2 траўня 2024, Чацвер, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турчынаў: Калі «мірны» план зазнае крах, будзе ўведзенае ваеннае становішча

26
Турчынаў: Калі «мірны» план зазнае крах, будзе ўведзенае ваеннае становішча

Спікер Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў не верыць у магчымасці мірнага вываду расейскіх войскаў з Украіны.

Пра гэта старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў заявіў у інтэрв'ю часопісу "Фокус", апублікаваным у чацвер, 11 верасня.

"У мяне вялікі скепсіс што да таго, што яны хочуць мірна пакінуць Украіну. Думаю, яны будуць рабіць усё, каб сарваць мірныя перамовы і прадоўжыць агрэсію супраць Украіны", - сказаў ён.

Турчынаў назваў прысутнасць расейскіх войскаў у Данбасе наўпроставай вайсковай агрэсіяй РФ. Паводле ягоных слоў, уварванне на тэрыторыю Украіны не мае ніякіх прававых апраўданняў.

"Кожны фармат развіцця падзей павінен прадугледжваць неадкладны выхад усіх вайсковых падраздзяленняў і вайсковай тэхнікі ўзброеных сілаў Расеі з тэрыторыі Украіны, а таксама поўнае раззбраенне бандфармаванняў і тэрарыстычных груповак. Толькі ў такім выпадку мірныя перамовы маюць сэнс", - падкрэсліў старшыня парламента.

Турчынаў таксама адзначыў, што Украіне неабходна перагрупаваць і ўмацаваць узброеныя сілы, памяняць тактыку вызвалення гарадоў Данецкай і Луганскай абласцей ад расейскіх войскаў і стварыць уздоўж мяжы з Расейскай Федэрацыяй рубяжы актыўнай абароны.

Пры гэтым спікер адмаўляе магчымасць абвяшчэння захопленых раёнаў Данбаса акупаванай тэрыторыяй.

"Нам трэба не абвяшчаць штосьці, а вызваляць тэрыторыю. І нашая задача - не даць ператварыць Данбас у зону замарожанага канфлікту. Толькі пад гэтым вуглом можна разглядаць усялякія дзеянні на ўсходзе. Таму я выключаю фармат, пры якім Украіна пагодзіцца з тым, каб Расея кантралявала частку тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей", - заявіў ён.

"Калі мірным шляхам ачысціць Данбас не атрымаецца, у нас няма альтэрнатывы таму, каб зноў, ужо увёўшы ваеннае становішча, мабілізаваўшы ўсе рэсурсы краіны, ачысціць яе ад захопнікаў. Таксама я перакананы, што калі расейская агрэсія не спыніцца, мы зможам убачыць дзеянне такіх санкцый з боку Захаду, якія прывядуць да эканамічнага краху Расейскай Федэрацыі", - дадаў Турчынаў.

Паводле ягоных слоў, магчымасць увядзення ваеннага становішча прадугледжаная Канстытуцыяй. "Калі мірны шлях не прынясе выніку, альтэрнатывы ўвядзенню ваеннага становішча і мабілізацыі ўсіх рэсурсаў краіны ў нас няма", - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці ёсць у парламенце галасы для ўвядзення ваеннага становішча, Турчынаў нагадаў, што "толькі прэзідэнт выносіць гэтае пытанне на абмеркаванне РНБА, пасля чаго падпісвае ўказ аб увядзенні ваеннага становішча, і ўжо гэты ўказ павінен падтрымаць большасцю галасоў парламент".

"Калі прэзідэнт прыме пастанову аб унясенні такога ўказа, парламент заўсёды яго падтрымае", - мяркуе старшыня Вярхоўнай Рады.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках