30 красавiка 2024, aўторак, 20:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія вытворцы малочных вырабаў знайшлі лаз у санкцыях Пуціна

2
Расейскія вытворцы малочных вырабаў знайшлі лаз у санкцыях Пуціна

На прылаўкі расейскіх крамаў можа вярнуцца пераважная частка забароненай малочнай прадукцыі з ЕЗ.

Нацыянальны звяз вытворцаў малака ("Саюзмалако") звярнуўся ў Мінсельгас з просьбай дазволіць імпартаваць з ЗША, ЕЗ, Нарвэгіі і Аўстраліі толькі спецыялізаваную безлактозную малочную прадукцыю, якая выкарыстоўваецца ў лячэбна-прафілактычных мэтах. Вытворцы малака паказваюць, што ў адваротным выпадку на прылаўкі расейскіх крамаў можа вярнуцца пераважная частка забароненай малочнай прадукцыі з ЕЗ, піша "Коммерсант".

"Саюзмалако", спасылаючыся на звесткі Расакрэдытацыі, паведамляе, што дазвол на ўвоз усёй безлактозной прадукцыі можа згуляць на руку найбуйнейшаму імпарцёру - фінскай Valio. У гэтай кампаніі амаль 70% прадукцыі (малако, ёгурты, вяршкі, сыр) у Расеі зарэгістравана як безлактозная. Толькі чатыры прадукты Valio задэкларавалі як спецыяльныя - гэта дзіцячае харчаванне, увоз якога ў Расею не абмежаваны. У расейскім офісе Valio заявілі, што ўжо пачалі аднаўляць пастаўкі ў Расею безлактозной прадукцыі, піша РБК.

Эмбарга на ўвоз прадуктаў харчавання з краін ЗША, ЕЗ і Аўстраліі ўрад Расеі ўвёў у пачатку жніўня. Праз два тыдні федэральныя чыноўнікі ўнеслі змяненні ў спіс забароненых прадуктаў, выключыўшы з яго ікру ласося, біялагічна актыўныя дабаўкі, вітаміны і безлактозную малочную прадукцыю.

У сваім лісце ў Мінсельгас "Саюзмалако" паказвае, што палёгкай могуць скарыстацца і іншыя заходнія вытворцы сыроў, тварагу ды іншай кісламалочнай прадукцыі. Каб вытворцы змаглі вярнуцца ў Расею, ім трэба будзе перарэгістраваць сваю прадукцыю, на што спатрэбіцца ад 30 дзён да двух месяцаў, папярэджваюць вытворцы малака.

Старшыня ўправы "Саюзмалака" Андрэй Даніленка заявіў выданню, што прадукцыю з утрыманнем лактозы лёгка пераўтварыць у безлактозную. Для гэтага, паводле ягоных слоў, досыць у малочную масу дадаць фермент, што расшчапляе лактозу. Таму, перакананы ён, частковы вывад з санкцыйнага спісу можа нівеліраваць усё дзеянне эмбарга на малако і малочную прадукцыю.

Выданне адзначае, што Мінсельгасе зварот "Саюзмалака" пакуль не атрымалі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках