Яцанюк: Украіна выканае ўсе абавязанні ў пастаўках газу ў Еўропу
3- 23.09.2014, 11:49
- 5,864
Украіна - гэта моцны, надзейны партнёр ў транзіце газу ў Еўропу.
Пра гэта на 12-м пасяджэнні Рады міністраў Энэргетычнай супольнасці паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк, паведамляе УНН.
«Украіна - гэта моцны, надзейны партнёр ў транзіце газу ў Еўропу. Мы будзем забяспечваць транзіт. У сувязі з гэтым мы заклікаем нашых еўрапейскіх партнёраў наладжваць стасункі з украінскімі газавымі кампаніямі, якія займаюцца транзітам газу», - сказаў чыноўнік.
На думку Яцанюка, вельмі важна дамагчыся празрыстасці на рынку энэрганосьбітаў, каб «газ не выкарыстоўваўся як зброя».
16 чэрвеня Расея цалкам спыніла пастаўкі газу ва Украіну, патрабуючы пагасіць $1,45 млрд за пастаўлены ў 2013 годзе газ. Кіеў адмаўляецца плаціць Крамлю $485,5 за тысячу кубаметраў і мяркуе, што «справядлівы кошт» на газ - $268. «Газпрам» і «Нафтагаз» падалі адзін аднаму пазовы ў Стакгольмскі арбітраж. 29 жніўня Расея прапанавала Украіне купляць газ коштам $385 за тысячу кубаметраў з улікам зніжкі ў $100.
Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк раней заявіў, што Украіна зможа стаць незалежнай ад паставак расейскага газу прыкладна праз 5 гадоў.
Міністэрства энергетыкі Расеі прапанавала правесці новыя газавыя перамовы паміж РФ, Украінай і Еўрапейскім звязам 26 верасня.