Арсень Яцэнюк: Надышоў час для радыкальных пастаноў
16- 1.09.2014, 17:01
- 28,981
Прэм'ер-міністр Украіны выступіў за змену кіраўніцтва ўкраінскіх абаронных ведамстваў.
Пра гэта Арсень Яцэнюк заявіў у Днепрапятроўску, дзе наведаў ў абласной лякарні імя Мечнікава параненых байцоў сіл АТА. Пра гэта паведамляе прэс-служба Кабінета міністраў Украіны.
"Падтрымліваю пазіцыю прэзідэнта Украіны што да неадкладнай змены кіраўніцтва абаронных ведамстваў...Надышоў час прымаць сур'ёзныя і радыкальныя пастановы, у тым ліку персанальныя", - заявіў Арсень Яцэнюк.
Прэм'ер-міністр Украіны падкрэсліў, што цяпер забяспечваецца ўсё неабходнае фінансаванне для набыцця медыкаментаў і лекавай дапамогі для байцоў. "Грошай на рахунках - мільярды, трэба, каб хутчэй абароннае ведамства выкарыстоўвала іх, - сказаў ён. - Але самае важнае - гэта баявы дух і ўпэўненасць, зладжанасць і дысцыпліна. Усюды: у Міністэрстве абароны, у кіраўніцтве АТА, урадзе, адміністрацыі. Бо краіна перад вялікімі выпрабаваннямі і вялікімі выклікамі".
Нагадаем, раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка праз падзеі ў зоне АТА паабяцаў сур'ёзныя кадравыя пастановы ў структуры сілавых органаў ужо бліжэйшымі днямі.
2 верасня Вярхоўная Рада выклікала для заслухоўвання дакладу міністра абароны Украіны Валерыя Гелетэя.