19 красавiка 2024, Пятніца, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іларыёнаў: Пастанова аб асаблівым статусе Данбаса - стратэгічная памылка

33
Іларыёнаў: Пастанова аб асаблівым статусе Данбаса - стратэгічная памылка

Спроба змякчыць Пуціна адтэрміноўкай уваходжання ў дзеянне Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ памылковая.

Аб гэтым сказаў у інтэрв'ю выданню "ГОРДОН" былы дарадца Уладзіміра Пуціна, эканаміст Андрэй Іларыёнаў.

"Ва ўсіх сваіх дзеяннях папярэдніх 15 гадоў і, тым больш, на працягу апошняга года з лішнім вайны супраць Украіны Пуцін паказаў, што адзіная мова, якую ён разумее, - гэта мова рэальнага супраціву. Спроба ўлагодзіць яго прыводзіць да таго, што апетыты толькі ўзрастаюць. Таму, калі хтосьці прымае гэтыя дзеянні, зыходзячы менавіта з такіх меркаванняў, гэта вельмі сур'ёзная, глыбокая памылка, якая зыходзіць з фатальнага неразумення яго адносін, яго пазіцыі", - сказаў экспэрт.

На думку Іларыёнава, нескладана ўбачыць, што затрымка з ратыфікацыяй, з увядзеннем у дзеянне Пагаднення аб асацыяцыі прадстаўленая ў Расеі як татальная перамога Пуціна, як абсалютна правільныя дзеянні, як пацверджанне правільнасці яго стратэгіі на працягу ўсяго гэтага года.

"Больш за тое, гэта прадстаўлена ў якасці глыбокай памылкі з боку Украіны, якая заплаціла каласальнымі ахвярамі і ў Кіеве, і на поўдні, і на ўсходзе сваёй краіны за тое, каб вярнуцца да тых патрабаванняў, якія вылучаў Пуцін з самага пачатку", - лічыць экспэрт.

"Мне здаецца, у гэтым выпадку важная і прынцыповая памылка, якая здзяйсняецца, і ў не меншай ступені сімвалічная памылка - дэманстрацыя таго, што намаганні ўкраінскага грамадства і ўкраінскіх уладаў, украінскага народа на працягу ўжо амаль года аказваюцца марнымі. Гэта тое, чаго можна было пазбегнуць, трэба было пазбегнуць, і чаго рабіць не было ніякай неабходнасці", - сказаў Іларыёнаў.

"Што ж тычыцца прыняцця пастаноў аб асаблівым статусе асобных рэгіёнаў на ўсходзе Украіны, мне здаецца, гэта праблема значна больш сур'ёзная, чым нават затрымка ў прыняцці пастановы аб Асацыяцыі з Еўразвязам, бо гэта структурная пастанова, якая будзе практычна гарантавана мець найцяжэйшыя наступствы для дзяржаўнасці Украіны на працяглую перспектыву. Гэта, па-мойму, стратэгічная памылка ўкраінскага кіраўніцтва", - мяркуе ён.

На думку Іларыёнава, пад пагадненнем, якое было складзена ў Менску, стаяць подпісы Украіны і Расеі, але няма подпісу нават Еўразвязу, не тое, што ЗША. Гэта азначае, што Расея будзе выкарыстоўваць законапраект для таго, каб выкручваць Украіне рукі.

"Гэты дакумент у далейшым будзе выкарыстаны для таго, каб узмацняць, развіваць, і легітымізаваць гэты наватвор на ўсходзе Украіны. Легітымізаваць тэрарыстаў, злачынцаў, тых, хто забіваў украінскіх патрыётаў. Па сутнасці справы, гэта легітымізацыя злачынных арганізацый, тэрарыстычных арганізацый на ўкраінскай зямлі. Той, хто думае, што можна абысціся малой крывёй, нейкімі адмысловымі статутамі, не разумее ні прыроды расейскага рэжыму, ні тых магчымасцяў, якія такога роду закон дае і гэтым тэрарыстычным установам, і расейскаму рэжыму для нанясення доўгачасовай, структурнай, стратэгічнай шкоды ўкраінскай дзяржаўнасці і ўкраінскаму выбару, свабоднаму выбару, якім бы ён ні быў", - мяркуе Іларыёнаў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках