6 траўня 2024, панядзелак, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Больш за дзве тысячы менчукоў падпісаліся ў абарону Асмолаўкі

5
Больш за дзве тысячы менчукоў падпісаліся ў абарону Асмолаўкі

Больш за дзве тысячы жыхароў Менска падпісалі інтэрнэт-петыцыю ў абарону Асмолаўкі.

Гэты раён гістарычнага цэнтра горада ўяўляе сабой два невялікіх кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычная, Куйбышава, Кісялёва і Максіма Багдановіча і разрэзаных вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х да пачатку 1950-х гадоў, менскі архітэктар Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў тагачаснага штаба Беларускай вайсковай акругі, пішуць «Беларускія навіны».

«Раён унікальны тым, - тлумачыць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, - Што тут у асноўным пабудаваныя дамы паводле тыпавых праектаў - гэта першыя тыпавыя дамы ў Менску, якія з'явіліся разам з жылой забудовай раёнаў трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Але ў параўнанні з гэтымі раёнамі Асмолаўка кампактна забудавана, і яе можна назваць першым спальным раёнам Менска».

На думку экспэрта, забудова тут хоць і тыпавая, але мае выразныя мастацкія рысы і сваёй структурай планавання, архітэктурнай марфалогіяй гэты раён з'яўляецца вельмі каштоўным у горадабудаўнічым плане. Некалькі разоў таварыства аховы помнікаў звярталася ў Мінкультуры з прапановамі аб наданні статусу гэтаму раёну, але з розных фармальных прычын міністэрства адмаўляла ў гэтым.

«Цяпер актыўна прапагандуецца інфармацыя, што гэты раён будзе рэканструявацца, - прадаўжае Астаповіч, - Але дакладных планаў не ведае ніхто, у электронных СМІ з'яўляюцца толькі пэўныя рэндэры эскізных праектаў. Дакладна вядома толькі, што адным з інвестараў гэтай пляцоўкі будзе выступаць Аляксандр Шакуцін (старшыня рады дырэктараў холдынгу «Амкадор», чалец «савета рэспублікі»), які збіраецца ўкласці сродкі для пабудовы або рэканструкцыі старога будынка пад студыю гуказапісу сваёй пратэжэ Алены Ланской».

Са слоў старшыні таварыства аховы помнікаў, рэканструкцыя раёна, калі яна будзе праведзена з архітэктурнага пункту гледжання з захаваннем усіх методык, калі будуць працаваць кваліфікаваныя архітэктары, вялікіх страт раёну не прычыніць. «Але, улічваючы архітэктурны досвед Менска апошніх гадоў, які, за рэдкім выключэннем, негатыўны, застаецца мала надзеі, што рэгенерацыя гэтага раёна будзе праведзеная так, каб захаваць яго асаблівасці, - робіць ён агаворку. - Ёсць імавернасць, што мы страцім яшчэ адзін унікальны архітэктурны і горадабудаўнічы куток нашай сталіцы».

Нагадаем, месяц таму ў інтэрнэце з'явілася электронная петыцыя ў абарону Амолаўкі. Ужо больш за дзве тысячы чалавек падпісалі яе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках