Праваабаронцы: У Беларусі захоўваецца рабская праца і доўжацца рэпрэсіі
11- 25.09.2014, 13:46
- 14,801
Алесь Бяляцкі і ПЦ «Вясна» прэзентавалі ў Варшаве Даклад аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
У рамках канферэнцыі АБСЕ аб чалавечым вымярэнні, якая праходзіць у сталіцы Польшчы, кіраўнікі праваабарончай арганізацыі «Вясна» - старшыня цэнтра, былы палітвязень Алесь Бяляцкі і віцэ-старшыня Валянцін Стэфановіч, а таксама каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда – прэзентавалі ў Варшаве 24 верасня агляд сітуацыі аб правах чалавека ў Беларусі.
Сустрэча «Пераканаўчыя парушэнні палітычных, эканамічных і сацыяльных правоў у Беларусі» была арганізаваная Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека і праваабарончым цэнтрам «Вясна», паведамляе карэспандэнт charter97.org.
«У сувязі з сітуацыяй ва Украіне, а таксама з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Расеі, мы мяркуем, што Беларусі надаецца ўсё менш увагі», - кажуць праваабаронцы.
На панэльнай дыскусіі былі закранутыя праблемы прэвентыўных затрыманняў актывістаў, парушэнні працоўных правоў і прымусовую працу ў Беларусі, а таксама была закранутая тэма смяротнага пакарання. Валянцін Стэфановіч выступіў з прэзентацыяй дакладаў «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі» і «Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі». Ён мяркуе, што ніякіх сістэмных зменаў да лепшага ў краіне няма, палітычная сітуацыя замарожаная, а сітуацыя са СМІ нават пагаршаецца.
«Разам з праблемай крымінальнага пераследу апанентаў рэжыму, прэвентыўныя затрыманні з'яўляюцца аналагічнай праблемай і праводзяцца выключна грунтуючыся на прыналежнасці затрыманага да той ці іншай апазіцыйнай структуры. Прэвентыўныя затрыманні - адрасныя, міліцыя без сумненняў ведае тых, каго затрымлівае. Напрыклад, мы сутыкнуліся з імі ў перыяд падрыхтоўкі да ЧС у хакеі і падчас яго правядзення. Прэвентыўныя зазналі не толькі прадстаўнікі апазіцыйных груп, але і была праведзена кампанія «ачысткі» горада ад так званых асацыяльных элементаў і прастытутак.
Упершыню прэвентыўныя затрыманні былі ўжытыя ўладамі напярэдадні выбараў актывістаў апазіцыйных штабоў перад выбарамі 2006 года, тады было затрымана 236 актывістаў. Для такіх затрыманняў адсутнічаюць усялякія падставы і затрыманым не надаецца прававая дапамога, а таксама не паведамляецца ніякая інфармацыя аб іх затрыманні родным. У аснову спраў кладуцца выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі», - сказаў ён.
Таксама праваабаронцы распавялі пра праблему прымусовай працы і кантрактнай сістэмы як ціску на кожнага чалавека ў краіне. Паводле іх інфармацыі, у кожнай беларускай сям'і ёсць хаця б адзін чалавек, які сутыкаўся з праблемай прымусовай працы, а таксама праблемай непадаўжэння кароткатэрміновых працоўных кантрактаў у выпадку ўсялякіх праблем, звязаных з дэманстрацыяй ўсялякай формы пратэсту, а таксама за сувязь з усялякай апазіцыйнай структурай. Таксама зазнаюць ціск і сваякі наёмных працоўных: муж і жонка гублялі працу, а дзеці не маглі прадаўжаць вучобу.
Былі пададзеныя прыклады такіх формаў прымусовай працы як суботнікі, размеркаванне студэнтаў, праца так званых «абавязаных асобаў» і асоб, якія знаходзяцца ў ЛПП.
«Смяротнае пакаранне знаходзіцца пад вельмі сур'ёзнай завесай сакрэтнасці, а дзяржава кожны год расстрэльвае сваіх грамадзян у самым цэнтры Менска, у турме на Валадарскага. Мы мяркуе, што за перыяд суверэнітэту Беларусі было расстраляна блізу 400 чалавек, аднак дакладна сказаць нельга праз сакрэтнасць», - кажа Андрэй Палуда.
Алесь Бяляцкі распавёў, што даклады былі падрыхтаваныя пакуль ён сядзеў у турме, і расказаў, што пытанне прымусовай працы закранула і яго асабіста ў турме.
«Мой заробак у траўні за шасцідзённы працоўны тыдзень па 7 гадзін у дзень склаў $3,5, з якіх $2,5 былі пералічаныя на рахунак турмы за ацяпленне, ваду і гэтак далей. Пры такім жабрацкім заробку, напрыклад, абавязаныя асобы, маюць запазычанасць, якая ўсё расце, а маючы гэткую запазычанасць яны не трапляюць пад амністыю. Атрымліваецца кругазварот, бязвыхадная сітуацыя», - кажа ён.
Алесь Бяляцкі параўноўвае рэжым Лукашэнкі са стрэльбай, якая вісіць на сцяне і ў кожны момант можа стрэліць, і нагадвае сітуацыю з выбарамі 2010 года, калі перад імі таксама была нейкая «адліга» ў стасунках з Захадам, як цяпер. Ён мяркуе, што смяротнае пакаранне з'яўляецца «галоўным маркерам гуманнасці дзяржавы», думаю, што патрабаванне аб вызваленні палітвязняў павінна заставацца абавязковай умовай для беларускага рэжыму з боку міжнароднай супольнасці, а прэвентыўныя затрыманні перад ЧС у хакеі - вельмі трывожны сігнал напярэдадні 2015 года.
«Сітуацыя з Украінай вельмі негатыўна адбіваецца на сітуацыі вакол Беларусі, і нам важна далей бараніць правы чалавека ў Беларусі», - кажа ён.
Нагадаем, канферэнцыя АБСЕ аб чалавечым вымярэнні праходзіць у Варшаве з 22 верасня да 3 кастрычніка.