3 траўня 2024, Пятніца, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Памідораў: Выступаць разам з Валерыяй - тое самае, што ісці ў паліцаі

18
Аляксандр Памідораў: Выступаць разам з Валерыяй - тое самае, што ісці ў паліцаі

Артыст павінен сваім прыкладам дэманстраваць, як трэба рэагаваць на прапаганду.

Лідэр гурта «Воплі Відаплясава» Алег Скрыпка адмовіўся ад удзелу ў канцэрце спявачкі Валерыі, які пройдзе ў Лондане 21 кастрычніка 2014 года. Прычынай стала адкрытая падтрымка спявачкай палітыкі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

«Цяпер ва Украіне ідзе вайна. І вайна ідзе не толькі на тэрыторыі нашай шматпакутнай краіны, а ідзе ў галовах людзей, - заявіў артыст Алег Скрыпка у сваім відэазвароце з нагоды адмовы ўдзельнічаць у згаданым канцэрце. - Я вельмі стаміўся ад шматлікіх чутак і дэзінфармацыі аб маіх сябрах і пра сябе асабіста. Я хачу сказаць, што я не еду ні ў які Крым, ні ў якую Англію. Я - за Украіну, я - за адзіную Украіну».

Наколькі важны для музыкаў расейскі рынак і ці патрэбныя народу, ды і самім артыстам, публічныя абвяшчэнні сваёй асабістай грамадзянскай пазіцыі? Лідэр беларускага гурта «Pomidor/Off» Аляксандр Крывашэеў (Памідораў) як чалавек з досведам прызнае значнасць расейскага рынка з эканамічнага пункту гледжання, але не бачыць сэнсу ва ўзвядзенні яго ў абсалют творчага поспеху, піша eurobelarus.info.

«У нас з моманту здабыцця так званай незалежнасці, стала ідзе мармытанне на тэму «як добра было ў СССР». І цяперашняя палітычная сістэма на гэтым жа міфе пабудаваная. У гэтым міфе цэнтрысцкая тэорыя, галоўнае месца - Масква, прабіцца можна толькі там. Міф жыве, у тым ліку, і сярод артыстаў. Калі ты адзначыўся ў Маскве, калі твае песні выконваюць расейскія артысты, значыць поспех ёсць. Я ведаю людзей, песні якіх гучаць у рэпертуары расейскіх выканаўцаў, але гэтыя людзі не задзіраюць нос і не робяць з гэтага факту культу. А ёсць людзі, якія думаюць, што толькі ў Маскве яны і праб'юцца. Але часта сітуацыя складваецца так: ад крумкача адчапіліся, а да павы не прычапіліся. Безумоўна, расейскі рынак большы - блізу ста мільёнаў плацежаздольнага насельніцтва, і ўмоўныя заробкі ў артыста могуць быць там істотна большымі, чым у дзевяцімільённай Беларусі. Супраць нашага рынку мастацтва дзейнічае і асабліва ўтылітарнае стаўленне: у нас артыст патрэбен толькі на дзяржаўных імпрэзаў, вяселляў і пахаванняў, а ў астатні час ты нікому не патрэбны.

Калі гурт «Ляпіс Трубяцкі» трапіў у абойму і яму сапраўды спатрэбіўся большы рынак, ён пайшоў у Расею. Але «Ляпісы» ніколі не пазіцыянавалі сябе як расейскі гурт, і нават падкрэслівалі, што яны - беларускі, менскі гурт. Ёсць жа калектывы, якія, наадварот, з пенай з рота гатовыя намагаць, што яны расейскія, хоць паўжыцця пражылі ў Менску, Магілёве ці Баранавічах. Але гэта - пытанне маральнага выбару і кожны яго робіць для сябе».

Што да публічнага агучвання сваёй пазіцыі Алегам Скрыпкам і адмовы артыста выступаць супольна з Валерыяй, то Аляксандр Крывашэеў уважае гэты ўчынак за абсалютна лагічны. «Вы ўявіце сабе аналагічную сітуацыю ў Беларусі. Напрыклад, з абвяшчэннем Магілёўскай народнай рэспублікі, падтрымкай гэтага фармавання з боку чужой дзяржавы і гэтак далей..., - разважае лідэр гурта «Pomidor/Off». - Праява грамадзянскай пазіцыі залежыць выключна ад выхавання і светапогляду чалавека. Хтосьці прывык цалаваць руку боса, не важна, чыя яна».

«Калі ж на тваёй радзіме ідзе вайна, і калі людзі з твайго цэха, але з суседняй краіны пачынаюць выказвацца, што гэта правільна і добра, то для мяне лагічна паўстане пытанне «з якога перапуду я павінен ўзаемадзейнічаць з такімі людзьмі? - тлумачыць сваю пазіцыю лідэр гурта «Pomidor/Off». - Многія мяркуюць, што артыст - гэта проста птушка, якая павінна спяваць. Але абсалютна правільна выказаць сваю пазіцыю, таму што гэта мая зямля-краіна, і тут жа адбываюцца жудасныя рэчы.

Гэты канфлікт закрануў не толькі Расею ды Украіну, але і ўвесь свет. Вы не ўяўляеце, што адбываецца цяпер у акторскім цэху! Давялося з некаторымі людзьмі нават перапыніць кантакты, каб не псаваць сабе настрой. Учынак Алега Скрыпкі як чалавека, які паслядоўна абароніць украінскую культуру, украінскую ідэнтычнасць абсалютна лагічны. Выступіць на такім канцэрце супольна з артыстам, які падтрымлівае ўварванне ў тваю краіну, усё роўна, што ісці ў паліцаі. І ў такія вострыя моманты вельмі важна, каб публічныя людзі, якім давяраюць, сваім прыкладам паказвалі, як трэба паступаць з прапагандай».

Фота: kp.by

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках