30 красавiка 2024, aўторак, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забітых ва Украіне жаўнераў звольнілі з войска РФ заднім чыслом

35
Забітых ва Украіне жаўнераў звольнілі з войска РФ заднім чыслом

11 расейскіх дэсантнікаў загінулі падчас бою на тэрыторыі Украіны.

Дзевяць выведнікаў з 18-й мотастралковай брыгады былі перакінутыя з Чачні ў Растоўскую вобласць, Праваабаронцы запэўніваюць, што выведчыкі загінулі на тэрыторыі Украіны, піша gazeta.ru.

У аўторак чальцы Савета ў правах чалавека пры прэзідэнце РФ Сяргей Крывенка і Эла Палякова звярнуліся ў Следчы камітэт Расеі з просьбай высветліць абставіны гібелі дзевяці кантрактнікаў з разведгрупы 18-й мотастралковай брыгады. «Інфармацыю нам перадалі нашы партнёры - Камітэт салдацкіх маці Стаўрапольскага краю, - распавёў Сяргей Крывенка. - Гэтая мотастралковая брыгада вайсковай часткі 27777 размяшчаецца ў Чачні, яе перакінулі нібыта на вучэнні ў Растоўскую вобласць, а 9 і 11 жніўня вайскоўцы загінулі. Дзе і пры якіх абставінах - тут версіі розныя. Дакладных звестак няма».

Маці жаўнераў перадалі праваабаронцам спіс загінулых, але на сайце СПЧ паказваюцца толькі іх пасады і званні.

У спісе з радавымі выведнікамі, разведчыкамі-мінёрамі і разведчыкамі-гранатамётчыкамі стаяць старэйшы разведчык, камандзір аддзялення і камандзір групы. «Прозвішчы амаль усіх - відавочна дагестанскія. А ўзрост - ад 60-га года нараджэння да 90-га года нараджэння», - кажа Крывенка.

Ён дадае, што салдацкія маці не змаглі атрымаць тлумачэнне ў вайскоўцаў і наглядных органаў. «Калі б яны пасылалі лісты, то гэта была б вельмі доўгая працэдура. Нам СК можа даць адказ праз тры дні, але калі трэба будзе праводзіць расследаванне, то працэдура зацягнецца», - кажа сябра СПЧ.

Старшыня Камітэта салдацкіх маці Стаўрапольскага краю Людміла Багаценкава просіць ператэлефанаваць, бо да яе «забег намеснік пракурора», мабыць, з вайсковай пракуратуры, забраць спісы. «Ён прыехаў, папрасіў спісы аддаць і мець менш стасункаў з прэсай. Але мне 74 гады, я нічога не баюся ўжо, - кажа яна, тлумачачы, што інфармацыю ёй перадалі іншыя вайскоўцы. Паводле іх звестак, расейскія выведчыкі знаходзіліся на тэрыторыі Украіны. - Гэта дакладна быў горад Снежнае, мяжа Луганскай і Данецкай абласцей. Калону накрыла «Градам». Яна пералічвае прозвішчы, пасады, званні і даты нараджэння. Тлумачыць, што 9 жніўня загінулі дзевяць чалавек з батальёна спецпрызначэння. Але гэта далёка не поўны спіс. «А 11 жніўня загінулі яшчэ два чалавекі - камандзір рамонтнай роты, 27-гадовы старшы лейтэнант Яўген Піліпенка, начальнік інжынернай службы, 38-гадовы падпалкоўнік Юрый Пешкаў», - кажа Багаценкава. Яна дадае, што ёй вядома і аб іншых загінулых вайскоўцах на мяжы з Украінай, ёсць і параненыя, яны ў шпіталях Растова, Ханкалы і іншых гарадоў поўдня Расеі.

Целы загінулых вайскоўцаў вяртаюцца іх сем'ям. «Далей адпраўляюць «груз-200» родным і пішуць, што загінулы ўжо быў звольнены з Узброеных сіл, а памёр потым пры нявысветленых абставінах. У іншых выпадках пішуць, што загінуў на вучэннях на палігоне, - працягвае яна. - Сваякі - у Дагестане, мы тэлефанаваннямі абменьваемся. А што я магу ім сказаць, калі ім напісалі, што вайсковец памёр пасля звальнення.

Няма ніводнага выпадку, дзе б было сказана, што загінулі ў зоне баявых дзеянняў».

У Дагестане мясцовая апазіцыйная газета «Чарнавік» у канцы мінулага тыдня пісала аб гібелі вайскоўцаў са спасылкай на іх родных. Пяць загінулых - ураджэнцы сёл Буйнакскага раёна Новае Казанішча і Атланаул, яшчэ адзін - з сяла Шагада Хасаў’юртаўскага раёна. Яшчэ «груз-200» сустракалі ў Кізілюрце і вёсцы Беліджы Дзербентскага раёна і ў сяле Аксакай Хасаў’юртаўскага раёна. Крыніца выдання сцвярджае, што загінулыя кантрактнікі значацца паводле дакументаў загінулымі на вучэннях або звольненымі заднім чыслом.

У Мінабароны заявілі, што не валодаюць інфармацыяй аб гібелі расейскіх кантрактнікаў і не будуць каментаваць гэтае паведамленне.

Фота: Коммерсант

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках