2 траўня 2024, Чацвер, 14:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекарку з Ельні асудзілі за ненаданне дапамогі пацыенту

23
Лекарку з Ельні асудзілі за ненаданне дапамогі пацыенту

Надзею Слепневу прызналі вінаватай і на 2 гады пазбавілі права займацца медыцынскай дзейнасцю.

Ад Хоцімска да Ельні кіламэтраў 30. Прыстойная паводле цяперашніх мерак вёска: крама, школа-садок, фельчарска-акушэрскі пункт. Вось толькі лекара ў ФАПе апошнім часам няма. У дачыненні да былой загадчыцы Надзеі Слепневай, што прапрацавала тут больш за 20 гадоў, была распачатая крымінальная справа. Лекарка, якую прызналі вінаватай паводле артыкулу «Ненаданне медыцынскай дапамогі хвораму без паважных прычын», спрабавала абскардзіць прысуд раённага суда. Але Магілёўскі абласны суд пагадзіўся з выракам калегаў: Слепневу прызнаць вінаватай і на 2 гады пазбавіць права займацца медыцынскай дзейнасцю. Гісторыя для нашай краіны надзвычай рэдкая, таму асабліва горкая і павучальная, піша «Советская Белоруссия».

28-гадовы Павел Глушчанка з Хоцімска ў Ельню да бацькі з маці наведваўся дапамагчы ў гаспадарцы кожныя выходныя. Як і двое ягоных братоў. У той суботні вечар, як зазвычай, напалілі лазню, бацька пайшоў парыцца першы.

Павел успамінае:

- Ён любіў гарачэйшую. А мы ішлі крыху пазней... У той вечар першы за ім пайшоў брат Лёша. І тут жа выскачыў з бацькам на руках. Баця быў без прытомнасці, дыхаў з цяжкасцю. Відаць, стала блага, страціў прытомнасць, выцяўся галавой. Пакуль мы спрабавалі прывесці яго ў прытомнасць, Лёшава жонка датэлефанавалася Надзеі Мікалаеўне. Але лекарка прыйсці адмовілася, маўляў, толькі пачала паліць у хаце кацёл. Я стаў рабіць бацьку штучнае дыханне - сэрцабіцце было чуваць, адчуваўся пульс, а брат Саша на самаходзе джгануў да дома Слепневай. Яна жыве непадалёк, мэтрах у пяцістах. Спадзяваўся, упросіць, прывязе... Вярнуўся адзін. Доктарка зноў спаслалася на дзейны кацёл, на адсутнасць у яе торбы першай меддапамогі, на тое, што ключ ад амбулаторыі ў фельчаркі. Памчаліся да фельчаркі - і яе няма. Выклікалі «хуткую» і на сваім самаходзе павезлі бацьку насустрач лекарам з горада.

Яны сустрэліся на сярэдзіне дарогі. Але было ўжо позна... На пахаванні аднаму з сыноў нябожчыка Глушчанкі стала млосна. Родзічы зноў затэлефанавалі доктарцы Слепневай. Кажуць, тая адчапілася фразай, маўляў, нічога страшнага, дайце яму гарбаты... Напэўна, гэта і стала для забітай горам сям'і астатняй кропляй. Звярнуліся ў праваахоўныя органы. Разборы, допыты, даследаванні - у Хоцімск прыязджалі спецыялісты з Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз. Справа дайшла да суда.

Выявілася, што Слепнева і дагэтуль дапамагала выбарна, сама вызначала, да каго бегчы, каму адмовіць. Са сведчанняў Лідзіі Падабед: "Неяк прыехала ў Ельню адведаць захварэлую знаёмку. Спытала ў яе, чаму не выклікае лекара. Яна: "Лекарка ісці не хоча . Пайшла да доктаркі сама, маўляў, дайце хоць бы абязбольвальны сродак. У адказ пачула: вашу знаёмку лячыць не буду, яна гарэлку п'е». У вяскоўкі Таццяны Хайноўскай 7 гадоў таму памёр муж: «Напярэдадні піў, ранкам пайшоў з дому, стала блага, упаў на вуліцы. Людзі прасілі Надзею Мікалаеўну дапамагчы, але яна яго нават аглядаць не стала». Не стала, са слоў Любові Копелевай, доктарка дапамагаць і ейнаму сыну Івану: «Мінулым летам Ваню стала млосна, узняўся ціск. Доктарка заявіла - п'яніц ня лячу. А сын жа быў цвярозы!»

Так, не любіць Надзея Мікалаеўна пітушчых. Але вяскоўцы кажуць, што загадчыца ФАПа не спяшалася на дапамогу і да іншых. Са слоў Таццяны Вяткінай, не прыйшла Слепнева і да ейнага бацькі-астматыка, калі аднойчы здарыўся прыступ...

Надзея Слепнева на Хоцімшчыну прыехала з Бранскай вобласці яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Дыпламаваная спецыялістка - скончыла Другі Маскоўскі ордэна Леніна дзяржаўны медінстытут імя Пірагова - уладкавалася тэрапеўтам. Пасля ўзначаліла медычную амбулаторыю ў вёсцы. Спагнанняў з боку начальства не мела, год таму ёй надалі другую медычную катэгорыю. Дыпломам сваім Надзея Мікалаеўна ганарылася, як, зрэшты, і прафесіяй. На судзе заявіла, што за вінаватую сябе не ўважае: да пацыента прыйшла, але ўжо не заспела - сыны павезлі... Кантактаваць з журналістам Надзея Мікалаеўна ня пажадала: «Не тое што казаць, згадваць пра гэта не хачу». Прызналася толькі, што мерыцца з'язджаць з вёскі. Меркаванні вяскоўцаў з гэтай нагоды разыходзяцца. Кагосьці ейны сыход засмучае. Скажам, санітарка Тамара Падгурская, што не адзін год працавала поплеч са Слепневай, бажылася: доктарка да яе дзяцей, калі трэба было, і ўночы ішла...

Іншыя хвалююцца: а хто цяпер хоць неяк дапаможа? У вёсцы старых шмат, у кожнага букет болек, ціск скача, «хуткую» кожны раз выклікаць не станеш. А нехта кажа: «Чым такая дапамога, ужо лепш ніякай. Калі даў чалавек клятву Гіпакрата - значыць, павінен разумець, што абавязаны дапамагаць людзям незалежна ад іхняга сацыяльнага статусу, ад таго, прыемныя яны яму ці не». Тым часам браты Глушчанкі, так і не дачакаўшыся выбачэнняў, ужо падумваюць аб тым, каб падаць новы пазоў у суд - аб кампэнсацыі маральнай шкоды.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках