2 траўня 2024, Чацвер, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сікорскі: Адмова Украіны ад «жэнеўскага фармату» перамоваў - памылка

5
Сікорскі: Адмова Украіны ад «жэнеўскага фармату» перамоваў - памылка

Але Кіеў сам вызначае, у якія сталіцы ездзіць і з кім размаўляць.

Міністр замежных спраў Польшчы ўважае за памылку ўкраінскай улады адмову ад вядзення перамоваў з Расеяй у справе крызісу на Данбасе ў «жэнеўскім фармаце» з удзелам прадстаўнікоў ЕЗ і ЗША.

Пра гэта ён сказаў у апублікаваным сёння інтэрв'ю выданню Polska The Times, паведамляе УНІАН.

«Сам Кіеў адмовіўся ад «жэнеўскага фармату», гэта значыць, размоў на ўзроўні Украіна-Расея-ЕЗ-ЗША. На маю думку, гэта было памылкай», - сказаў ён. Польскі міністр прызнаў, што гэта магло быць вынікам націску розных бакоў на ўкраінскую ўладу, падкрэсліўшы, што Кіеў на самой справе сам вызначае «ў якія сталіцы ездзіць і з кім размаўляць».

У той жа час, Сікорскі станоўча ацаніў актыўнасць Нямеччыны ў развязанні крызісу ва Украіне. «Тое, што найбуйнейшая краіна Еўразвязу, а менавіта Нямеччына, з'яўляецца найбольш актыўнай у гэтай справе і спрабуе садзейнічаць нейкаму выйсцю, з'яўляецца добрым, а не дрэнным. Калі б Берлін не быў у гэтай справе актыўным, Кіеў быў бы ў горшай сітуацыі, чым цяпер», - сказаў польскі міністр. Ён адзначыў, што актыўнасць немцаў, а таксама французаў з'яўляецца таксама вынікам рэалізаванай раней палітыкі Польшчы.

Нагадаем, што ўчора ў Менску Радаслаў Сікорскі сустракаўся з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем.

Як паведамлялася, сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Расеі, ЗША і высокай прадстаўніцы ў замежных пытаннях ЕЗ адбылася 17 красавіка 2014 г у Жэневе. У выніку размоў была падпісаная дэкларацыя, рэалізацыя палажэнняў якой павінна прывесці да спынення гвалту ў Данбасе, але на практыцы гэта так і не было выканана.

Пасля крызіс ва Украіне стораны планавалі развязаць у рамках так званага «берлінскага фармату» пры ўдзеле міністраў замежных спраў Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны, якія адбыліся ў ліпені і жніўні, але таксама не прывялі да спынення канфлікту.

На гэтым тыдні ў чарговы раз паспрабавалі развязаць крызіс ужо прэзідэнты Украіны і Расеі, якія ўпершыню правялі перамовы адзін на адзін у Менску, але нягледзячы на станоўчыя дэкларацыі наступнага дня Расея ўвяла новую групу сваіх войскаў ва Украіну, чым яшчэ больш абвастрыла сітуацыю ў Данбасе. Паводле апошніх звестак ААН, супрацьстаянне ўкраінскіх сілавікоў і баевікоў, якіх падтрымлівае Расея, ужо забрала жыцці амаль 3 тысяч чалавек уключна з ахвярамі збітага сепаратыстамі самалёта малайзійскіх авіяліній, у якім было амаль 300 чалавек.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках