2 траўня 2024, Чацвер, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аркадзій Бабчанка: Уся падтрымка вайны ў Маскве - дзвесце чалавек. Гэта калі без грошай

26
Аркадзій Бабчанка: Уся падтрымка вайны ў Маскве - дзвесце чалавек. Гэта калі без грошай

Няма ніякіх васьмідзесяці чатырох адсоткаў. Няма і ніколі не было.

Пра гэта піша ў нататцы ў сваім блогу на сайце радыёстанцыі "ЭхоМосквы" журналіст Аркадзій Бабчанка. Падаем ягоны тэкст цалкам:

- На Марш учора я ехаў абсалютна абыякава. Зразумела было, што людзей прыйдзе шмат, зразумела было, што ніякіх разгонаў не будзе, зразумела было, што будуць нейкія правакацыі, але з велізарным натоўпам спрачацца складана, таму нічога дрэннага я не чакаў. У адрозненне ад шмат якіх сваіх знаёмых, дарэчы, якія рэальна асцерагаліся сур'ёзных сутыкненняў.

Але калі выйшаў з мэтро, падумаў, што не, не дарма я ўсё ж прыехаў. Перад рамкамі стаяла тысячы дзве-тры чалавек, рамкі з другога боку бульвара наогул былі перацятыя. Штосьці неяк мала людзей, думаю. У такім выпадку мой "плюс адзін" і напраўду важны.

На Пушцы стаялі нейкія ДНРаўцы. Са сцягамі, з георгіеўскімі стужачкамі, некаторыя ў камуфляжы. Было іх чалавек сто. Паводзілі сябе цалкам спакойна. Ну, тры тысячы ўсё ж таксама натоўп. Тут таксама нічога такоўскага не зробіш. Хоць былі там і выяўныя цітушкі - фанаты, відаць.

Прайшоў праз рамкі.

- Няшмат неяк людзей, - кажу.

- Ды ты чаго, - адказваюць. - Усе ўжо сышлі.

Выявілася, гэта ўжо самы самы хвост. Але і гэты самы самы хвост яшчэ гадзіну пасля мяне заходзіў праз рамкі - новыя ўдзельнікі ўсё падыходзілі і падыходзілі.

Упершыню гэтым разам колькасць людзей мяне зусім не цікавіла. Калі мінулыя разы гэта было і сапраўды неяк важна, то цяпер - абсалютна ўсё адно. Не ведаю, колькі нас было. Дваццаць тысяч. Трыццаць. Пяцьдзесят. Зусім не важна.

Нас было да халеры, сябры мае. І гэтага дастаткова.

Гэты марш быў наогул пра іншае.

Што да ўнукаў Гёбэльса...

Дарагія патупчыкі! Дарагія ўсякія там кургіняны, праханавы, народныя франты ды іншыя пенавытворцы.

Скажыце, ну скажыце мне, чаму вы такія крыварукія? Чаму вы не ў змозе арганізаваць амаль нічога? Чаму вы прымудрыліся змарнаваць і распілаваць нават інквізіцыю, якую вам даручылі зладзіць?

Ну відавочна ж, што ўчора вы хацелі паўтарыць праходжанне палонных у Данецку. Правесці быццам калону здраднікаў па вуліцах. Якіх абурана сустракае расейскі народ. Эфэктна так усё зрыхтаваць. На пары дамоў вывесілі пару ДНРаўскіх сцягоў, на скрыжаваннях расставілі сваіх шаленцаў з плакатамі і стужачкамі, а пасля маршу нават праехалі на палівальнай машыне з георгіеўскай стужкай.

Але паколькі вы ідыёты - вы ўчора менавіта так і глядзеліся.

Толькі ўявіце, як гэта выглядала з боку: на скрыжаваннях купкамі стаяць маргіналы чалавек па дзесяць, крычаць нешта пра здраднікаў, пра расейскі свет і лібэральную хунту, а паўз іх бясконцай плынню дзве з паловай гадзіны (!) цячэ і цячэ рака людзей. Якія вас проста не заўважаюць.

Бачылі б свае твары ў гэты момант...

Усё, на што розуму стала - з-за спін міліцыі крычаць абразы.

Асабліва парадавалі дзве цётачкі з плакатам "расейскі народ патрабуе рэпрэсій у дачыненні да нацыянал-здраднікаў". Дзве цёткі. Расейскі народ. Рэпрэсій яны патрабуюць.

Уся падтрымка вайны ў Маскве - дзвесце чалавек. Гэта калі без грошай.

Калі з грашыма, самы масавы мітынг у падтрымку ДНР сабраў - та-да-да-дам! - аж цэлых дзве тысячы.

Няма ніякіх васьмідзесяці чатырох адсоткаў. Няма і ніколі не было.

Ну і візуалізацыя маёй думкі.

На першай фатаграфіі - лібэральныя нацыянал-здраднікі, сябры хунты і наогул здраднікі Радзімы ў колькасці тысяч так прыкладна пяцідзесяці.

На другой - Расейскі Свет, Усе Восемдзесят чатыры адсоткі.

Дзякуй за ўвагу.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках