паспеў паспрабаваць набыты тавар. Што выклікала падазрэнне ў супрацоўнікаў мытні, сказаць складана. Але падарожніка накіравалі на паглыблены дагляд і знайшлі ў каўняры курткі скрутак, у якім ляжала крыху больш за тры грамы рэчыва расліннага паходжання. Паводле заключэння экспертызы, яно апынулася марыхуанай.

Суд прызнаў хлопца вінаватым у тым, што ён перамясціў праз мяжу небяспечны наркотык, пры гэтым схаваў рэчыва ад мытні і не задэкляраваў яго. Таксама ён абвінавачваўся ў незаконнай куплі, захоўванні і перавозцы наркотыку. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 228 («Кантрабанда») і ч.1 арт. 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў») КК Беларусі. Хлопца прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Таксама суд пастанавіў прымяніць да абвінавачанага адтэрміноўку пакарання тэрмінам на 2,5 года. Калі б перавозіў больш буйную партыю, якая прызначалася для продажу, то пакаранне магло быць больш строгім. Са слоў старэйшага памочніка Беларускага транспартнага пракурора Сяргея Трубчыка, два гады таму суд Смаргонскага раёна прысудзіў да дзесяці гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці жыхарку Літвы. Жанчына везла ў цягніку «Вільнюс - Масква» буйную партыю: 130 грам какаіну, каля трох кілаграмаў гашышу, амаль кілаграм марыхуаны і больш за пяць кілаграмаў сінтэтычнага наркотыку, якія яна купіла на станцыі ў Смаргоні. Суд даказаў, што небяспечныя рэчывы везлі ў Маскву для далейшага перапродажу.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках