3 траўня 2024, Пятніца, 1:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянціна Бялькевіча пахавалі побач са Ступкам і Лабаноўскім

6
Валянціна Бялькевіча пахавалі побач са Ступкам і Лабаноўскім

Развітанне з выдатным беларускім футбалістам Валянцінам Бялькевічам адбылося ў Кіеве.

Яго сэрца раптам спынілася ў ноч на 1-га жніўня.

Развітацца з легендай украінскага і беларускага футбола на стадыён «Дынама» прыйшлі сотні людзей. Па чарзе яны заходзілі ў памяшканне, пакідалі кветкі, успаміналі Валянціна Бялькевіча, казалі апошнія словы, развітваліся, перадае «Корреспондент».

Тут яго бацькі, жонка Алеся, сын Уладзімір, сваякі, бліжэйшы сябар Валянціна Аляксандр Хацкевіч, разам з якім яны пачыналі футбольную кар'еру ў менскім «Дынама», затым разам перайшлі ў «Дынама» кіеўскае і былі не разлі вада ў паўсядзённым жыцці.

Былі і іншыя блізкія людзі, сябры, дынамаўцы розных пакаленняў, супрацоўнікі Федэрацыі футбола Украіны і Беларусі, ветэраны, партнёры па камандзе, калегі, украінцы з асноўнай каманды амаль у поўным складзе разам з трэнерскім штабам «Дынама-2», выхаванцы ДЮФШ, супрацоўнікі ФК «Дынама» (Кіеў), лекары, адміністратары, журналісты і простыя заўзятары, якія захапляліся гульнёй Валянціна Бялькевіча. Прыехала з ЗША і былая жонка Валянціна Ганна Седакова з дачкой Алінай.

Шмат выхаванцаў Бялькевіча, якія раней гулялі за маладзёжную каманду U-19 прыйшлі развітацца з ім. Усклалі кветкі, пастаялі, узгадалі...Простыя заўзятары прыходзілі праводзіць свайго куміра ў апошні шлях у футболках з яго прозвішчам і нумарам на спіне.

Акрамя кветак, якіх была проста незлічоная колькасць, блізкія людзі прыносілі дзясяткі вянкоў. На іх можна было прачытаць розныя надпісы: «Ад журботнае маці», «Ад жонкі Алесі і сына Валодзі. Вельмі любім»,«Каханаму таце ад дачкі Аліны», «Ад сваякоў з Беларусі», «Ад сям'і Касоўскіх», «Ад сям'і Шацкіх. Памятаем, смуткуем», «Ад сям'і Аліевых», «Ад сябра Андрэя Шаўчэнкі», «Дарагому адзінаму», «Ад Суркіса Рыгора Міхайлавіча», «Ад ФК «Дынама» Менск», «Ад «Дынама», «Ад каманды «Дынама-2», «Ад беларускай Федэрацыі футбола», «Ад Федэрацыі футбола Украіны», «Ад сяброў з БК «праменад», «Са смуткам Валіку», «Дарагому трэнеру», «З любоўю і смуткам», і г.д.

З гэтых вянкоў утварыўся жывы калідор, па якім Валянціна Бялькевіча неслі да машыны пад апладысменты ўсіх прысутных.

Потым зноў жа пад апладысменты гледачоў, якія занялі тры сектары на стадыёне, і дынамаўскі гімн катафалк з труной зрабіў апошні круг пашаны для выдатнага футбаліста і трэнера і адправіўся на Байкавыя могілкі.

Пахавалі Валянціна Бялькевіча на 52-м участку каля магілы Багдана Ступкі. Там жа побач пахаваны і Валерый Лабаноўскі - яго настаўнік.

Нагадаем, былы футбаліст і трэнер кіеўскага Дынама Валянцін Бялькевіч памёр на 42-м годзе жыцця, прычынай смерці экс-паўабаронцы кіеўскай каманды стаў тромб, які адарваўся.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках