16 красавiка 2024, aўторак, 19:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія БМД і жаўнеры з белымі павязкамі з'явіліся ў Данбасе

20
Расейскія БМД і жаўнеры з белымі павязкамі з'явіліся ў Данбасе

Узброеныя мужчыны ў форме без апазнавальных знакаў з'явіліся ў выходныя ў вёсцы Каласкі Данецкай вобласці.

Пра гэта піша "Украінская праўда" са спасылкай на Reuters. 25 жніўня яны абсталявалі там умацаваны блок-пост, выклікаўшы падазрэнні мясцовых жыхароў.

З аповядаў двух відавочцаў, неапазнаныя вайскоўцы дзяліліся сухімі пайкамі з надпісамі на расейскай мове, а на рукавах у іх былі белыя павязкі - такія ж, як у 10 дэсантнікаў, затрыманых украінскімі вайскоўцамі ў Зяркальным, прыкладна за 7 кіламетраў ад Каласкоў.

Адзін з затрыманых на допыце, знятым на відэа, сказаў, што ім загадалі надзець белыя павязкі. Расейскае кіраўніцтва ж сцвярджае, што дэсантнікі знаходзіліся на вучэннях на расейскім баку мяжы і патрапілі ва Украіну памылкова.

Два відавочцы сказалі, што ўзброеныя людзі ў Каласках не мелі на уніформе і бронемашынах знакаў адрознення, якія б пэўна паказвалі б на іх прыналежнасць да расейскага войска.

Жыхар вёскі Каласкі Дзмітрый Чысцюхін распавёў, што мясцовыя частавалі байцоў салёнымі агуркамі і хатняй ежай, а тыя ў адказ дзяліліся сухімі пайкамі. Надпісы на пайках былі па-расейску, а не па-ўкраінску.

Апазнавальныя знакі на бронемашынах зафарбаваныя белымі коламі.

Калі жыхары пад'ехалі да блок-поста і спыталі ў байцоў, ці можна праехаць да суседняй вёсцы Камсамольскае, узброеныя людзі, са слоў Чысцюхіна, спыталі: "Дзе гэта?".

"Людзі на новым блок-посце - гэта былі "ветлівыя" вайскоўцы,"зялёныя чалавечкі". Відавочна не украінскія. Яны дакладна не адсюль", - сказаў ён.

Яшчэ адзін сведка на імі Аляксей сказаў, што ўзброеныя людзі ў адказ на пытанне, хто яны, сказалі мясцовым жыхарам, што прыйшлі "абараняць іх". "Гэта падобна да прамога ўварвання", - сказаў Аляксей.

Паводле ягоных слоў, ён і ягоныя суседзі з нядзелі налічылі ў Каласках і наваколлі 38 баявых машын дэсанту і два запраўшчыкі. Яны бачылі і мноства вайсковых грузавікоў з людзьмі.

Пасля прыбыцця вайсковых калон у ваколіцах пачаўся артабстрэл, кажа Аляксей, дадаючы, што не ведае, хто страляў.

Абодва відавочцы сказалі, што ўпершыню ўбачылі зноў бронетэхніку, у тым ліку магутную зенітна-ракетную ўстаноўку і артылерыйскія прылады, у нядзелю раніцай.

Як вядома, Масква адмаўляе абвінавачванні ў падтрымцы сепаратыстаў ва Украіне. Довады ўдзелу расейскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях на Данбасе могуць паўплываць на пазіцыю свету і развязанне сітуацыі.

"Ветлівыя людзі" і "зялёныя чалавечкі" - так называлі расейскіх вайскоўцаў без знакаў адрознення, якія захапілі ключавыя аб'екты ў Крыме перад не прызнаным светам "рэферэндумам", пасля якога Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў.

Каласкі – паселішча ў Старабешэўскім раёне Данецкай вобласці Украіны. Насельніцтва паводле перапісу 2001 складала 482 чалавекі.

Архіўнае фота AP

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках