Магілёўцы: Мы - апошні абломак сацыялізму ў Еўропе
13- 24.08.2014, 12:48
- 18,910
Чаму ў Беларусі кошты растуць так жа хутка, як ва Украіне, дзе ідзе вайна?
З такім пытаннем БелаПАН звярнуўся да магілёўцаў.
Вось што яны адказалі:
«Гэтае пытанне трэба задаць майму аднакурсніку Аляксандру Рыгоравічу. Ён за ўсё адказвае. Мы - апошні абломак сацыялізму ў Еўропе. І пакуль гэты абломак будзе існаваць, кошты не будуць падаць».
«Ва Украіне не была, не ведаю, што там. А пра Беларусь скажу - інфляцыя ёсць, у нас нестабільна. Дрэнна працуе прамысловасць, няма перадавых тэхналогій. Мы не выпускаем канкурэнтнай прадукцыі».
«Эканоміка развіваецца не ў тым кірунку. Гадоў 15 таму, калі яшчэ былі нармальныя грошы, іх трэба было разумна ўкладваць, а не цяпер, калі кінуліся перабудоўваць. У нас ужо даўно быў бы прыбытак».
«Ва Украіне працуе рынкавая эканоміка, а ў нас планавая. І мы цалкам залежым ад Расеі. Ва ўладных структурах працуе вельмі шмат некампетэнтных людзей. Душаць у нас прадпрымальніцтва, а там, дзе больш канкурэнцыі, там ніжэйшыя кошты».
«Беларускі народ адаптаваўся да гэтага. Ён не здзіўляецца росту коштаў, але тое, што адбываецца ва Украіне, я б тут не хацеў. Вайна - гэта страшна, якіх бы мэтаў яна не дасягала».
«У прынцыпе, нармальны рост коштаў - у той жа час у нас растуць заробкі. А там ніякага росту заробку і ніякага развіцця эканомікі. Калі растуць заробкі, то павінны расці адпаведна і кошты».
«У нас тут сваім людзям даражэй прадаюць, чым тое, што вязуць на экспарт. Можа, з гэтым звязана».
«Штосьці ў парадку з эканомікай. Народ вінаваты. Але больш не буду казаць, хто ў нас яшчэ вінаваты».
«Праблема ў нас знаходзіцца наверсе. На самой Верхатуры».