4 траўня 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шаеў і Кудравец пасяліліся ў элітных пасёлках ў Менску

36

Старшыня СК і кіраўнік БКК сталі новымі жыхарамі пасёлкаў на ўскраіне Менска.

За апошнія некалькі гадоў беларускія чыноўнікі атрымалі больш за 40 зямельных надзелаў у сталічным раёне «Дразды 2». Сярод ягоных жыхароў - міністры, сілавікі, адстаўнікі, піша «Наша Нiва».

Пасля масавай раздачы свабодным заставаўся толькі адзін участак - па суседстве з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам. У пачатку красавіка 2014 г. надзел плошчай 0,12 га ўсё ж такі знайшоў гаспадара. Паводле пастановы Мінгарвыканкама, ім стаў старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў.

Чым адметны гэты сілавік?

Гэта адзін з нешматлікіх чыноўнікаў, у афіцыйнай біяграфіі якога адсутнічае інфармацыя пра дакладнае месца нараджэння. «Нарадзіўся ў 1964 у Віцебскай вобласці» - дзіўная таямнічасць. Такія ж фармулёўкі ёсць толькі ў біяграфіях старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і былога разведчыка, а цяпер міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

У 27 гадоў Шаеў скончыў БДУ і пачаў працу следчым у пракуратуры. Праз сем гадоў ён стаў пракурорам Расонскага раёна, а яшчэ праз пяць - Віцебскага раёна.

У 2006 годзе Шаева павысілі на пасадзе і забралі ў Менск, у Генеральную пракуратуру. У сталіцы ён стаў начальнікам упраўлення па наглядзе за расследаваннем крымінальных спраў. Пасля была яшчэ праца пракурорам Гомельскай вобласці (з 2009 да 2012) і, нарэшце, вяртанне ў сталіцу на пасаду намесніка старшыні Следчага камітэта.

А калі ягонага начальніка Валерыя Вакульчыка забралі кіраваць КДБ, Следчы камітэт узначаліў Шаеў.

Чыноўнік пачаў абжывацца ў Менску яшчэ падчас першага пераезду ў сталіцу. Уступіў у жыллёвы кааператыў, пабудаваў кватэру. Вось толькі пажыць у ёй фактычна не паспеў, так як быў накіраваны ў Гомель.

Цяпер жа Шаеву перапала 12 сотак элітнай зямлі ў Менску. Ён атрымаў яе ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну. Афіцыйны кадастравы кошт ягонага надзела перавышае $230 тысяч. Рэальны рынкавы - даходзіць да $600-700 тысяч. Гэта заробак чыноўніка ўзроўню Шаева за некалькі дзесяцігоддзяў.

Нядаўна Валянцін Шаеў прапанаваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў. «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасцi, кошт якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэтая службовая асоба не можа пацвердзіць». Залатыя словы.

Шаеў атрымаў зямлю цяперашняй пастановай Мінгарвыканкама №778, а папярэдняй пастановай надзел пад будаўніцтва перадалі яшчэ адной прадстаўніцы ўлады, генеральнай дырэктарцы «Беларускай калійнай кампаніі» Алене Кудравец.

Цікава, што і рэгістравалі сваю нерухомасць яны амаль адначасова, з розніцай даслоўна ў 15 хвілін.

Кудравец не хапіла месца ў «Драздах 2», таму яе пасялілі крыху далей, у мікрараёне Ржавец («Лебядзіны»). Гэта месца паміж «Менск-Арэнай» і рынкам «Ждановічы», за кіламетр ад Веснінкі. Тут катэджы чаргуюцца з новабудоўлямі-шматпавярхоўкамі, таму і зямля каштуе танней. Участак Алены Кудравец плошчай 10 сотак афіцыйна каштуе $160 тысяч.

Бізнэс-вумэн зрабіла кар'еру на «Беларуськаліі», дзе працавала 20 гадоў пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ ў 1992 годзе. Казалі, што Кудравец ніколі не была прыхільніцай сумеснай працы з Расеяй, таму пасля калійнага канфлікту кіраваць Беларускага калійнай кампаніяй прызначылі менавіта яе.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках