2 траўня 2024, Чацвер, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея абвясціла «газавую вайну» Польшчы

87
Расея абвясціла «газавую вайну» Польшчы

Польшча недаатрымала 45% газу з Расеі.

Пра гэта абвясціла Польская дзяржаўная нафтагазавая кампанія (Polskie Górnictwo Naftowe i Gazownictwo, PGNiG). Дэфіцыт паставак праз станцыі «Драздовічы» (на мяжы з Украінай), «Кандраткі» і «Высокае» (на мяжы з Беларуссю) дасягнуў 45%, піша РБК.

У польскай кампаніі растлумачылі, што PGNiG мае права замаўляць у «Газпрома» аб'ёмы газу, якія не перавышаюць устаноўленых дзеючым кантрактам значэнняў. Паводле інфармацыі PGNiG, за межы гэтых лімітаў заяўкі не выходзілі, але «Газпром экспарт» іх не выканаў, пры гэтым тлумачэнняў адмовы паставіць замоўленую колькасць газу не было.

Пакрыць дэфіцыт PGNiG збіраецца за кошт павелічэння паставак праз станцыі на мяжы з Нямеччынай і Чэхіяй. У кампаніі запэўнілі, што пастаўка газу спажыўцам вядзецца ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі.

Афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў заявіў, што пастаўкі газу ў Польшчу вядуцца без змяненняў у ранейшых аб'ёмах - 23 млн куб м у дзень. У той жа час тэлеканал TVN24 у рэпартажы «Першы акорд газавай вайны» паведамляе, што такое абмежаванне можа з'яўляцца «першым акордам газавай вайны» і прызнае, што газ - гэта таксама зброя Расеі (пераклад і дайджэст - charter97.org). Дагэтуль ідзе высвятленне прычын раптоўнага змяншэння паставак газу з Усходу: у прыватнасці, ці нясуць яны тэхнічны або гандлёвы характар. Польшча кампенсавала нястачу рэверсам з Нямеччыны і Чэхіі.

Аднак гэта не з'яўляецца адзінай падмогай для Польшчы. Былы амбасадар краіны ў Нямеччыне Анджэй Бырт паведамляе, што ўжо вядуцца перамовы з іншымі краінамі, каб у выпадку зацягнутага газавага крызісу атрымаць нястачу з іх боку. Таксама на мінулым тыдні з'явілася інфармацыя, што ўпершыню ў гісторыі існавання PGNiG газавыя рэзервуары ўпершыню запоўненыя на 100% - перад ацяпляльным сезонам ў Польшчы ёсць у запасе 2.5 мільярда кубаметраў газу.

«Мы знаходзімся ў кантакце з прадстаўнікамі «Газпрома» і хутка высветлім прычыны. Пакуль не вядома, ці ўплеценая тут палітыка ці гэта толькі тэхнічныя непаладкі. У любым выпадку, гэта стане для нас пытаннем для разважанняў», - заяўляе Януш Пехацінскі, віцэ-прэм'ер і міністр эканомікі Польшчы.

Эксперт у сферы энергетыкі Анджэй Шчэсняк сцвярджае, што прычыны скарачэння паставак газу ў Польшчу крыюцца ў праблеме камунікацый з PGNiG, піша Gazeta Wyborcza.

«Зніжэнне паставак газу больш чым на 20% [такія звесткі былі на ўчорашні дзень] не з'яўляецца чымсьці незвычайным. Хутчэй за ўсё, што гэта проста памылка камунікацый паміж PGNiG і «Газпромам». Ствараецца ўражанне, што яны забываюць пра тэлефоны адзін аднаго. Але затое гэты выпадак з'яўляецца выдатным напамінам пра тое, што паміж гандлёвымі партнёрамі заўсёды патрэбныя добрыя стасункі. Асабліва важна, каб яны заставаліся добрымі падчас крызісу, такога, як цяпер ва Украіне, і гэта можа ператварыцца ў газавы крызіс», - кажа ён.

Аднак кампаніі выбралі афіцыйны шлях высвятлення праблемы, які можа працягнуцца шмат дзён.

Эксперт з Сабескага інстытута Томаш Хмаль мяркуе, што «прырода гэтай пастановы відавочная» і што Польшча і Славакія, у якой такія ж праблемы, але з меншым абмежаваннем, з'яўляецца ўсяго толькі фонам для расейска-украінскага канфлікту, паведамляе TVN24. «Сёння мы павінны падтрымліваць бесперапыннымі намінальныя пастаўкі газу. Здаецца, што ў Расеі іншае меркаванне ў гэтым пытанні. Але цяпер вельмі важна зразумець, як доўга гэтая сітуацыя будзе доўжыцца і ці не абвострыцца яна», - кажа ён.

Эксперт кажа, што кантракт паміж Расеяй і Польшчай з'яўляецца гнуткім і мае свой максімум і мінімум паставак. І праз рэверс газу з Польшчы ва Украіну Расея пастанавіла пазбавіць Польшчу лішкаў газу. «Відавочна, што пазбаўленне Польшчы часткі газу з'яўляецца санкцыямі для Украіны», - заяўляе ён.

Журналіст газеты Rzeczpospolita Ежы Хашчынскі мяркуе, што абмежаванне паставак газу стане для палякаў значна большай праблемай, чым закрыццё расейскіх межаў для яблыкаў.

«Вы можаце сабе ўявіць, якія могуць з'явіцца сумненні ў грамадстве наконт неабходнасці пакарання Пуціна за вайну з Украінай, калі Расея зашрубуе нам кран у марозным снежні або студзені? А гэта ж тэст Расеі новай зброі: у даслоўным сэнсе для забойства. І гэта тое, што можа пачаць атамную вайну і справакаваць на выкарыстанне міжкантынентальных балістычных ракет. Газ і атамная пагроза абуджаюць у Еўропе страх. І менавіта гэта хутчэй за ўсё дапаможа Расеі атрымаць перамогу над Украінай, так як такімі крокамі Расея прымушае Захад адвярнуцца ад Украіны і не хаваць яе пад сваё крыло. Еўропа сваёй пасіўнасцю сама дапамагае Расеі: яна проста моўчкі чакае, пакуль скончыцца вайна, каб зняць санкцыі з Расеі. Але ў якім стане да таго часу будзе Украіна і ці захавае яна свае межы - для Еўропы не мае ніякага значэння. Хай украінцы радуюцца, што на наступным тыдні будзе падпісанае пагадненне аб Асацыяцыі паміж ЕЗ і Украінай. Бо большага украінцы не атрымаюць», - канстатуе ён.

У сераду нямецкая кампанія E.ON таксама заявіла, што не атрымала поўны аб'ём газу з Расеі. Аднак E.ON не выявіла маштабы абмежаванняў. Таксама славацкая газавая кампанія SPP паведамляе аб нястачы 10% пакладзенага газу, аднак аператар трубаправода ў Славакіі, кампанія Eustream, заявіла, што парушэнне ў пастаўках газу з Расеі няма.

У выніку абмежаванні паставак расейскага газу ў польскім напрамку - а таксама на межах з Беларуссю і Украінай - польская газавая кампанія Gaz-System была вымушаная прыпыніць пастаўкі газу ва Украіну. Пастаўкі газу з Захаду маюць жыццёва важнае значэнне для Украіны, якая з сярэдзіны чэрвеня не атрымлівае газ з Расеі.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках