4 траўня 2024, Субота, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагадненне паміж Украінай і ЕЗ адкладзенае да канца 2015 года

112
Пагадненне паміж Украінай і ЕЗ адкладзенае да канца 2015 года

Перамовы пра гэта пройдуць заўтра.

ЕЗ працягне аднабаковыя прэферэнцыі для Украіны да 31 снежня наступнага года. Пра гэта паведаміў Еўракамісар у гандлі Карэл Дэ Гюхт паводле вынікаў трохбаковай сустрэчы ў Брусэлі. Такім чынам, гэта азначае, што Пагадненне аб асацыяцыі ў частцы зоны свабоднага гандлю не будзе прымяняцца, піша «Украінская праўда».

У той жа час, ЕЗ працягне аднабаковыя гандлёвыя прэферэнцыі для Украіны на гэты перыяд. Практычна гэта азначае, што ўкраінскія тавары будуць пастаўляцца на еўрапейскі рынак без мытаў, тады як мыты на еўрапейскія тавары захоўваюцца.

МЗС Украіны таксама пацвердзіла падобную дамоўленасць на сваёй старонцы ў «Твітэры».

Прычынай такой пастановы, са слоў еўракамісара, з'яўляецца «вельмі цяжкі стан эканомікі Украіны».

Са слоў кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Аляксея Улюкаева, падчас абмеркавання стораны пагадзіліся, «што праблемы, пра якія заявіла Расея ў частцы імплементацыі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕЗ, існуюць, і не з'яўляюцца надуманымі», піша ІТАР-ТАСС.

«Стораны пагадзіліся, што трэба час для таго, каб разабрацца з гэтымі пытаннямі, таму імплементацыя Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ пасля ратыфікацыі гэтага пагаднення будзе адкладзеная да канца 2015 года, да 31 снежня 2015 года», - сказаў Улюкаеў.

Інфармацыю пра папярэднія дамоўленасці, якія цяпер узгадняюцца на самым высокім узроўні, пацвердзілі крыніцы ва ўрадзе Украіны і Еўрапейскай камісіі. Таксама гэта пацвердзіў у інтэрв'ю кіраўнік камітэта Еўрапарламента ў замежнай палітыцы Элмар Брок. Чакаецца, што Брусэль пагодзіцца на часовае захаванне часткі ўкраінскіх імпартных мытаў, адначасова адмяніўшы еўрапейскія ўвазныя мыты. «Украіне фармальна гэта нават выгадна. Украінскія тавары будуць ісці ў ЕЗ без мытаў», - адзначыў Брок.

Ён падкрэсліў, што гэта не прадугледжвае змены тэксту пагаднення: «Ні воднае слова не павінна быць змененае. Пагадненне будзе ратыфікаванае ў цяперашнім выглядзе. А далей Еўракамісія можа пагадзіцца на змены ў графіку яго выканання».

Украіна таксама, пры ўзгадненні з ЕЗ, адтэрмінуе адаптацыю ва ўкраінскае заканадаўства часткі еўрапейскіх стандартаў. «Пералік такіх стандартаў пакуль вызначаецца. Мы чакаем канкрэтызацыі патрабаванняў Расеі», - растлумачыла «ЕвроПравде» крыніца, блізкая да перамоваў.

Юрыдычна гэты комплекс прапаноў задаволіць ключавыя прэтэнзіі Масквы да зоны свабоднага гандлю (ЗСГ) паміж Украінай і ЕЗ. «У выпадку, калі Расея хоча знайсці выхад, яна пагодзіцца. Бо можа паказаць, маўляў, мы дасягнулі ўсяго, чаго хацелі. А мы ў сваю чаргу атрымаем ратыфікаванае пагадненне», - сказаў адзін з прадстаўнікоў украінскай улады.

«У ЕЗ не ўсе падтрымліваюць такі варыянт, паколькі гэта стварае небяспечны прэцэдэнт перагляду пагаднення паводле патрабавання трэцяй стараны. Але тут - прадмет дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні», - дадаў суразмоўца ў структурах Еўразвяза.

Чакаецца, што гэты варыянт стане прадметам перамоваў паміж Пятром Парашэнкам і Жазэ Мануэлем Барозу, а ў суботу яго абмяркуюць з удзелам расейскай стараны.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках