6 траўня 2024, панядзелак, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марцін Лідэгард: Палова майго сэрца належыць Беларусі, палова - Украіне

4
Марцін Лідэгард: Палова майго сэрца належыць Беларусі, палова - Украіне

Кіраўнік МЗС Даніі сустрэўся з беларускімі ды ўкраінскімі незалежнымі журналістамі.

На сустрэчы, якая адбылася ў Міністэрстве замежных спраў Даніі 26 верасня, абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі ды Украіне ў новай сітуацыі вайсковай агрэсіі з боку Расеі.

Аб сітуацыі ў Беларусі распавялі галоўная рэдактарка ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна і кіраўніца арганізацыі Belarus in Focus Юлія Слуцкая. Аб сітуацыі ва Украіне - галоўны рэдактар ​​агенцтва «Навіны Данбаса» Аляксей Мацука.

Галоўная рэдактарка ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна адзначыла, што сёння ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны Беларусь стала «перамоўнай пляцоўкай» для канфліктных бакоў, дыктатар Лукашэнка раптам стаў «міратворцам», а праз нашую краіну ў Расею плынямі шунулі еўрапейскія тавары ў абыход санкцый.

«На 20 годзе дыктатуры для Лукашэнкі наступіў ягоны «зорны час»: ён атрымаў такое патрэбнае для ягонай закамплексаванай асобы міжнароднае прызнанне, а таксама атрымлівае велізарныя прыбыткі ад кантрабанды.

Мы заклікаем вас не забываць што:

- Беларусь - гэта палітвязні ў турмах, якія зазнаюць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Як былая палітзняволеная сведчу: турмы ў Беларусі практычна не змяніліся з часоў Сталіна. Многія палітвязні знаходзяцца ў турме ўжо 4 гады і няма ўпэўненасці, што яны выйдуць адтуль жывымі.

- Беларусь - гэта выкраданні і забойствы нязгодных ды іншадумцаў. У верасні гэтага года споўнілася 15 гадоў, як былі выкрадзеныя лідэры беларускай апазіцыі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Улады закрываюць справы аб іх выкраданні, хоць Рада Еўропы прызнала, што гэтых людзей забівалі на загад бліжэйшага атачэння Лукашэнкі.

Адзначу, што заснавальнік сайта charter97.org быў таксама забіты 4 гады таму, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

- Беларусь - гэта знішчэнне ўсіх свабод і правоў грамадзян. Падкантрольны «парламент», падкантрольны суд, адсутнасць свабоды слова, поўны кантроль над грамадствам з боку КДБ і іншых спецслужбаў.

- Беларусь - гэта жорсткі таталітарны рэжым. Лукашэнка - нелегітымны прэзідэнт, які ўтрымлівае ўладу ўзброеным шляхам.

У парламенце Даніі я пачула фразу «У Даніі не бывае рэвалюцый, таму што тут заўсёды ідуць дажджы». У Беларусі таксама надвор'е не самае лепшая, але 10-мільённы народ сёння апынуўся ў закладніках у жорсткага і надзвычайнага хітрага тырана. І гэта ён спарадзіў дыктатуру Пуціна.

Сёння нам патрэбная салідарнасць з усяго свету. Патрэбная дакладная і зразумелая стратэгія ў дачыненні да Беларусі - санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і рэальная падтрымка дэмакратычных сіл і незалежных медыя.

Тыя нешматлікія беларускія незалежныя медыі, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, знаходзяцца на мяжы выжывання. Дапамажыце нам. Данія ведае, што такое жыць пад фашысцкай акупацыяй і наколькі важныя ў гэтай сітуацыі хаўруснікі», - сказала Наталля Радзіна.

Юлія Слуцкая ў сваім выступе адзначыла, што расейска-ўкраінскі крызіс прадэманстраваў ролю і значэнне беларускіх незалежных медыяў.

«Увесь гэты час беларусы знаходзіліся пад уздзеяннем расейскай прапаганды праз расейскія тэлеканалы, якія вольна распаўсюджваюцца ў Беларусі. Беларускія дзяржаўныя медыя баяліся заняць якую-небудзь пазіцыю.

Тым не менш, апошнія сацыялагічныя даследаванні паказалі, што 30% беларусаў не ўважаюць украінцаў за «фашыстаў» і «бандэраўцаў», і разумеюць, што вайсковыя дзеянні ў Данбасе падтрымліваюцца Расеяй. Гэтая заслуга незалежных медыяў. Толькі дзякуючы ім, беларусы ведаюць сёння, што ў краіне ёсць палітычныя зняволеныя, парушаюцца правы чалавека, ведаюць што ёсць краіны-суседзі, якія пайшлі шляхам дэмакратычных рэформаў і дасягнулі значных поспехаў.

Дазволю сабе нагадаць, што беларускія незалежныя мэдыі не маюць сёння магчымасці свабодна распаўсюджвацца, дзяржава захоўвае манаполію на распаўсюд і друк. Не маюць магчымасці паўнавартасна збіраць рэкламу і развівацца.

У новай замежнапалітычнай сітуацыі вайны Расеі з Украінай, калі цэнтр перамоваў аб мірным урэгулявання перамясціўся ў Менск, і Лукашэнка выступае ў ролі міратворцы, шмат што залежыць ад вашай еўрапейскай цвёрдай і прынцыповай пазіцыі.

Лукашэнка напалоханы пагрозай з боку Расеі, якая стала абсалютна рэальнай, напалоханы уласным электаратам, які, пад уздзеяннем расейскай прапаганды, не гатовы ў большасці сваёй бараніць незалежнасць краіны.

Лукашэнка мае патрэбу ў еўрапейскіх грашах для паслаблення залежнасці ад Расеі.

Мы, журналісты, навучаныя 20-гадовым досведам, не надта верым, што Лукашэнка здольны змяняцца і рухацца ў бок дэмакратычных рэформаў. Але разумеем, што гэтую новую сітуацыю трэба выкарыстоўваць. У гэтых новых умовах заклікаю вас памятаць старыя ўрокі. Усімі вам даступнымі спосабамі трэба дамагацца вызвалення палітычных зняволеных і схіляць яго да рэформаў. Ад вашай салідарнасці і цвёрдай пазіцыі залежыць сёння лёс не толькі Украіны, але і Беларусі, усёй дэмакратычнай Еўропы», - сказала Юлія Слуцкая.

Галоўны рэдактар ​​агенцтва «Навіны Данбаса» Аляксей Мацука заклікаў еўрапейскіх палітыкаў захоўваць цвёрдасць і прынцыповасць і працягваць санкцыі супраць Расеі.

«Яшчэ ў красавіку мы сутыкнуліся ў Данецку з ўзброенымі сепаратыстамі. На мяне было ўчынена некалькі замахаў. Сёння мы ўжо не можам працаваць у Данецку. З 15 данецкіх газет больш не працуе ніводная. Усе тэлеканалы акупаваныя сепаратыстамі. Яны стварылі свой ​​ідэальны «расейскі свет», які нават горшы за цяперашні беларускі - ён савецкі. У іх нават карны орган называецца НКВД. Сёння трэба даць адпор таму, што адбываецца. Але тут, у Даніі, напрыклад, не вельмі добра ведаюць, што адбываецца ва Украіне. Я заўважыў, што нават тут пусціла карані расейская прапаганда. Таму мы просім - не змякчаць сваёй пазіцыі, прадаўжаць санкцыі супраць Расеі», - сказаў Аляксей Мацука.

Кіраўнік МЗС Даніі Марцін Лідэгард у адказ адзначыў, што ўрад ягонай краіны прадоўжыць стратэгію падтрымкі дэмакратычных ініцыятыў у Беларусі і ва Украіне.

«Палова майго сэрца належыць Беларусі, палова - Украіне. Я перакананы, што свабодныя медыя - кісларод дэмакратыі, а прапаганда - поўная супрацьлегласць гэтаму», - сказаў міністр.

У мінулым міністр замежных спраў Даніі працаваў у моладзевай арганізацыі, якая спрабавала працаваць з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі, і зведаў на асабістым досведзе ўсе цяжкасці сітуацыі ў нашай краіне.

Фота: Arkivfoto

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках