26 красавiка 2024, Пятніца, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Ці не стане візіт у ЗША астатнім для прэм'ера Мясніковіча?

4
Раман Якаўлеўскі: Ці не стане візіт у ЗША астатнім для прэм'ера Мясніковіча?

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч ляціць у ЗША.

Ён возьме ўдзел у I Беларуска-амерыканскім інвестыцыйным форуме, правядзенне якога прызначана ў Нью-Ёрку на 22 верасня. Як падкрэслілі ў прэс-службе ўрада, форум закліканы стаць адкрытай пляцоўкай, на якой беларускія ўлады і патэнцыйныя прыватныя інвестары здолеюць абмеркаваць актуальныя пытанні беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва.

Аб мэтах і перспектывах заакіянскага ваяжу беларускага прэм'ера ў інтэрв'ю «Беларускай праўдзе» разважае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

- Нягледзячы на амерыканскія санкцыі ў дачыненні да групы беларускіх чыноўнікаў і шэрагу прадпрыемстваў, у ЗША едзе кіраўнік урада Беларусі з дэлегацыяй. Што змянілася ў дзвюхстаронніх стасунках, каб у ЗША апынуўся такога высокага рангу чыноўнік з Менска?

- Ну, па-першае, кіраўнік урада ніколі не быў у ліку групы чыноўнікаў, на якіх распаўсюджваюцца гэтыя санкцыі. І яму ніхто не можа перашкодзіць наведаць тую ці іншую краіну, калі запрашаюць. А ўжо без дазволу свайго правадыра дзяржавы прэм'ер-міністр Беларусі ўжо сапраўды нікуды ў свеце не можа ездзіць. Такая палітычная сістэма ў Беларусі.

Вядома, будучы візіт Мясніковіча - сігнал нейкіх змен у цяперашніх беларуска-амерыканскіх стасунках, якія павінны адчуць абедзве стараны. Але што прывязе прэм'ер з-за акіяна, нават прагназаваць - няўдзячная справа. Бо гэткія справы з залучэннем заходніх інвестыцый заўсёды раней пачыналіся бадзёра, а ў выніку па-ранейшаму заставаўся інвестыцыйны голад.

- Але ж не заўсёды такія форумы на Захадзе былі з удзелам кіраўніка ўрада. Можа, цяперашні гэткі высокі ўзровень здолее ўсё ж прынесці рэальныя пазітыўныя вынікі?

- Нагадаю, што гэта не першы міжнародны інвестыцыйны форум з удзелам беларускага прэм'ера. Так, ва ўжо далёкім 2008 годзе ў Лондане прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі ўзначальваў дэлегацыю Беларусі на першым Беларускім інвестыцыйным форуме. У складзе беларускай дэлегацыі былі намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў, міністр фінансаў Андрэй Харкавец, намеснік старшыні ўправы Нацыянальнага банка Віктар Мацюшэўскі. Дзе яны ўсе сёння з рэальнымі інвестыцыямі? Праўда, Кабякоў ужо працуе кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі, якая фактычна кіруе ўрадам, і нікуды на Захад не ездзіць. А вынікам палявання на інвестыцыі таго беларускага дэсанту, з чутак, стала з'яўленне ў Менску дарагога аўто маркі «Бэнтлі» з невядомым уладальнікам. Якія новыя цацкі з'явяцца пасля першага, але ўжо ў ЗША, інвестыцыйнага форуму, час пакажа.

- Шмат якія чыноўнікі кажуць, што вялікія надзеі ўскладаюцца на досвед і вядомасць Мясніковіча, які плануе правесці падчас форуму важныя сустрэчы на розных узроўнях. Ці апраўданы такі аптымізм?

- Мабыць, ён грунтуецца на тым, што Мясніковіч ужо наведваў ЗША ў якасці прэзідэнта. Але не краіны, вядома, а Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тады, у чэрвені 2003 года візіт за акіян такога прэзідэнта быў чамусьці засакрэчаны.

Прычым назіралася відавочная ўзгодненасць у захаванні таямніцы аб выправе Мясніковіча як з беларускай, так і з амерыканскай стараны. Начальнік управы інфармацыі і прэс-сакратар беларускага МЗС заявіў, што ён "нічога пра гэта не ведае". Гэта пры тым, як адзначалася ў некаторых СМІ, што аб выправах чыноўнікаў такога рангу, пагатоў у такую краіну як ЗША, МЗС паведамляе адразу ж, а дзяржаўныя СМІ звоняць пра важнасць візіту, яго мэты і да г.п.

А ў пасольстве ЗША ў Менску тады наогул адмовіліся ад камэнтароў. А сакратар ваяжораў растлумачыў, што шэф ездзіў наладжваць "перспектыўны звяз" з вядучымі навуковымі цэнтрамі ЗША і чытаў лекцыі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. Калі б гэта было так, то зусім недарэчы было б ахутваць паездку таямніцай. Таму ўзніклі версіі, падазрэнні.

Адзначалася, што візіт акадэмічнага прэзідэнта з Менска ў ЗША прыпаў на сур'ёзны псіхалагічны ціск Крамля на прэзідэнта Лукашэнку з нагоды пераходу дзвюх краін на адзіную валюту. Таму некаторыя назіральнікі жартам параўноўвалі місію Мясніковіча з місіяй падначаленага Гімлера генерала Карла Вольфа, які ў канцы вайны вёў сепаратныя перамовы з Аленам Далесам. Магчыма, менавіта такую рэакцыю ў Крамлі тады спадзяваліся (і яшчэ цяпер спадзяюцца) выклікаць тыя, хто накіраваў прэзідэнта-акадэміка ў Вашынгтон. Дакладней было б сказаць не "тыя, хто", а "той, хто".

- Дык што, Мясніковіч зноў з такой магчымай роляй едзе за акіян?

- Зусім выключаць нельга, што ў Мясніковіча цяпер могуць быць нейкія непублічныя задачы і суразмоўцы. Але сёння ўжо ўзнікаюць і іншыя аналогіі. Першы Беларускі інвестыцыйны форум у Лондане стаў астатнім для прэм'ера Сідорскага. Ці стане такім будучы форум для Мясніковіча на пасадзе прэм'ера - пытанне цікавае.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках