16 красавiка 2024, aўторак, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Авакаў, Турчынаў, Парубій, Яцэнюк выйшлі з «Батькивщины»

8
Авакаў, Турчынаў, Парубій, Яцэнюк выйшлі з «Батькивщины»

Шэраг вядомых украінскіх палітыкаў пакінуў партыю «Батькивщина».

Сярод іх старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў, прэм'ер-міністр Арсень Яцэнюк, міністр унутраных спраў Арсен Авакаў, былы кіраўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэй Парубій. Большасць з іх пакуль не пракамэнтавала свой крок. Пра прычыны выхаду з «Батькивщины» распавёў толькі Арсен Авакаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Паводле ягоных слоў, пастанова была прынятая пасля паседжання палітрады партыі.

«Гэта былі доўгія гадзіны, - піша ён. - Я выйшаў з палітрады. Не стаў чакаць заканчэння абмеркавання і канчатковага расколу пазіцый. Не стану канфліктаваць і сварыцца з тымі, каго люблю і шаную. З тымі, з кім прайшоў цяжкі шлях. Не варта яно таго. Час і выпрабаванні нас аб'яднае зноў - нас сапраўдных, а не тых хто гайдае човен, а пры першых прыкметах навальніцы бяжыць прэч... Сяброўства выпрабаваннямі, тады на Майдане - сёння на вайне - для мяне часцяком вышэйшае за палітычныя пазіцыі. Яно вышэйшае, яно цяперашняе, яно дасць найвышэйшую дамінанту і, у канчатковым рахунку, звядзе нас усіх да правільнай развязкі».

Арсен Авакаў тлумачыць, у чым ён разышоўся з былымі аднапартыйцамі:

«Перад пачаткам выбараў, беручы пад увагу, што ўсе рызыкі, звязаныя з палітычнай нестабільнасцю падчас вайны, вельмі высокія; беручы пад увагу велізарныя праблемы ў эканоміцы - як чыннік газавай і гандлёвай вайны, абвешчанай нам пуцінскай Расеяй; беручы пад увагу, што вораг наўмысна разбурае аб'екты інфраструктуры і прамысловасці Данбаса, асуджаючы на цяжкую зіму мільёны ўкраінцаў; беручы пад увагу патрэбу закончыць постмайданаўскае перафарматаванне грамадства, намі быў высунуты ключавы тэзіс бягучага палітычнага працэсу на бліжэйшы час. Адзінства ўсіх дэмакратычных, майданаўскіх і патрыятычных сіл. Дзеля перамогі. Дзеля стабілізацыі краіны. Дзеля новай якасці. Праз амбіцыі і асабістую непрыязь. Пераадольваючы тактычныя супярэчнасці, дзеля стратэгічнага поспеху.

Прапаноўвалася яшчэ перад выбарамі падпісаць публічна з усімі згаданымі ўдзельнікамі працэсу пагадненне аб прынцыпах і мэтах фармавання новай, народнай кааліцыі ў абіраным парламэнце. «Батькивщина», УДАР Клічко, партыя Пятра Парашэнкі, «Свабода», «За Украіну» Славы Кірыленкі, «Еўрапейская партыя» Мыколы Катэрынчука плюс новыя, вылучаныя Майданам маладыя партыі і арганізацыі плюс пазапартыйныя актывісты і мажарытарнікі.

Падпісаць і публічна ўзяць на сябе перад людзьмі абавязкі. Мэты, задачы - адзінства і адмова ад уласных амбіцый на карысць стратэгічных інтарэсаў краіны. Без сварак у будучыні, дзяльбы і размытых пазіцый. З адкрытым забралам ісці на выбары - хай людзі ў рамках гэтых абавязкаў выбіраюць найлепшых.

У рамках парадыгмы першага пункта правесці зліццё (прыняць у свае шэрагі) пабрацімаў з партыі «За Украіну» Славы Кірыленкі, «Еўрапейскай партыі» Мыколы Катэрынчука ды шэрагу іншых партый. Фактычна пераўтвараючы фармат «Аб’яднанай апазіцыі Бацькаўшчына», з якім мы ішлі на выбары ў 2012 годзе, у фармат «Аб’яднанай «Батькивщины»цяпер.

Дакладна пазіцыянаваць будучыя выбары - як інструмэнт выканання волі народу, інструмэнт фармавання выканаўчай структуры гэтай волі. Вертыкалі Вярхоўная Рада -народная кааліцыя - урад. Прыняўшы парадыгму, што фактычна будучыя выбары - гэта выбары прэм'ер-міністра і ўрада. Гэта сумленная і прагматычная фармулёўка - тое, што трэба ў наш няпросты час.

У рамках гэтага прапаноўвалася, каб спіс аб'яднанай «Батькивщины» на выбарах узначаліў наш кандыдат на пасаду прэм'ер-міністра Арсень Яцэнюк. Пры тым, што лідэрам партыі, вядома, заставалася б Юлія Цімашэнка. Гэтая ідэя, дарэчы, упершыню была высунутая самой Юліяй Уладзіміраўнай - і вылучаць на прэм'ерства Арсенія, і прапаноўваць яму першае месца ў спісе.

Наогул - гэта ўсё. Тры, як мне здавалася, цалкам відавочныя карэкцыі да бягучага палітычнага працэсу - якія прычыніліся да вірлівай дыскусіі, росту неразумення сярод сяброў і ў выніку палітычнай адхіленасці, вельмі разлічваю, што не доўгай».

Арсен Авакаў падкрэсліў, што існаванне апазіцыі Парашэнку важнае, але ў гэты момант праеўрапейскія сілы Украіны павінны быць адзінымі.

«Не чакайце ад мяне ніводнага дрэннага слова на адрас маіх сяброў, і на жаль, сёння ўжо не палітычных партнёраў, - працягвае ён. - Гэтага не будзе. Не хачу прыпадабняцца да непісанага правіла ўкраінскай палітыкі. Разысціся ў палітычных поглядах на працэсы - не значыць увайсці ў канфлікт ды ліць бруд і абвінавачванні. У мяне ў Батькивщине - сябры. Мяне з гэтымі людзьмі шмат што лучыць, і, спадзяюся, яшчэ будзе шмат агульнага і добрага.

Хто сышоў? Турчынаў, Яцэнюк, Авакаў, Дзянісава, Пятрэнка, Грыневіч, Галаўко, Матэйчанка, Пашынскі, Парубій, Пышны, Бурбак, Хміль, Апостал, Емец, Лунчанка.

Што далей? Будзем бараніць, будаваць Украіну - вольную і шчаслівую. Хай з розных пазіцый, але разам!»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках