30 красавiка 2024, aўторак, 19:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хэдлайнеры з пяці краін выступяць на «Камянiцы»

1
Хэдлайнеры з пяці краін выступяць на «Камянiцы»

Арганізатары фолк-фэсту «Камяніца» абвясцілі спіс удзельнікаў фестывалю.

У мерапрыемстве, якое пройдзе пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ», возьмуць удзел артысты з Беларусі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Расеі, піша «Штодзённік».

Як і раней, асноўную частку праграмы складаюць лепшыя беларускія фолк-гурты розных пакаленняў. З грандаў - легендарная «Троіца» і энергічныя Kriwi на чале з Веранікай Кругловай, чый дыск «Траўкамураўка» (2013) вясной атрымаў прыз за «Лепшы фолк-альбом» на ўзнагародах Experty.by. З больш маладых - электронная Shuma са светлавым шоу і рокеры Re1ikt са спецыяльнай акустычнай фолк-праграмай. Акрамя гэтага на малой сцэне выступяць фолк-гурты «Рада», «Гарынь», «Ягорава гара», на вялікай - фолк-тэатр «Яварына».

Разам з тым, з пункту гледжання замежных артыстаў гэта будзе самы зорны фестываль за ўсю гісторыю «Камяніцы». Акрамя ўжо абвешчанага DJ-сэта ад Алега Скрыпкі гледачоў чакае народны ар-эн-бі ў выкананні «Отава Ё» (Расея), запальныя фолк-хуліганы Ahmed Ma Hlad (Чэхія), рэп-рок-фолькавыя эксперыменты «Бандурбенд» (Украіна) , а таксама мультылінгвістычны праект Караліны Ціхай і Бартэка Палыгі (Польшча) - пры падтрымцы «Інстытута Польскага» яны прывязуць праграму, створаную на 9 мовах, на якіх гістарычна казала Беласточчына.

- Сёлета склад музычнай часткі фестывалю вельмі ўражвае. На мой погляд, практычна кожны з яго ўдзельнікаў можа быць хэдлайнерам любога еўрапейскага фальклорнага фестывалю, - адзначае Алег Хаменка, лідэр гурта «Палац» і нязменны вядучы «Камяніцы».

Акрамя гэтага гледачоў чакае кірмаш традыцыйных рамёстваў, старадаўнія танцы і гульні, а таксама выставы, майстар-класы і стравы нацыянальнай кухні ад лепшых шэф-кухароў. Як і раней, уваход для гледачоў у беларускіх народных строях будзе бясплатным. Мужчынскі касцюм павінен ўключаць галаўны ўбор, кашулю, пояс, штаны, камізэльку. Жаночы касцюм - галаўны ўбор (акрамя дзяўчат), спадніца, фартух, кашуля, пояс. Абутак у абодвух выпадках можа быць сучасным.

Квіткі на фэст ужо паступілі ў продаж праз сістэму ByCard. Кошт 60 тысяч рублёў. Купіць можна на сайце ці ў фірмовых касах. Грошы ад квіткоў дапамагаюць рэканструяваць і захоўваць экспанаты Музея народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо (4 км за аўтарынак «Малінаўка»), дзе і праходзіць фестываль. Пачатак мерапрыемства а 12.00, фінал - а 22.00.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках