19 красавiка 2024, Пятніца, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калона расейскіх войскаў уварвалася на тэрыторыю Украіны і пайшла на Марыупаль

114
Калона расейскіх войскаў уварвалася на тэрыторыю Украіны і пайшла на Марыупаль

(абноўлена - 13:50) Частка калоны была спыненая ўкраінскімі вайскоўцамі.

Раніцай 25 жніўня калона войскаў РФ пачала абстрэльваць Новаазоўск і рушыла на Марыупаль.

Пра гэта ТСН паведаміў Дмытро, службовец вайсковай часткі 9937 Данецкага памежнага аддзела.

"Мы назіралі, як расейскі дэсант зайшоў з боку мяжы праз палі. У калоне былі танкі, БТР і КамАЗы". Яны размясціліся на палях паміж сёламі Шчарбак і Маркіна, крыху вышэй за пункта прапускання "Новаазоўск". Іхняя варта і некалькі танкаў вырушылі ў раён паселішча Розы Люксэмбург", - распавёў памежнік.

Расейскія войскі ўвайшлі ўглыб тэрыторыі Украіны на 4-5 км, а варта прайшла крыху далей - на 10 км. Украінскія памежнікі адступілі, адлегласць паміж імі і войскамі агрэсара - 3-4 км. Нашы вайскоўцы налічылі не менш чым 10 танкаў, на БТРах - сцягі дэсанту. "Мы - пяхота, а супраць нас танкі, БТР і артылерыя. Абарону трымаць пры наступе мы яшчэ зможам, калі будзе наступаць пяхота, узмоцненая БТРамі, але не пры наступе танкаў", - кажа Дмытро.

Са слоў памежніка, расейцы пачалі абстрэльваць іхнія ранейшыя пазіцыі пад Новаазоўскам, калона рушыла прасцяком на Марыупаль.

Інфармацыю пра ўварванне калоны расейскай вайсковай тэхнікі пацвердзіў данецкі блогер pauluskp.

"Затэлефанавалі хлопцы з добраахвотніцкага батальёна, размешчанага пад Новаазоўскам. Паводле іхніх звестак сёння раніцай мяжу перайшлі 12 танкаў, яны пайшлі ў кірунку Розы Люксэмбург (5 танкаў), Новаазоўска і Сядова (7 танкаў). У раёне сёлаў Шчарбакова і Маркіна акупанты размясцілі 23 гаўбіцы .- гэта ўкраінская тэрыторыя ў кіламэтры ад мяжы. Ужо было тры залпы па Новаазоўску. Акрамя таго, мяжу пераехалі 3 БМП, 4 "Уралы" з жаўнерамі і 2 "Тыгры". Прапускны пункт "Новаазоўск" заняты расейскімі войскамі, на тэрыторыі РФ за ім стаіць калона. Украінскія памежнікі адышлі з пункта прапускання ўчора, пасля масаванага артабстрэлу з боку РФ, які доўжыўся 9 гадзін. Інфармацыя паступіла спачатку ад мясцовых жыхароў, яе пацвердзілі выведнікі батальёна, а затым і вайскоўцы, якія прынялі бой. Плюс памежнікі пацвердзілі", - удакладняе блогер.

Пазафракцыйны дэпутат Алег Ляшко піша ў "Фэйсбуку", што Новаазоўск ужо захоплены расейскімі войскамі.

"Каля вёскі Маркіна Новаазоўскага раёна - 36 расейскіх гаўбіц. Новаазоўск захоплены расейцамі. Цяпер на 8 БТРах вораг спрабуе атачыць нашу вайсковую групу, адцяць нашых ад Марыупаля", - адзначыў ён.

Таксама інфармацыю пра ўварванне пацвярджае ў "Фэйсбуку" і намкамбата "Азоў" Ігар Масійчук.

"Поўнамаштабнае ўварванне! Інфармацыя цалкам пацверджаная памежнікамі і добраахвотнікамі. Каля населеных пунктаў Маркіна і Шчарбак у Новаазоўск праз украінска-расейскую мяжу праткнулася блізу 30 танкаў з зафарбаваным маркаваннем Расейскай Федэрацыі пад сімволікай так званай "ДНР". Гэтая калона бранятэхнікі рухаецца ў бок Тэльманава і Амвросіеўкі ", - адзначае Масійчук.

Як паведаміў у "Фэйсбуку" кіраўнік групы "Інфармацыйны Супраціў" Дмытро Тымчук, частка калоны была знішчаная ўкраінскімі вайскоўцамі.

"Дзякуючы аперацыйным дзеянням украінскіх падраздзяленняў, калона была падзеленая. Асноўная частка калоны спыненая агнём нашых сіл. Частка калоны (папярэдне - 10 БТР, 2 танкі і 2 КамАЗы) працягнула рух углыб тэрыторыі Украіны. Сілы АТА робяць дзеянні для яе знішчэння", - паведаміў Тымчук.

Пазней інфармацыю пра ўварванне пацвердзілі і ў Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Як паведаміў сёння ў часе брыфінгу ў Кіеве прадстаўнік Інфармацыйна-аналітычнага Цэнтра РНБА Андрэй Лысенка, а 05:20 раніцы каля населеных пунктаў Шчарбак і Новаазоўск мяшаная калона бранятэхнікі ў складзе 10 танкаў, 2 БМП і 2 «Уралаў» парушыла дзяржаўную мяжу Украіны.

Фота з архіву РІА «Новости»

Напісаць каментар 114

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках