20 красавiка 2024, Субота, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дом кнігі «Веды» распаўсюджвае антыўкраінскую літаратуру

8
Дом кнігі «Веды» распаўсюджвае антыўкраінскую літаратуру

Расейская прапаганда надалей з'яўляцца на паліцах беларускіх кнігарняў.

21 жніўня ў найбуйнейшай інтэрнэт-краме oz.by з'явіліся кнігі «Абарона Данбаса. Ігар Стралкоў жах бандэраўскай хунты» і «Крым навекі з Расеяй. Гісторыка-прававое абгрунтаванне ўз'яднання рэспублікі Крым і горада Севастопаль з Расейскай Федэрацыяй».

Аднак пасля неаднаразовага абурэння чытачоў кіраўніцтва крамы прыбрала кнігі і выбачалася перад кліентамі. «Сябры. На сайт ўчора трапіла адна паганая кніга. Трапіла праз дурасць. Такой «літаратуры» у нас больш не будзе. Прыносім свае прабачэнні», - напісалі прадстаўнікі кампаніі на карпаратыўнай старонцы ў Twitter.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» пастанавіў прайсціся па вялікіх менскіх кніжных крамах, каб паглядзець, ці прадаюцца ў іх «кепскія» кнігі.

Першай у спісе стала крама «Акадэмкніга» на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава. У «Акадэмкнізе», як заўсёды, шырокі выбар спецыялізаванай і мастацкай літаратуры. Аднак больш за ўсё цікавіць палічка з шыльдай «Гісторыя»: новыя расейскія кнігі пра Гіркіна, «вяртанне Крыма» і «аб бандэраўскім народзе» прадаюцца менавіта як гістарычная літаратура.

У «Акадэмкнізе» выбар кніг гістарычнай тэматыкі досыць нейтральны. Трэба адзначыць, што колькасць кніг па гісторыі Расеі па колькасці пераўзыходзіць колькасць выданняў пра Беларусь. На жаль, гэта агульная сітуацыя для беларускіх кніжных крамаў. І хоць тэма і якасць кніг вельмі розныя, сярод іх не было заўважана ні адной, напісанай для патрэб інфармацыйнай вайны супраць Украіны.

А вось у краме «Дом кнігі «Веды» насупраць будынка адміністрацыі Лукашэнкі ўдалося знайсці цэлую антыўкраінскую палічку.

Першая кніга - «Сцяпан Бандэра і лёс Украіны. Пра што нагадаў кіеўскі Майдан» Леаніда Млечына. Кніга свежая, надрукаваная ў выдавецтве «Центрполіграф» у 2014 годзе.

«Украінцы пакрыўджаныя на гісторыю, таму што ім доўга не ўдавалася дамагчыся незалежнасці. У сваёй новай кнізе Леанід Млечын задаецца пытаннем: чаму ненавісны ў нас Сцяпан Бандэра і Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў калісьці паўсталі ў ролі абаронцаў народных інтарэсаў? Што ж перажывалі тады ў заходніх абласцях, ад каго прасілі абароны? У Кіеве рассакрэчаны велізарны масіў дакументаў ведамства дзяржбяспекі. Карціна, што адкрылася ашаламляе. Асаблівасці гісторыі Украіны, разрываючыя яе канфлікты, перапляценне рэлігійных вераванняў сфармавалі іншай менталітэт. Тут свае сымбалі веры, свае міфы, страхі і фобіі. Не ведаючы іх, немагчыма дакладна ацаніць тое, што адбываецца ва Украіне, прагназаваць павароты настрояў грамадства, якое кідаецца ў пошуках дакладнага пастановы», - гаворыцца ў анатацыі да кнігі. І хоць анатацыя да гэтай кнігі выглядае даволі бяскрыўднай, сама кніга наўрад ці парадуе аб'ектыўнасцю. За некалькі гадоў да выхаду кнігі Млечын зняў дакументальны фільм «Сцяпан Бандэра. Рассакрэчанае жыццё», у якім украінскі нацыянальны рух прадстаўлены не ў лепшым святле.

Надзвычай цікавая і кніга Джона Армстронга «Вытокі самастойнасці нацызму. Да чаго прыйшла Украіна ў ХХI стагоддзі», выдадзеная ў тым жа «Центрполіграф». На вокладцы змешчаныя дзве фатаграфіі: украінскага трызубца на фоне гітлераўскай свастыкі ўверсе і здымак двух жаўнераў, якія кудысьці вядуць бяззбройнага чалавека ўнізе.

Загаловак разам з афармленнем вокладкі ствараюць вельмі моцны антыўкраінскі пасыл. Аднак не ўсё так проста. Бо пад вокладкай знаходзіцца кніга амерыканскага ўкраінаведа і заслужанага прафесара Універсітэта Вісконсін-Мэдысан Джона Аляксандра Армстронга - вядомага даследчыка нацыянальных рухаў ва Усходняй Еўропе.

Арыгінальная назва кнігі - Ukrainian Nationalism 1939-1945 (даслоўна «Украінскі нацыяналізм у 1939-1945 гг.»). Кніга ўпершыню была выдадзена ў 1955 годзе і перажыла тры выданні. Кнігу Джона Армстронга варта прачытаць зацікаўленым у гэтай тэматыцы. Аднак лепш абысці выдавецтва «Центрполіграф». Бо застаецца толькі здагадвацца, што дадалі або прыбралі з самага тэксту кнігі выдаўцы, якія так мэтанакіравана сказілі назву і вокладку даследавання.

Расейская прапаганда аддае перавагу выкарыстоўваць імя Сцяпана Бандэры для атаяснення нацыянальнага ўкраінскага руху (не толькі ў часы самога Бандэры, але і сёння) з фашызмам. Прыклад таму кніга «Еўрамайдан імя Сцяпана Бандэры. Ад дэмакратыі да дыктатуры» за аўтарствам Станіслава Бышкі і Аляксея Качаткова. Кніга выдадзеная ў 2014 годзе ў выдавецтве «Кніжны свет». Дарэчы, у гэтай жа серыі выдавецтва прысутнічае кніга з назвай «Ілюзія свабоды. Куды вядуць Украіну новыя бандэраўцы».

Анатацыя да «Еўрамайдану...» гучыць наступным чынам: «Хто не скача, той маскаль!» - З такой памоўкай скакалі, саграваючыся, пратэстоўцы на кіеўскім Майдане Незалежнасці зімой 2013 года. У «дзівосным новым свеце» ўкраінскай рэвалюцыі пад сцягамі Сцяпана Бандэры нікому не хацелася праславіцца спрадвечных ворагам украінскай дзяржаўнасці - «маскалём».

Спачатку гэта быў пратэст супраць неэфектыўнасці і карумпаванасці улады, супраць міліцэйскага і чыноўніцкага самавольства, супраць невыразнасці і бесперспектыўнасці палітычнага курсу прэзідэнта і ўрада. Але мірны пратэст звярнуўся крывавай рэвалюцыяй.

Любая рэвалюцыя ў якасці станоўчай праграмы выкарыстоўвае пануючыя ў грамадстве ідэі. У Расейскай Імперыі ў 1917 годзе ў трэндзе былі леварадыкальныя ідэалогіі, у арабскіх краінах падчас «Арабскай вясны» (2010) - радыкальны ісламізм, на Украіне ў 2013-2014 гадах такім трэндам стаў радыкальны нацыяналізм.

У гэтай кнізе распавядаецца пра развіццё ўкраінскіх нацыяналістычных груповак ад 1991 года да сёння, асноўны ўпор робіцца на гісторыю парламенцкай партыі «Свабода» і непарламенцкая партыі «Правы сектар», разглядаюцца ідэалогія, псіхалогія і метады палітычнай барацьбы гэтых структур. У дадатку прыведзеныя асноўныя праграмныя дакументы гэтых арганізацый, а таксама дайджэст найбольш сур'ёзных злачынстваў, якія адбыліся ў перыяд украінскага безуладдзя ў лютым-сакавіку 2014 года».

Яшчэ раз Бандэра згадваецца ў назве кнігі «Паляванне на Бандэру. Як змагаліся з «майданам» у СССР» Мікалая Лыкава. Анатацыя зноў абяцае ўнікальныя матэрыялы з вось толькі што рассакрэчанымі архівамі КДБ аб барацьбе СССР з бандэраўцамі, шчодра спансаванымі з-за мяжы

Не абышлося і без кнігі пра Крым. Дыхтоўнае выданне «Бітва за Крым. Ад супрацьстаяння да вяртання ў Расею» спрабуе адказаць на многія пытанні. «Як рускія асвойвалі Крым? Ці стала Лівадыя другой сталіцай Расейскай імперыі? Чаму быў здадзены Севастопаль у ліпені 1942? Што рабілі татары ў 1942-1944 гадах і які лёс ім рыхтаваў Гітлер? Чаму ў Крыме ніхто не заўважыў, што Хрушчоў перадаў яго Украіне? Ці была альтэрнатыва ў Расеі ў сакавіку 2014? Аб гэтым і многім іншым чытач даведаецца з кнігі Аляксандра Шырокарада «Бітва за Крым», - паведамляе анатацыя.

Спробы пагаварыць з дырэктарам крамы аб асартыменце скончыліся няўдачай. Жанчына, якая выйшла з кабінета дырэктара, адмовілася прадставіцца і назваць сваю пасаду. «З «Нашай Нівай» гутарыць не будзем. Мы дзяржаўнае прадпрыемства», - прадэманстравала яна цуды аргументацыі.

«Супрацоўніца крамы», як яна назвала сябе, патлумачыла, што кнігі закупляюцца цэнтралізавана і пастаўляюцца ва ўсе крамы. Хто купляе такую літаратуру, не патлумачыла. Супрацоўніца крамы таксама паведаміла, што гэтыя кнігі не забароненыя на тэрыторыі Беларусі, у іх няма ніякага распальвання міжнацыянальнай варожасці, а некаторыя выданні карыстаюцца вялікім попытам.

Апошні кніжны магазін - «Цэнтральны». Гэты кніжны магазін разам з папярэднім «Домам кнігі «Веды» належыць ААТ «Белкніга».

Аддзел з гісторыяй Расеі і расейскай палітычнай літаратурай традыцыйна буйны. Прыемна ўразіла, што на паліцах прысутнічаюць як пракрамлёўскія, так і напісаныя з пункту гледжання апазіцыі выданні - у чытача хоць бы ёсць выбар.

«Цэнтральны» ці то пастанавіў дыстанцыявацца ад апошніх тэндэнцый расейскай прапагандысцкай думкі, ці то ўсё распрадалі. Бо знайсці «погань» атрымалася не адразу.

На паліцы ляжалі два асобнікі кнігі Мікалая Старыкава «Украіна: хаос і рэвалюцыя - зброя даляра». Мабыць, кліенты «Цэнтральнага» любяць адыёзнага расейскага канспіролага, бо за кнігай, прысвечанай Украіне, знайшлося з добры дзесятак ранейшых кніг гэтага аўтара. Таксама супрацоўніца крамы паведаміла, што ў іх былі кнігі Міхаіла Палікарпава, але пошукі кнігі біёграфа Гіркіна вынікаў не далі.

На жаль, ні ў адной з кніжных крамаў не ўдалося знайсці якую-небудзь кнігу, якая выказвае пункт гледжання ўкраінскіх гісторыкаў, украінскіх аўтараў.

Фота: «Наша Ніва»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках