Актывістка БХД абскарджвае сваё звальненне праз суд
11- 7.08.2014, 12:29
- 9,186
Бібліятэкарку з 23-гадовым стажам працы звольнілі за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Актывістка, прамоўца Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на мясцовых «выбарах» 2014 года, маці траіх дзяцей Святлана Грыцэнка абскарджвае сёння сваё звальненне.
Яна працавала бібліятэкаркай з верасня 1991 года, але ў чэрвені дзяржустанова культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна» з ёй, бібліятэкарам 1-й катэгорыі аддзела працы з дзецьмі цэнтральнай бібліятэкі, не падоўжыла кантракт. Пры гэтым за 23 гады працы яна ні разу не прыцягвалася да дысцыплінарнай адказнасці, паведамілі сайту charter97.org у прэс-службе БХД.
Яшчэ 25 красавіка ёй прыйшло паведамленне аб падаўжэнні кантракту, на якое яна дала згоду. Аднак 2 траўня дырэктар Любоў Сгабо паведаміла прамоўцы БХД, што пасля 4 чэрвеня яна працаваць не будзе ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракту. Пры гэтым Святлана Грыцэнка была звольненая, будучы дзейнай старшынёй прафзвязнай першаснай арганізацыі бібліятэчных работнікаў Бабруйскага раёна.
Сваё звальненне яна звязвае з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і ўдзелам у мясцовай кампаніі. Актывістка таксама ўзгадвае, як яна выступіла супраць прымусовага продажу 11 красавіка супрацоўнікам бібліятэкі дырэктарам пратэрмінаваных латарэйных квіткоў за 9 красавіка. Тады яна не толькі выказала сваю нязгоду, але і вынесла праблему на абласны ўзровень, чым страшэнна абурыла дырэктара.
Сваё звальненне Святлана Грыцэнка абскарджвае ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна. Праз суд яна спрабуе дамагчыся аднаўлення на працы, выплаты заробку за вымушаны прагул і маральную шкоду. Паводле ейных слоў, звальненне адбілася моцна на яе здароўі і выклікала стрэс у дзяцей.
У судзе дырэктар абвінавачвае звольненую актывістку ў няякаснай і дрэннай працы, аднак адсутнасць папярэджанняў растлумачыць не можа. У той жа час калегі Святланы Грыцэнкі ацэньваюць яе працу станоўча, а прадстаўнікі абласнога абкама прафзвязу сцвярджаюць, што дырэктар не ўзгадняла з імі звальненне прафзвязнага лідэра. Адзначым, што падчас судовага паседжання з залы суда была выдаленая каардынатарка абласнога аргкамітэта БХД Таісія Кабанчук за тое, што вяла аўдыёзапіс працэсу.
Вынясенне прысуду адбудзецца ў чацвер 7 жніўня. Пачатак а 16.00.