Дарадца Парашэнкі: Парламенцкія выбары прызначаць на наступным тыдні
10- 21.08.2014, 11:54
- 5,754
Датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду Украіны павінны быць прызначаныя на 26 кастрычніка гэтага года, упэўнены дарадца прэзідэнта Алег Мядзведзеў.
На наступным тыдні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпіша ўказ аб роспуску Вярхоўнай Рады і правядзенні датэрміновых выбараў ўкраінскага парламента. Пра гэта ў эфіры «Радыё Свабода» паведаміў дарадца кіраўніка ўкраінскай дзяржавы Алег Мядзведзеў.
Як заявіў дарадца прэзідэнта, днямі заканчваецца 30-дзённы тэрмін для фармавання новай кааліцыі, і ў прэзідэнта Украіны ёсць законная падстава распусціць парламент.
Мядзведзеў таксама паведаміў, што ў верасні будзе абнародаваны пакет буйных палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў. Акрамя таго, будзе ратыфікаваная дамова аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ, падпісаная ў чэрвені гэтага года.
Нагадаем, 24 ліпеня аб выхадзе з кааліцыі ў Вярхоўнай Радзе заявілі парламенцкія фракцыі УДАР Віталя Клічко і ВА Свабода.
Згодна з Канстытуцыяй Украіны, калі дэпутаты цягам месяцы не сфармуюць новую кааліцыю, прэзідэнт Украіны мае ўсе падставы для роспуску парламента і прызначэння датэрміновых выбараў у Вярхоўную Раду.
Фота: ТСН