28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сікорскі: Закон аб асаблівым статусе Данбаса - адступленне перад Масквой

4
Сікорскі: Закон аб асаблівым статусе Данбаса - адступленне перад Масквой

Еўразвяз і Украіна паддаліся расейскаму аргументу сілы, заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Адтэрміноўка імплементацыі Пагаднення аб асацыяцыі паміж ЕЗ і Украінай - гэта адступленне Еўразвяза, а прыняцце закона аб «асаблівым статусе» Данбаса - крок назад для Кіева.

Пра гэта падчас адкрыцця новага будынка польскага консульства ў Лондане заявіў міністр замежных спраў Польшча Радаслаў Сікорскі, паведамляе Polskie Radio.

Адказваючы на просьбу журналістаў пракаментаваць сітуацыю ва Украіне, Сікорскі адзначыў, што Еўропа і Украіна адступілі перад націскам Расеі, піша gordonua.com.

«Відавочна, Кіеў здаўся, таму што хацеў вярнуць абодва рэгіёны, на што меў права, аднак не змог гэтага зрабіць праз расейскае ўварванне. Адступіў таксама і Еўразвяз, паколькі яшчэ некалькі месяцаў таму там сцвярджалі, што пытанне Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай мае двухбаковы характар. Аргумент сілы бывае эфектыўным ў міжнародных стасунках, і гэта з'яўляецца падставай для боязі», - сказаў кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства.

Ён падкрэсліў, што адтэрміноўка зоны свабоднага гандлю не дае украінскаму ўраду права зацягваць з рэформамі. На ягоную думку, Украіна павінна прыкласці ўсе намаганні для павышэння канкурэнтаздольнасці сваёй эканомікі.

16 верасня украінскі парламент прыняў закон аб адмысловым статусе для Данбаса і закон аб амністыі для баявікоў. Згодна з дакументам «асаблівы парадак самакіравання» ўсталёўваецца на тры гады з часу прыняцця закона. Пазачарговыя мясцовыя выбары прызначаюцца на 7 снежня 2014 года, забараняецца датэрмінова спыняць паўнамоцтвы выбраных дэпутатаў. Сродкі на правядзенне выбараў будуць выдзелены з рэзервовых фондаў дзяржбюджэту.

Сустрэча ў Брусэлі 12 верасня завяршылася пастановай адкласці пачатак дзеяння паглыбленай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і Еўразвязам на год.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках