28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абранне Туска

Абранне Туска

Дональд Туск узначаліць Еўрапейскую раду. Хто ўзначаліць урад Польшчы?

Абранне Дональда Туска на прэстыжную пасаду кіраўніка Еўрапейскай рады (часам гэтую пасаду не зусім дакладна называюць «прэзідэнтам Еўразвяза») можа сур'ёзна змяніць палітычную сітуацыю ўнутры самой Польшчы, паведамляе «Радыё Свабода».

Дональд Туск - лідар ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа», якая двойчы запар перамагла ў парламенцкіх выбарах, чаго ў найноўшай гісторыі Польшчы яшчэ ніколі не здаралася. Ён кіруе ўрадам краіны ўжо 7 гадоў. Гісторык па адукацыі, актывіст «Салідарнасці» ў камуністычныя часы, гэты палітык стварыў партыю, у якой з часам стаў адзіным лідарам, адхіляючы ад вядучых роляў патэнцыйных канкурэнтаў.

Менавіта гэта, як мяркуюць у яго асяроддзі, стала прычынай таго, што сам цяперашні прэм'ер раней не раз адмаўляўся прыняць прапанову пераехаць у Брусэль. Ён меркаваў, што няма на каго пакінуць партыю, бо праз год выбары, у якіх «Грамадзянская платформа» без Дональда Туска можа саступіць. На гэты раз Туск не адмовіўся, і яго кандыдатура была зацверджаная на саміце ЕЗ, які прайшоў у суботу ў Брусэлі. Туск зменіць у якасці кіраўніка Еўрапейскай рады Хермана ван Рампея, які сыходзіць у адстаўку.

Між тым спікер польскага Сэйма Эва Копач - адна з бліжэйшых супрацоўніц Туска - заявіла, што ў партыі ёсць людзі, якія могуць замяніць цяперашняга лідара, а яна сама гатовая заняць пасаду прэм'ер-міністра:

- Калі чалавек ідзе ў палітыку, то трэба разумець, што для службы Польшчы прыйдзецца выконваць розныя заданні. Калі сітуацыя гэтага патрабуе, то я скажу «так».

Хоць Эва Копач разглядаецца, як галоўная кандыдатка на месца прэм'ера, на сённяшні дзень дакладна не вядома, хто заменіць Дональда Туска і на гэтай пасадзе, і ў якасці лідара «Грамадзянскай платформы», і зможа кіраваць самай уплывовай у краіне партыяй так, каб не дапусціць у ёй расколу. Хіба што новы кіраўнік Еўрапейскай рады прыме пастанову застацца кіраўніком «Грамадзянскай платформы», спрабуючы спалучыць гэтыя дзве функцыі.

Між тым у самой Варшаве поспех Дональда Туска расцэньваецца як поспех усёй Польшчы. Яго кандыдатуру падтрымлівалі практычна ўсе лідары апазіцыйных партый. «Гэта вялікі асабісты поспех Туска і велізарны поспех Польшчы», - заявіў лідар апазіцыйнай партыі «Твой рух» Януш Палікот.

Выбар Дональда Туска - гэта таксама сігнал для Расеі, заявіў у эфіры польскага тэлеканала TVN палітычны аглядальнік і былы дэпутат парламента Пётр Гадзіноўскі:

- Прымаючы да ўвагі тое, што нашы «браты-славяне» расейцы кажуць аб нашым прэм'еры, яго абранне на гэты пост было б таксама пэўным відам санкцый.

Сам Дональд Туск, выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі ўжо пасля абрання на пасаду кіраўніка Еўрапейскай рады, закрануў, прынамсі, тэму сітуацыі ва Украіне, заявіўшы, што ў ЕЗ неабходна прыйсці да адзінага меркавання ў гэтым пытанні:

- Драматычныя падзеі патрабуюць выпрацоўкі адзінай пазіцыі. Гэта тычыцца сітуацыі як ва Украіне, так і ў Сірыі. Мы павінны штодня задаваць сабе пытанне - як нам усім разам адказаць на гэты выклік? І падмуркам павінна стаць уменне выпрацаваць сумесны пункт гледжання. Мы дапаможам Украіне, нашым суседзям на поўдні выключна тады, калі такое ўменне будзе дасягнутае. Мы павінны быць адначасова адважнымі і адказнымі, - заявіў новаабраны кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках