3 траўня 2024, Пятніца, 21:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Хаменка: У Беларусі галоўнае - абарона ўлады, а не дзяржавы

2
Алег Хаменка: У Беларусі галоўнае - абарона ўлады, а не дзяржавы

Да 500-й гадавіны Аршанскай бітвы лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка зрабіў музычную рэканструкцыю падзей на Крапівенскім полі.

«Вайна», «Піва перамогі» - кампазіцыі з такімі назвамі прагучалі на нядаўняй прэзентацыі праекта ў адным з менскіх клубаў.

Аб сваім разуменні айчыннай гісторыі і прычынах знаходжання «Палаца» ў «чорных спісах» музыка распавёў «Радыё Свабода».

- Алег, як вы адчувалі сябе ў ролі дыджэя? Як успрыняла ваш праект моладзь?

- Выдатна. Я вельмі хацеў адзначыць гэтую дату якім-небудзь прадстаўленнем і даўно збіраўся зрабіць дыджэйскі сэт, звязаны з перамогай пад Оршай. Нарэшце, я прэзентаваў сваю працу публіцы і вельмі гэтаму рады.

- Стаўленне да Аршанскай бітве ў Беларусі неадназначнае. Улада яе замоўчвае, хтосьці імкнецца прыпісаць перамогу нашым суседзям...

- Калі ідзе фальсіфікацыя гісторыі, то гэта проста падман. А калі гісторыя замоўчваецца, то гэта відавочная здрада і злачынства. Злачынства, перш за ўсё, не перад памяццю герояў ці загінуўшых. Гэта злачынства перад нашымі нашчадкамі, перад дзецьмі і ўнукамі. Калі нешта замоўчваецца, яно рана ці позна стане вядомым і стане прадметам для спрэчак, крыўд ці нават агрэсіі. Вядома ж, мы павінны ведаць гісторыю, вядома ж, мы павінны святкаваць перамогу пад Оршай! Бо калі мы яе замоўчваем, то гэтую бомбу перакідваюць кудысьці наперад, каб развязалі праблему нашы дзеці. Каб не адбылося гэта злачынства, людзі і адзначалі 8 верасня, нагадвалі пра гэта, арганізоўвалі святкаванні. Прычым усе гэтыя мерапрыемствы - станоўчыя. Яны не нясуць ніякай варожасці да краіны, з якой мы некалі змагаліся.

- Пісьменнік Леанід Дайнека сказаў, што Аршанская бітва доўжыцца і сёння, маючы на ўвазе падзеі на паўднёвым усходзе Украіны. На вашу думку, такая гістарычная паралель апраўданая?

- На мой погляд, яна ўсё ж трохі штучная. Справа ў тым, што ў Расеі, як і ў Беларусі, людзі мала ведаюць пра гісторыю нашай барацьбы.

У Расеі, як і ў Беларусі, людзі мала ведаюць пра гісторыю нашай барацьбы.

Менавіта гэта няведанне і стварае падставы для таго, каб падобныя падзеі зноў і зноў паўтараліся і доўжыліся. Я разумею, што меў на ўвазе знакаміты пісьменнік. Ён казаў пра тое, што і сёння адбываецца восьмы або дзевяты падзел Рэчы Паспалітай... Гэта, паўтаруся, трохі штучна і нацягнута. Адсутнасць ведаў у сённяшніх беларусаў і расейцаў аб тых войнах, якія былі паміж намі, і прыводзіць да таго, што цяпер адбываецца ва Украіне. Гэта і ёсць здрада, гэта і ёсць злачынства перад нашчадкамі.

- Імперскія памкненні Масквы не змяніліся за стагоддзі. А ці змяніліся мы? Беларусы сёння гатовыя абараняць сваю краіну, сваю зямлю?

- Безумоўна, мы змяніліся. Мы зусім не такія, як нашы продкі з ВКЛ. Увогуле, кожныя 20-30 гадоў грамадства мяняецца. Мы абсалютна іншыя. Але гэта адрозненне заўсёды павінна грунтавацца на спадчыне, а калі гэтага не адбываецца, то мы ўвогуле не разумеем, хто мы. Тады мы становімся людзьмі свету - пашпарт толькі сіні, а ўсё астатняе... Ці мы еўрапейцы, ці расейцы, ці грамадзяне свету... Такія Іваны, якія не памятаюць сваіх дзядоў. Вось гэта самае страшнае. Паколькі і наша абарона сёння не на тым узроўні, на якім павінна быць. У нашай краіне галоўнае - абарона ўлады, а не абарона дзяржавы. Таму дзяржава наша небяспечная, і мы маем тут вельмі шмат праблем.

- Тыдзень таму вы праводзілі яшчэ адно свята - фестываль «Камянiца», ён прайшоў у Строчыцах пад Менскам. Вы там сабралі 7-8 тысяч чалавек. Што трэба рабіць, каб людзі ў суботні дзень не паехалі ў Заслаўе на Дзень пісьменства, не паехалі за грыбамі, не пайшлі бульбу капаць, а прыехалі да вас у Строчыцы?

- Вядома ж, і бульбу трэба капаць, і Дзень пісьменства адзначаць. Трэба працаваць, але трэба і адпачываць - гэта абавязковая рэч. Фестываль «Камянiца» робіцца не маімі сіламі, ці намаганнямі маіх паплечнікаў, каб падрыхтаваць добрую музычную праграму, каб хапіла ежы або прыбіральняў. Фестываль робяць людзі, якія туды прыязджаюць. А ў нас вельмі шмат людзей, якія паважаюць традыцыі, любяць фальклор, разумеюць, што фальклорная музыка спрыяе ўзаемаразуменню паміж народамі. Зразумеўшы адзін аднаго, мы не баімся іншых народаў, а яны перастаюць баяцца нас. Паразуменне адбываецца таму, што мы можам дзяліцца перш за ўсё фальклорам, а не сучаснымі наднацыянальнымі тэхналогіямі.

- Своеасаблівасць «Камянiцы» - павага да нацыянальных касцюмаў. Людзей у вышыванках прапускаюць на фестываль бясплатна. Шмат такіх было ў гэтым годзе?

- Вельмі шмат, але мне хацелася б яшчэ больш. Гэтай асаблівасці нашага фестывалю дзівяцца нашы замежныя сябры. Адразу прызнаюся, што гэта на самай справе наша стратэгія. Калі мы толькі пачыналі, і я сказаў, што будзем рухацца да таго, каб у фестывалю быў свой дрэс-код, мне запярэчылі - гэта немагчыма. Я не пагадзіўся, прапанаваў выпрацаваць суцэльную стратэгію. І мы рухаемся да таго, каб у «Камянiцы» з'явіўся дрэс-код. Хай кожны - беларус, расеец ці паляк - прыходзіць у сваім уборы. Гэта будзе цікавая рэч, якую мы прапануем свету, і з усяго свету паедуць людзі прадставіць свае нацыянальныя касцюмы.

- Яшчэ гадоў пяць таму ў «Палаца» была надзвычай актыўная канцэртная дзейнасць - да 20 канцэртаў у месяц. Дзе і як часта вы выступаеце цяпер?

- Мы і цяпер актыўна выступаем. Іншая справа, што канцэрты па квітках праходзяць адносна рэдка. У Беларусі мы граем два-тры сольныя канцэрты ў год, што на самой справе для еўрапейскай каманды абсалютна нармальна. У нас ёсць і замежныя гастролі, якія адлюстраваць ў нашых сродках масавай інфармацыі не заўсёды атрымліваецца. Безумоўна, мы адказваем на прапановы выступіць на прыватных вечарынках, гэта нармальная з'ява для групы любога ўзроўню ў свеце. Калі раней казалі, што, напрыклад, група «Guns and roses» не можа выступіць на дні нараджэнні ў Арабскіх Эміратах, то цяпер гэта не так. Людзі завуць - трэба ехаць.

- У Беларусі працягваюць дзейнічаць «чорныя спісы», забарона на выступы для некаторых музыкаў. Вам даводзілася з гэтым сутыкацца?

- Безумоўна. Цягам нашай дзейнасці былі тры вялікія кампаніі, калі нашы выступы адмяняліся. Але праходзіў час, прыходзіла ўмоўная «адліга», і мы зноў выступалі. Вядома ж, усе гэтыя забароны - вельмі кепскія рэчы. Гэта справа рук чыноўнікаў, і яно азначае толькі адно - чыноўнікі бездапаможныя. Яны нічога свайго стварыць не могуць, яны могуць толькі забараніць. Гэта з аднаго боку смешна, а з другога - забароны і ціск вельмі кепска адбіліся на нашай працаздольнасці, на колькасці праграм, якія мы выпускаем. Гэта, вядома ж, і незаробленыя грошы, і дрэнны настрой, і адчуванне таго, што гэты ціск - бясконца.

- Не разумею, за што можна забараняць «Палац» і Хаменку? Вы ж не займаецеся палітычнай сатырай, як, напрыклад, займаліся «Ляпісы».

- Думаю, калі чыноўнікі разважаюць, якія яшчэ гурты «дадаць да касы», то трапляюць ў «Палац». Бо чыноўнікі добра ведаюць наш гурт. Забараняюць, каб не дай Бог чаго не адбылося. Толькі праз гэта, праз перастрахоўку. Хоць, прызнацца, я час ад часу называю рэчы сваімі імёнамі, і гэта, безумоўна, адсочваецца. Але забараніць мне выказвацца - немагчыма. Так што час ад часу нас будуць забараняць. Альбо - за кампанію, альбо - за слова.

- Некаторыя беларускія гурты вымушаныя ладзіць свае выступы за мяжой - у Вільні, у раёне Беластока. Але «Палац» павінен выступаць у палацах! Калі б вам прапанавалі для канцэрту палац Сапегаў у Ружанах, Палац Рэспублікі ў цэнтры Менска альбо Палац Незалежнасці, якую пляцоўку вы абралі б?

- Безумоўна, Сапегаўскі палац у Ружанах! На жаль, яго сёння аднавіць ужо немагчыма. Таму трэба закансерваваць і ператварыць у арт-пляцоўку. Хай бы Ружанскі палац заўсёды быў ў трафіку музыкаў, спевакоў, рокераў, паэтаў. Упэўнены - ім там было б ўтульна, бо месца - незвычайнае.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках