18 красавiка 2024, Чацвер, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хашчавацкі: Беларусы - партызаны, кожны - у сваім лесе і робіць вылазкі адзінцом

13
Хашчавацкі: Беларусы - партызаны, кожны - у сваім лесе і робіць вылазкі адзінцом

Беларусы знойдуць свой шлях, каб абараніцца ад таталітарызму.

Пра гэта заявіў кінарэжысёр Юры Хашчавацкі. Ён наведаў Магілёў, дзе прэзентаваў адную са сваіх апошніх стужак - фільм «Лабатамія», перадае «Радыё Свабода».

«Лабатамія» - фільм пра норавы палітычнага рэжыму ў Расеі і аб расейскай агрэсіі супраць Грузіі. Фільм, на думку тых, хто прыйшоў яго паглядзець, актуальны, бо такія ж падзеі адбываюцца цяпер ва Украіне - у Данбасе.

Сам Юры Хашчавацкі кажа, што беларусы напалоханыя падзеямі ва Украіне. На ягоную думку, спалох выкліканы не столькі Майданам, колькі узброеным канфліктам на паўднёвым усходзе суседняй краіны: «Як раз Майдан - гэта выдатны прыклад таго, як трэба абараняць сваю чалавечую годнасць. А спалох беларусаў ад расейскай агрэсіі, правакавання «грамадзянскай вайны». Хоць гэта ў чыстым выглядзе агрэсія з выкарыстаннем мясцовых жыхароў, якіх шмат у чым падманула прапаганда. Беларусы схаваліся, як заўсёды. Беларусы - гэта ж народ-партызан. А гэта значыць - глыбока сысці ў лес. Усе цяпер сышлі ў свой уласны лес. У кожнага ён свой», - распавёў кінарэжысёр.

Рана ці позна, мяркуе Юрый Хашчавацкі, беларусам давядзецца выйсці «з лесу». «Усё роўна давядзецца рабіць вылазкі. Дрэнна, калі вылазкі робяцца адзінцом. Трэба чакаць, калі вылазку зробяць усе разам з гэтага лесу. І гэта абавязкова будзе», - кажа ён.

Беларусы, на думку Хашчавацкага, баяцца вайны. Гэта самае страшнае, што можа здарыцца на іх зямлі. Але не толькі вайна ў Данбасе, на думку суразмоўцы, выклікае страх: «Гэты страх памножаны страхам, які ўкараняла ў наша грамадства ўлада і Лукашэнка. Я ўпэўнены, што Лукашэнка, абараняючы сваю ўладу, пайшоў бы на многае. І беларусы гэта адчуваюць. Але, тым не менш, у 2010 годзе выйшлі. І выйшла вельмі шмат людзей. Нягледзячы на тое, што не сумняваліся ў агрэсіўнасці нашай улады. Выйшлі абараняць сябе. І будуць абараняць, але знойдуць нейкія іншыя спосабы».

Кінарэжысёр не бярэцца прагназаваць, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі, але перакананы, што беларусы знойдуць свой шлях, каб абараніцца ад таталітарызму.

«Ніхто ж не верыць, што ў нас таталітарызм. А я кажу, што ў нас таталітарызм! У нас спрабуюць ва ўсе кірункі чалавечага жыцця ўмяшацца сілавым чынам. Цяпер сілавымі структурамі сталі абсалютна ўсе структуры. Нават аддзелы народнай адукацыі - і тыя сталі сілавымі, звярніце ўвагу. У нас усё пад вайсковую капірку. З гэтым трэба змагацца», - кажа ён.

Юры Хашчавацкі - прыхільнік байкоту, і не толькі на выбарах, а ўсеагульнац адмовы ад супрацоўніцтва з уладай.

«Калі людзі зразумеюць, што з гэтай уладай немагчыма супрацоўнічаць, што яна іх трымае як прыгонных, тады яны змогуць вельмі моцна прыціснуць яе, прымусіць яе звярнуць увагу на правы людзей. Беларусам варта ўзяцца за самаадукацыю ў тым плане, каб вярнуць сабе пачуццё ўласнай годнасці».

Юры Хашчавацкі прызнаецца, што баіцца падпасці пад уплыў прапаганды - «пад прамыванне мазгоў», як ён кажа. Раіць не злоўжываць праглядам расейскай тэлевізіі:

«Калі я ўключаю расейскую тэлевізію, я бачу, дзе яны хлусяць, але тым не менш адчуваю, як іх прэсінг пачынае ўваходзіць у мяне і змяняць мае ўяўленні. Настолькі гэта моцна. Да гэтага нельга ставіцца абыякава. Гэта вельмі сур'ёзнае ўздзеянне. Я вельмі падрыхтаваны чалавек, паколькі гэта мая прафесія, але я адчуваю, як гэта небяспечна. Людзі павінны цяпер быць вельмі асцярожныя».

Прэзентацыя фільма Юрыя Хашчавацкага адбылася ў грамадскім цэнтры «Кола». Паглядзець стужку вядомага кінарэжысёра прыйшло блізу паўсотні чалавек.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках