4 траўня 2024, Субота, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея хоча весці ўлік прадукцыі, якая паступае ў Беларусь

41
Расея хоча весці ўлік прадукцыі, якая паступае ў Беларусь

Рассельгаснагляд прапануе разам весці ўлік прадукцыі, якая паступае ў Беларусь.

Рассельгаснагляд звярнуўся ва ўрад і Мінсельгасхарч Беларусі, а таксама ў ЕЭК з прапановай аб супольным фітасанітарным кантролі знешняй мяжы Мытнага саюза для ўліку прадукцыі, якая паступае ў Беларусь, гаворыцца ў паведамленні Рассельгаснагляду.

Расея з 7 жніўня на год абмежавала імпарт шэрагу тавараў з краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі - ЗША, дзяржаў ЕЗ, Канады, Аўстраліі і Нарвэгіі. У «санкцыйны спіс» патрапілі ялавічына, свініна, рыба, садавіна, гародніна, птушка, сыры і малочная прадукцыя, арэхі ды іншыя прадукты, піша БелаПАН.

У паведамленні Рассельгаснагляду адзначаецца, што з 11 жніўня да 24 верасня гэтага года такая прадукцыя выяўленая ў 88 выпадках пры спробах яе ўвозу ў Расею з тэрыторыі Беларусі.

«У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд звярнуўся ва ўрад Беларусі, беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і ў Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК) з прапановай аб арганізацыі супольнага каранціннага фітасанітарнага кантролю спецыялістамі Рассельгаснагляду і ЕЭК на знешняй мяжы Мытнага саюза для ўліку прадукцыі, якая паступае на тэрыторыю Беларусі» , - гаворыцца ў паведамленні расейскай установы.

Нагадаем, у мінулыя выхадныя Рассельгаснагляд заявіў, што садавіна-гародніная прадукцыя з краін ЕЗ, у дачыненні да якіх Расея ўвяла эмбарга, «прасочваецца» на расейскі рынак праз Беларусь.

«Кантроль прадукцыі вядзецца ў рамках праверак рынкаў, агароднінных баз, месцаў раздробнай рэалізацыі, а таксама на спецыяльна арганізаваных Рассельгаснаглядам фітасанітарных кантрольных пастах, на адміністрацыйнай мяжы паміж Расеяй і Беларуссю», - гаварылася ў паведамленні расейскай установы.

«На кантрольных пастах пасля ўвядзення Расеяй спецыяльных эканамічных захадаў Рассельгаснаглядам спынена больш за 80 спробаў незаконнага ўвозу расліннай прадукцыі краін Еўразвязу з тэрыторыі Беларусі. Такую прадукцыю найбольш часта спрабуюць правезці без фітасанітарнай дакументацыі, аднак экспэртыза ўпакоўкі часцяком дазваляе ўсталяваць яе паходжанне. Затрымліваецца і цалкам безаблічная прадукцыя, якая прыбывае і без дакументаў, і ў тары без якой-небудзь маркіроўкі. Выяўляюцца і выпадкі, калі прадукцыя трэціх краін суправаджаецца фітасанітарнымі сертыфікатамі, выдадзенымі службай каранціну і аховы раслін Беларусі, што сведчаць быццам бы прадукцыя мае беларускае паходжанне», - адзначае Рассельгаснагляд.

Разам з тым Федэральная мытная служба Расеі пасля захадаў у адказ на санкцыі Захаду пакуль не назірае вялікай колькасці выпадкаў рээкспарту ў РФ забароненай еўрапейскай сельгаспрадукцыі з Беларусі і Казахстана, заявіў журналістам 23 верасня кіраўнік ФМС Андрэй Бельянінаў.

«Пакуль гэта адзінкавыя выпадкі. Найбольш характэрныя парушэнні, гэта калі псэўдатранзіт», - сказаў кіраўнік ФМС Расеі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках