4 траўня 2024, Субота, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНФ пераносіць з'езд праз адсутнасць памяшкання

1
БНФ пераносіць з'езд праз адсутнасць памяшкання

Правядзенне XVI з'езда Партыі БНФ, які быў запланаваны на 13 верасня, перанесенае на месяц у сувязі са складанасцямі з арэндай памяшкання.

Пра гэта charter97.org паведамілі ў прэс-службе БНФ.

Кіраўніцтва партыі звязвае перашкоды ў правядзенні з'езду "з атмасферай страху, якая пануе ў грамадстве, і з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў".

Партыя БНФ атрымала адмовы з боку ўладальнікаў больш чым 50 канферэнц-залаў і палацаў культуры. Некаторыя адмаўлялі адразу, спасылаючыся на занятасць ці наўпрост - на нежаданне мець праблемы праз выдачу памяшкання апазіцыйнай партыі. Аднак большасць уладальнікаў памяшканняў адказвалі: зала пакуль вольная, але яны павінны ўзгадніць сваю пастанову з кіраўніцтвам. Вынік такіх узгадненняў заўсёды быў адмоўны.

Пошук пагаднення з уладальнікамі памяшканняў ускладняўся тым, што некаторыя патрабавалі "дазвол Менгарвыканкама на правядзенне з'езда", што не прадугледжана заканадаўствам.

На з'езд Партыі БНФ ужо вылучана блізу 200 дэлегатаў. На парадку дня мерапрыемства - перавыбары партыйнага кіраўніцтва, зацвярджэнне стратэгіі дзеянняў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, а таксама прыняцце змяненняў у праграму партыі.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракаментаваў перанос з'езда.

"Мы да апошняга дня вялі перамовы з арэндадаўцамі і Менгарвыканкамам. Была дамоўленасць з адной са структур аб правядзенні з'езда ў іх Доме культуры, удалося ўзяць паперу з Менгарвыканкама, што яны не маюць пярэчанняў. Але ў апошні момант, калі не заставалася часу на пошук альтэрнатыўных варыянтаў, нам было заяўлена, што будынак 13 верасня будзе заняты пад іншыя мэты. У выніку з'езд пераносіцца. Гэтая прыкрая сітуацыя сведчыць, што ў Беларусі пануе атмасфера страху і захоўваецца ціск на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць ".

Палітык мяркуе, што перашкоды для правядзення з'езду Партыі БНФ "маюць палітычныя прычыны".

"Мы плануем на з'ездзе вызначыцца з нашай стратэгіяй на прэзідэнцкія выбары. Вымушаны перанос з'езда з'яўляецца сведчаннем таго, у якой атмасферы пачынаецца кампанія выбараў прэзідэнта", - заявіў ён.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках