2 траўня 2024, Чацвер, 11:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША гатовыя нанесці авіяўдар па ісламістах у Сірыі

2
ЗША гатовыя нанесці авіяўдар па ісламістах у Сірыі

Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што без ваганняў нанясе авіяўдары па пазіцыях групоўкі "Ісламскай дзяржавы" ў Сірыі.

Ён паабяцаў, што тыя, хто пагражае бяспецы Амэрыкі, нідзе не змогуць знайсці прыстанішча, перадае BBC.

"Мы будзем пераследаваць тэрарыстаў, якія пагражаюць краіне, дзе б яны ні знаходзіліся. Гэта азначае, што я без ваганняў пачну дзеянні супраць ІД у Сірыі таксама, як і ў Іраку", - заявіў Абама ў тэлевізійным звароце да народу Злучаных Штатаў.

Амэрыканскі прэзідэнт падаў асноўныя пункты свайго плана барацьбы з экстрэмістамі "Ісламскай дзяржавы" ў Іраку, падкрэсліўшы, што гэтая арганізацыя не мае нічога агульнага ні з сапраўдным ісламам, ні з сапраўднай дзяржавай.

Як паведаміў амэрыканскі прэзідэнт, ЗША плануюць працягнуць бамбаванні пазіцый групоўкі "Ісламская дзяржава", наносячы ўдары па цэлях ІД, калі ірацкія ўрадавыя сілы будуць пераходзіць у наступ.

"Гэта асноватворны прынцып майго прэзідэнцтва: калі вы пагражаеце Амэрыцы, прыстанішча вы не знойдзеце нідзе", - сказаў ён.

Злучаныя Штаты, паводле слоў Барака Абамы, распачнуць не толькі вайсковыя, але і дыпламатычныя крокі для таго, каб максімальна аслабіць пазіцыі джыхадзістаў.

Гэта азначае ўзбраенне тых апазіцыйных груп у Сірыі, якія процідзейнічаюць экстрэмістам, а таксама стварэнне шырокага альянсу дзяржаў, якія супрацьстаяць гэтай пагрозе.

475 амэрыканскіх вайсковых спецыялістаў будуць накіраваныя ў Ірак для дапамогі ўрадавым сілам, але, як сказаў прэзідэнт, самі яны не будуць наўпрост браць удзел у баявых дзеяннях.

"Я хачу, каб амэрыканцы зразумелі, чым гэтыя дзеянні адрозніваюцца ад войнаў у Афганістане і Іраку, - заявіў Абама, выступаючы перад амэрыканцамі напярэдадні гадавіны нападу на ЗША 11 жніўня 2001 года. - Амэрыканскія баявыя падраздзяленні не будуць змагацца на чужой зямлі".

Барак Абама параўнаў аперацыю супраць ІД з дзеяннямі ЗША ў Емэне і Самалі - кампаніямі, якія доўжыліся цягам некалькіх гадоў.

Амэрыканскі прэзідэнт дамагаецца ўхвалення Кангрэсам праграмы навучання і ўзбраення памяркоўных груп сірыйскай апазіцыі, якія выступаюць супраць экстрэмістаў.

Ён заявіў, што будзе вітаць падтрымку свайго плана амэрыканскім Кангрэсам, аднак падкрэсліў, што мае паўнамоцтвы дзейнічаць і без падтрымкі кангрэсмэнаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках