6 траўня 2024, панядзелак, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Год без ежы: якіх прадуктаў пазбавіліся расейцы

61

Сярод стратаў - як дэлікатэсы, так і многія звыклыя прадукты.

Увядзенне забароны на пастаўкі асобных тыпаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі з краін, якія далучыліся да санкцый супраць Расеі, як мінімум на год пакіне расейцаў без цэлага шэрагу харчовых тавараў, замяніць якія мясцовымі аналагамі ці прадуктамі з Беларусі, Казахстана ці Лацінскай Амерыкі будзе даволі складана. У гэтым спісе як еўрапейскія дэлікатэсы - французскія вустрыцы і фуа-гра, гішпанскі хамон і італійсскае прашута, так і простыя, але звыклыя прадукты - напрыклад, знаёмы з савецкіх часоў фінскі плаўлены сыр «Віёла», які вырабляецца выключна з фінскага малака, піша РБК.

Хамон - сыравялены свіны кумпяк, нацыянальны гішпанскі дэлікатэс. Падзяляюць хамон серано (з белай свінні) і хамон іберыка (з чорнай). Кожны кумпяк, які ідзе ў продаж, сертыфікуецца ўпаўнаважанымі органамі гішпанскага Мінсельгаса.

Вустрыцы - марскі двухстворкавыя малюскі і дэлікатэс. Найбуйнейшыя вытворцы вустрыц - Францыя, ЗША, Японія, Партугалія, Ірландыя, Канада, Аўстралія, Нарвэгія, Гішпанія, Галандыя. Асабліва цэняцца французскія вустрыцы, выгадаваныя ў правінцыях Нармандыя, Паўночная і Паўднёвая Брэтань, Рэ, Марэн д'Олерон, Аркашон.

Нарвэжскі ласось - адна з найважнейшых прамысловых культур Нарвэгіі, аснова рыбнага экспарту з Нарвэгіі ў Расею. У I паўгоддзі 2014 Нарвэгія экспартавала ў Расею 113 тысяч тон рыбы і морапрадуктаў на агульную суму $464 млн (з іх $303 млн прыйшліся на продажы ласося).

Сыр з цвіллю - спецыяльна распрацаваныя гатункі сыру, што вырабляюцца з даданнем бясшкодных для чалавечага арганізма тыпаў харчовай цвілі. Адрозніваюцца белыя і блакітныя сыры. Найбольш папулярныя тыпы - бры, камамбэр, ракфор, гарганзола. Асноўныя пастаўнікі - Францыя, Нямеччына, Данія ды Італія. Найбуйнейшым пастаўніком сыроў з цвіллю ў Расеі з'яўляецца кампанія «ЧЫЗМАЙСТАР».

Плаўленыя сыры - самым папулярным у гэтай катэгорыі ў Расеі з'яўляецца плаўлены сыр Viola фінскай кампаніі Valio. Яго вытворчасць пачалося на заводзе Valio ў Фінляндыі ў 1934 годзе. На расейскі рынак гэты прадукт трапіў ў 1956 годзе, калі кампанія адкрыла экспарт у СССР. Гэта быў першы плаўлены сыр, які імпартаваўся ў краіну. У 1980 годзе ўрад СССР даверыў кампаніі Valio стаць афіцыйным пастаўніком малочных прадуктаў для Алімпіяды. Прадукт вырабляецца і ў Фінляндыі, і ў Расеі, але выключна з фінскай сыравіны.

Прашута - італійская вяндліна, зробленая з кумпяка, нацёртага соллю. Самая вядомая разнавіднасць прашута - Пармская вяндліна. Для вытворчасці прашута спецыяльна вырошчваюць свіней, кормячы іх садавінай і кукурузай. У наваколлі Пармы, дзе вырабляюць Пармскую вяндліну, іх кормяць сыроваткай, якая засталася ад вытворчасці сыру пармезан.

Нямецкія сасіскі - асноўная страва нямецкай кухні. Налічваецца амаль сорак асноўных тыпаў нямецкіх сасісак. Найбольш папулярнай і вядомай з'яўляецца белая баварская сасіска Weisswurst. Яна вырабляецца з свінога фаршу, паранай цяляціны, беконнага тлушчу, яечнага бялку, цытрынавай цэдры, цыбулі і белага перцу. У рэстарацыях падаецца звычайна з тушанай капустай і півам.

Аліўкі - гэта адзіная стоадсоткава імпартная прадукцыя гародніны на расейскім рынку. Асноўныя пастаўнікі - Гішпанія, Італія ды Грэцыя. З краін, не ўключаных у санкцыйныя спісы, аліўкі вырабляюць Азербайджан ды Грузія, а таксама Турцыя, Кітай, Туніс. Таксама аліўкавыя дрэвы пачалі высаджваць ва Узбекістане і Таджыкістане.

Фуа-гра - тып паштэту, зробленага з пячонкі асаблівым чынам з адкормленага гусака або качкі. У Францыі вытворчасць фуа-гра рэгламентуецца нацыянальным законам. Прадукт афіцыйна прызнаны часткай культурнай і гастранамічнай спадчыны краіны. Акрамя Францыі, фуа-гра вырабляецца таксама ў Вугоршчыне і Балгарыі. Былі паведамленні аб пачатку вытворчасці далікатэсу ў Кітаі.

Тварог - адна з самых папулярных у Расеі марак тварагу - "Сваля" літоўскай кампаніі «Пено жвайгждэс». Асартымент кампаніі ўключае больш за 500 найменняў. «Пено жвайгждэс» адна з першых на расейскім рынку прэзентавала крупчасты тварог, вясковы тварог з садавінай і ягадамі ды іншыя інавацыйныя прадукты.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках