19 красавiка 2024, Пятніца, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціхі куток для старога дыктатара

25
Ціхі куток для старога дыктатара

Нечаканая катастрофа можа абрынуцца на Беларусь. Раптоўная. Неадольная. Жудасная.

Тыя касмічныя катаклізмы, якімі палохаюць нас астраномы – дзіцячы сад у параўнанні з гэтым няшчасцем.

Першым пра непазбежнасць жахлівай падзеі, як і варта было чакаць, паведаміў галоўны тутэйшы начальнік. Здавалася б, звычайнае інтэрв’ю з ім запісваў для тэлеканала “Россия-1” журналіст Сяргей Брылёў. Нічога адметнага – звыклыя дыктатарскія банальнасці. І раптам, нібы маланка, - нечаканае і шчырае, так бы мовіць, прызнанне.

“Я двадцать лет проработал президентом. Что мне еще надо? Мне надо думать, как там в теплом месте прислониться, спокойно посидеть. Я просто уставший от этого человек. Я ищу где-то угол, чтобы где-то тихонечко сесть и отдохнуть”.

Шкада, што сённяшняя цэнзура мышэй ня ловіць. Дакладней, ловіць не там і не тых. Як можна было гэткі цэбар ледзяной вады абрынуць на галовы уласнага электарата? Гэта ж тыповы маналог тыповага пенсіянера. Няўжо гэта той самы дырэктар саўгаса, які прыйшоў калісьці “работать президентом”? Толькі што ён быў нязменным і незаменным. І раптам – такі аблом!

На яго ж так спадзяваліся. Усіх ён кудысьці вёў. Куды – невядома. Яшчэ на пачатку сваёй неверагоднай кар’еры выкрыкнуў у запале, заблытаўшы ўсіх канчаткова: “Я свой народ за цивилизованным миром не поведу!”

Выказванне, канешне, было дурнаватае. Аднак пайшлі. Пакорліва і памяркоўна. І сапраўды, а куды падзецца? Ён жа – правадыр. І думае, як даўно вядома, адзін за ўсіх. Куды пакажа, туды і пойдуць. Дваццаць гадоў боўталіся, невядома дзе. Потым высветлілася, што ўжо амаль дайшлі. І ўвесь свет нам зайздросціць. І лозунг адпаведны з’явіўся. “От добра добра не ищут”. Сапраўды, дасягненні відавочныя. Куды ні зірнеш, - новабудоўля. Або Чыжа, або Тапузідзіса. Здаецца, і абяцаны некалі камунізм ужо не за гарамі. Варта толькі крыху пачакаць.

І раптам вось гэта жахлівае слова: стаміўся!

Толькі што кідаў вялізныя кавуны на драздоўскіх палетках. Зусім жа нядаўна перамагаў на Мінскай лыжні таўстапузых чыноўнікаў і гэтак званых майстроў адпаведнага спорту. А тут узяў ды стаміўся. Нібы той жа Ельцын. Можа, згарэў на рабоце? Скончыўся раптам запал. Як у трактара салярка на калгасным полі. Напэўна, гады бяруць сваё. Сёмы дзесятак – гэта не абы што. Паплечнікаў у гэткім узросце ён бязлітасна выпраўляе на пенсію. Вырашыў, відаць, і ў гэтым выпадку традыцыю не парушаць.

Новаспечанага пенсіянера хіба што на закінутай сажалцы ўбачыць цяпер выпадковы прахожы. І паспачувае шчыра. Зашмальцаваныя трэнікі. Стары капялюшык ад сонца. Вуда. Некалькі карасікаў боўтаюцца ў вядры. Гэта – на вячэру. А куды падзецца? Пераемнік, якога сам жа і вылучыў, паабяцаў ва ўсім захаваць ягоны курс. І пенсію прызначыў адпаведную. Першай асобы дзяржавы. Як у Шушкевіча. Традыцыя!

Гэткія, а можа, іншыя апакаліптычныя відовішчы ўсхвалявалі журналістаў пасля таго злашчаснага інтэрв’ю. І яны паспяшаліся да вядомых людзей, набліжаных калісьці да найвышэйшай асобы. Каб пачуць іх меркаванне наконт вышэйзгаданага выказвання правіцеля. Няўжо насамрэч ён пакіне Дразды?

Аднак усе адказы на гэта пытанне адрозніваліся не надта. Нікуды ён не сыдзе. Проста выбары ўжо амаль на парадку дня. Пяты тэрмін – не жарты. А таму трэба агаломшыць электарат нечаканай заявай. Каб па ўсёй краіне загаласілі бабулькі – а як жа мы без яго? І тады можна пагадзіцца. А як жа – народ просіць!

Даўно вядомы фокус. Выкарыстоўваўся не аднойчы. І ў сентыментальнай размове з расійскім тэлежурналістам куды больш істотным было выказванне наконт таго месца, якое патэнцыйны пенсіянер сам сабе вызначыў. “А что касается последнего диктатора Европы, так я журналистам часто говорю: радуйтесь, последний ведь. Сталин ушёл давно, другие поуходили, а я последним ведь ухожу… В вашу историю, в вашу жизнь это войдет как отдельная страница”.

Якія амбіцыі, аднак! Страшэнна хочацца у гісторыю. Што ж, магчыма, і напіша хтосьці гісторыю цяжкой хваробы, якую перажыла краіна за гэтыя два дзесяцігоддзі. Напэўна ж, і яму там знойдзецца месца.

А ціхі куточак будучы пенсіянер сабе ўжо вызначыў. Даўно, яшчэ ў 1994 годзе. Гэта не шэсць сотак дзе-небудзь на Магілёўшчыне. І не сажалка з карасямі. Гэта – уся Беларусь. А чым тут займацца – вудзіць рыбу ці кіраваць – ён вызначыць сам. І ўвогуле, не варта за яго хвалявацца. Патэнцыйны пенсіянер яшчэ сябе пакажа.

Набліжаюцца выбары. І хутка пачуецца зноў старая “песня о главном”. Пра тое, што каней на пераправе не мяняюць. Тым болей, што пераправа тая доўжыцца ўжо дваццаць год запар. І берага пакуль што не відаць.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках