6 траўня 2024, панядзелак, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі зорку, якой не павінна быць

7

Група астраномаў з дапамогай касмічнага тэлескопа Hubble выявіла «зорку-зомбі».

Звычайна ў выніку выбуху звышновай паміраючая зорка-белы карлік знікае. У гэтым жа выпадку, на думку навукоўцаў, пасля выбуху звышновай частка карлікавай зоркі магла выжыць. Вывучаючы здымкі Hubble, зробленыя за некалькі гадоў да выбуху, навукоўцы выявілі блакітную зорку-кампаньёна, якая «падкормлівала» энергіяй белага карліка. У выніку гэтага працэсу запусціліся ядзерныя рэакцыі і адбыўся слабы выбух звышновай. Такі тып звышновых - Iax - сустракаецца радзей, чым больш тыповыя звышновыя тыпу Ia, піша NEWSru.com. Астраномам атрымалася ідэнтыфікаваць больш за трыццаць такіх міні-звышновых, пасля якіх маглі застацца белыя карлікі.

Слабая звышновая, якая атрымала пазначэнне SN 2012Z, знаходзіцца ў галактыцы NGC 1309 на адлегласці 110 мільёнаў светлавых гадоў ад нас. Яна была адкрыта спецыялістамі з Лікскай абсерваторыі ў Каліфорніі ў студзені 2012 года. Праз шчаслівае супадзенне, цягам некалькіх гадоў да выбуху звышновай за NGC 1309 назірала ўдасканаленая аглядная камера (Advanced Camera for Surveys, ACS) тэлескопа Hubble, дзякуючы чаму навукоўцы змаглі параўнаць здымкі да і пасля выбуху.

Павялічыўшы здымкі, зробленыя перад выбухам, навукоўцы ўбачылі паблізу ад звышновай нейкі аб'ект. Вывучыўшы яго колер і параўнаўшы з кампутарнымі мадэлямі розных сістэм-прамаці звышновых тыпу Iax, навукоўцы прыйшлі да высновы, што яны бачаць святло зоркі, якая пазбавілася сваёй знешняй абалонкі з вадароду.

Цяпер каманда астраномаў плануе яшчэ раз выкарыстоўваць Hubble для назірання за гэтай вобласцю ў 2015 годзе, калі святло звышновай стане досыць цьмяным для таго, каб можна было ўбачыць пакуль гіпатэтычную «зорку-зомбі» і яе геліевага кампаньёна, і такім чынам атрымаць пацверджанне сваёй гіпотэзы.

Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature за 7 жніўня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках