6 траўня 2024, панядзелак, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаргінец прапануе прыбраць са школьнай праграмы Бураўкіна

49
Чаргінец прапануе прыбраць са школьнай праграмы Бураўкіна

Афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі патрабуе перагледзець школьную праграму.

Арганізацыя, якой кіруе генерал міліцыі Мікалай Чаргінец, накіравала ў Міністэрства адукацыі ліст з прапановамі перагледзець школьную праграму беларускай літаратуры. Аб гэтым сказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» сакратар СПБ Георгій Марчук.

Прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна паведаміла, што ў яе няма ніякай інфармацыі ні пра сам ліст ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, ні пра магчымыя змены ў школьнай праграме беларускай літаратуры.

У Нацыянальным інстытуце адукацыі, які непасрэдна займаецца распрацоўкай навучальных праграм, сказалі, што ніякіх прапаноў аб зменах у змесце вывучэння беларускай літаратуры ў школах краіны яны таксама не маюць. Прынамсі, намеснік дырэктара інстытута Мікалай Яленскі нічога пра ліст з прапановамі афіцыйнага Саюза пісьменнікаў не ведае.

Са слоў Яленскага, у 2014-15 навучальным годзе настаўнікі роднай літаратуры будуць працаваць паводле праграмы, зацверджанай два гады таму.

Праўда, на сайце Міністэрства адукацыі ёсць «Інструктыўна-метадычнае пісьмо «Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2014/2015 навучальным годзе», ад 25 чэрвеня 2014 года. Дакумент прапануе некаторую карэкцыю шэрагу пазіцый праграмы. У прыватнасці, наступную:

«7 клас - у раздзеле трэцім «Паэзія. Разнастайнасць ідэйна-эстэтычнага пафасу паэтычных твораў» твор Рыгора Барадуліна «Мы - беларусы» дазваляецца перанесці са спісу для чытання і вывучэння ў спіс для чытання і абмеркавання і не прапанаваць для завучвання на памяць. Замест яго для завучвання на памяць можна выкарыстоўваць твор Максіма Танка «Дрэвы паміраюць»;

У 7 класе верш Р. Барадуліна «Мы - беларусы» (як твор з рубрыкі «Для чытання і абмеркавання») мэтазгодна разглядаць ва ўзаемасувязі з творам Анатоля Вярцінскага «Рэквіем па кожнаму чацвёртаму». Аднуя гадзіна, якая вызваляецца пры гэтым, можа быць перанесеная ў раздзел V «Паэзія ў прозе і проза ў паэзіі».

Іншых рэкамендацый, якія б сведчылі пра істотныя змены праграмы, у тэксце ліста няма. Але прапановы, каб зрабіць гэта, ёсць. Яны зыходзяць ад «чаргінцоўскага» саюза пісьменнікаў. Гэта пацвердзіў сакратар СПБ Георгій Марчук. Праўда, ідэалагічны прынцып адбору твораў і аўтараў ён спачатку адмаўляў:

«Мы толькі прапанавалі знайсці найлепшае ў кожнага. І ні ў якім разе не выключаць, скажам, нейкага пісьменніка за тую ці іншую ягоную пазіцыю альбо за той ці іншы ягоны твор, які, можа, не адпавядае патрэбам школьніка або ўстаўлены быў з валюнтарысцкіх меркаванням раней, гадоў дваццаць таму, калі ўсё пераглядалася пасля развалу СССР».

Але пазней Марчук сам сябе зняпраўдзіў. «Ну як мы можам уключыць або раіць уключыць абавязкова верш нябожчыка Бураўкіна «Панове, вы здрадзілі. Прыйдзе гадзіна, мы вам адпомсцім. Беражыцеся!» Я ўжо не памятаю дасканала - пра што там. Ну, які шантаж, пагроза. Каму... Мы не можам прапагандаваць крайнія падыходы чалавеканенавісніцтва, толькі прымаць меркаванне аднаго чалавека, не ўлічваючы тое, што таленавітыя людзі прапануюць і сваё».

Георгій Марчук не агучыў імёнаў гэтых новых «талентаў», якія, згодна з ягонымі прапановамі, павінны замяніць у школьнай праграме прызнаных творцаў. Іх імёны, паводле ягоных слоў, стануць вядомыя ў верасні, калі прапановы будуць абмеркаваныя і прынятыя адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі.

Але ўжо цяпер можна быць упэўненымі, што ні творы лаўрэатаў прэміі імя Гедройца Паўла Касцюкевіч, Уладзіміра Някляева і Ігара Бабкова, ні лаўрэата прэміі «Еўрапейскі паэт свабоды» Уладзіміра Арлова, ні кіраўнікоў Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра Барыса Пятровіча і Андрэя Хадановіча, ні іншых прызнаных не толькі на радзіме пісьменнікаў, чые погляды не супадаюць з пазіцыяй цяперашняй улады, не будуць уключаныя ў школьную праграму.

У ёй яшчэ значацца адным-двума вершамі імёны народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, іх сяброў і аднадумцаў Анатоля Вярцінскага і Генадзя Бураўкіна. Але ў школьным тыднёвым раскладзе беларускай літаратуры адведзена ў 5-6 класах па два ўрокі, а ў старэйшых і зусім адзін. Так што дзеля новых, так бы мовіць, афіцыйных «талентаў» кагосьці давядзецца выключаць.

Нагадаем, Генадзь Бураўкін - аўтар больш як двух дзесяткаў паэтычных кніг, на многія ягоныя вершы напісаны песні, а «Калыханку» Бураўкіна многія беларусы ведаюць з пялюшак.

Паэт памёр 30 траўня на 78-м годзе жыцця ад анкалагічнага захворвання.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках