19 красавiка 2024, Пятніца, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін: Расейскія дэсантнікі заблукалі. Сур'ёзна

113
Пуцін: Расейскія дэсантнікі заблукалі. Сур'ёзна

Уладзімір Пуцін запэўнівае, што дэсантнікі, затрыманыя ва Украіне, патрапілі туды выпадкова.

Прэзідэнт Расеі ў пятніцу прыбыў у Цвярскую вобласць, дзе праходзіць 10-ы ўсерасійскі моладзевы форум "Селігер 2014". Падчас размовы з удзельнікамі форуму кіраўнік дзяржавы адказаў на шэраг пытанняў, якія тычацца ўнутранага ладу краіны і яе замежнай палітыкі, а таксама, як і чакалася, закрануў тэму крызісу ва Украіне.

Уладзімір Пуцін пракаментаваў інфармацыю пра тое, што ў Данбасе патрапілі ў палон расейскія дэсантнікі. Са слоў прэзідэнта, яны там апынуліся выпадкова. "На самой справе гэта праўда, і я цяпер кажу сур'ёзна. Я веру, што яны заблукалі, бо там няма маркіраванай мяжы", - сказаў Пуцін.

З ягоных слоў, хутка вайскоўцы павінны вярнуцца назад, паведамляе BBC. "Мы з Пятром Аляксеевічам Парашэнкам пра гэта размаўлялі, і ён запэўніў мяне ў тым, што расейскія вайскоўцы будуць перададзеныя Расеі гэтак жа, як мы перадавалі і перадаём да гэтага часу ўкраінскіх ваеўнікоў", - заявіў ён.

Паводле інфармацыі расейскага прэзідэнта, камандаванне ўкраінскага войска вырашыла не карыстацца гуманітарным калідорам, які раней паабяцалі арганізаваць сепаратысты. "Я думаю, што гэта каласальная памылка, якая прывядзе да вялікіх чалавечых ахвяр", - заявіў Пуцін. Расейскі лідар таксама зноў заклікаў Кіеў пачаць перамовы з баевікамі.

Ацэньваючы дзеяннямі ўкраінскіх вайскоўцаў на паўднёвым усходзе Украіны, прэзідэнт РФ правёў прамую аналогію з тактыкай фашысцкіх войскаў на тэрыторыі СССР у гады Другой сусветнай вайны. "Як ні сумна, мне гэта нагадвае нават падзеі Другой сусветнай вайны, калі нямецка-фашысцкія акупанты, войскі атачалі нашы гарады, дапусцім, Ленінград, і прамой наводкай расстрэльвалі гэтыя населеныя пункты і іх жыхароў", - сказаў Пуцін. "Вы бачыце, да чаго мы прыйшлі? Гэта жудасна, гэта катастрофа", - сказаў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, сёння ўсё прыйшло да таго, што "і малыя населеныя пункты, і буйныя гарады акружаны ўкраінскім войскам, якое прамой наводкай наносіць удары па жылых кварталах з мэтай разбурыць інфраструктуру, здушыць волю апалчэнцаў".

Прэзідэнт РФ таксама патлумачыў сэнс "вайскова-гуманітарнай" аперацыі, якая праводзіцца прадстаўнікамі ДНР і ЛНР на ўсходзе Украіны. "Я цалкам магу зразумець апалчэнне паўднёва-ўсходу, Данбаса, Луганску, што яны распачалі спробы - чаму яны называюць гэтую аперацыю вайскова-гуманітарнай, у чым сэнс сённяшніх дзеянняў - адсунуць ад буйных гарадоў артылерыю і сістэмы залпавага агню, каб яны людзей не маглі забіваць", - сказаў Пуцін.

Пуцін таксама адзначыў, што тое, што цяпер адбываецца на паўднёвым усходзе Украіны, магло б адбывацца і ў Крыме, які вясной увайшоў у склад Расеі. Пры гэтым ён у чарговы раз падкрэсліў, што РФ не анэксавала Крым, а абараніла яго. "Мы яго не забіралі, не анэксавалі яго. Мы далі магчымасць людзям выказаць сваю пазіцыю і з павагай да яе паставіліся", - сказаў прэзідэнт Расеі.

Нагадаем, раней Мінабароны РФ зрабіла заяву, што расейскія дэсантнікі выпадкова трапілі на тэрыторыю Украіны.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках